Залуззе – калыска даўгалецця

Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.
Амаль не засталося карэнных жыхароў у вёсцы Залуззе. Толькі ў нямногіх вокнах па вечарах загараецца святло. Тым не менш, у вёсцы ўсё яшчэ жывуць працавітыя, гасцінныя людзі, многія з якіх – доўгажыхары.

Марыя Буснюк нарадзілася 15 мая 1928 года ў вёсцы Панцюхі. У той час заходнія тэрыторыі Беларусі ўваходзілі ў склад Польшчы. Да вайны дзяўчынка паспела скончыць толькі чатыры класы школы ў Здзітаве. З гэтым часам у Марыі Пятроўны звязаны адзін з першых яркіх дзіцячых успамінаў. Чамусьці яна выразна запомніла, як іх настаўніца-полька мацавала на партрэт Юзафа Пілсудскага чорную стужку. Гэты польскі ваенны і палітычны дзеяч памёр 12 мая 1935 года, якраз напярэдадні 7-годдзя Марыйкі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны дзяўчынка дапамагала бацькам па гаспадарцы. Зрэшты, у тыя часы ленавацца не было магчымасці. Усе: і дарослыя, і дзеці – з раніцы да глыбокай ночы працавалі на зямлі, суседзі заўсёды дапамагалі адзін аднаму. Бацька Марыі Пятроўны быў удзельнікам яшчэ Першай сусветнай вайны, таму падчас Вялікай Айчыннай яго ўжо не прызывалі па ўзросце.
Жанчына ўспамінае, што яны, дзеці, вельмі баяліся выбухаў і часта хаваліся, калі недзе побач было неспакойна. Многія маладыя хлопцы з Панцюхаў не вярнуліся дахаты. На шчасце, бяда абышла бокам сям’ю Марыі Пятроўны: і бацькі, і абодва яе браты перажылі гэты страшны час.
Марыя Буснюк не прадоўжыла вучобу пасля вайны, а адразу ўладкавалася ў калгас. Спачатку была паляводам, а пасля – даяркай. Хоць строгага па-
дзелу працы тады не было: людзі рабілі ўсё тое, што было патрэбна.
У 1951 годзе Марыя Пятроўна выйшла замуж за Сяргея Васільевіча Буснюка і пераехала да яго ў Залуззе. Маладыя пабудавалі новы дом, у якім Марыя Пятроўна жыве і дагэтуль. Разам муж і жонка выгадавалі траіх дзяцей – Ніну, Надзею і Васіля.
Была ў іх і вялікая гаспадарка: каровы, свінні, куры і іншая жыўнасць, агарод. Дзіўна, але часу хапала і на працу ў калгасе, і на хатнія клопаты. Узімку і па вечарах Марыя Пятроўна шыла, ткала і вышывала. У тыя часы дастаць якую-небудзь рэч для дома было нялёгка. Таму нярэдка жанчыны, калі хацелі новы ручнік ці, скажам, дыван, рабілі іх сваімі рукамі.
У 1983 годзе Марыя Буснюк выйшла на пенсію, аднак і на заслужаным адпачынку не сядзіць без справы. Нават зараз, у 90-гадовым узросце, яна трымае невялікі агарод і некалькі курэй. Зразумела, па гаспадарцы дапамагаюць блізкія – у Марыі Пятроўны пяць унукаў і восем праўнукаў!
Жыццё ў Залуззі ціхае, але 15 мая ў гасцінным доме Марыі Буснюк было шумна і весела: сабраліся ўсе родзічы і сябры, каб павіншаваць аптымістычную і заўсёды актыўную жанчыну з 90-гадовым юбілеем.
Дарэчы, на другім канцы вёскі жыве Ніна НіканаўнаДземянчук, якая 17 мая адзначыла 95-годдзе! Жанчына таксама ўсё жыццё працавала ў калгасе і выхавала траіх дзяцей.
Напярэдадні святочных дзён Ніну Ніканаўну і Марыю Пятроўну павіншавала сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Жабінкаўскага ТЦСАН Алена Яльчык і падарыла жанчынам кветкі. Яна часта наведвае сваіх падапечных, дапамагае ім па гаспадарцы, прыносіць прадукты.
Цікава, у чым сакрэт доўгажыхароў Залуззя? Магчыма, тут нейкае асаблівае гаючае паветра. Ці праўду кажуць: праца падаўжае жыццё…
На здымках:  Марыя Буснюк з сацработнікам Аленай Яльчык; Ніна Дземянчук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.