Алёна НІКАНЧУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
З 15 сакавіка ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі дзейнічае чацвёртая зала, якая мае назву “Гісторыя развіцця Жабінкаўскага раёна”. Праца над ёй вялася на працягу трох гадоў. Аб чым яна распавядае наведвальнікам, аб якіх цікавых падзеях і фактах нашага краю, з якімі яго знакамітымі асобамі знаёміць? Пра ўсё гэта – у невялікай завочнай экскурсіі па новай зале музея.
Упершыню на тэрыторыі нашага краю чалавек з’явіўся яшчэ ў каменным веку, пра што сведчаць знойдзеныя каменныя сякеры і асколкі крэмневых прылад. Праз нашы землі прайшло мноства народаў: балты, готы, славяне, гуны, скіфы і многія іншыя. Тут пралягаў знакаміты бурштынавы шлях. Што ж паўплывала на тое, каб з’явілася наша Жабінка? Галоўны фактар – будаўніцтва чыгункі, дзякуючы якой горад пашыраўся і рос.
Цікавая гісторыя развіцця медыцыны на Жабінкаўшчыне, сваімі каранямі яна паглыбляецца ў далёкае мінулае. Архіўныя дадзеныя, што адносяцца да XVII-XVIII стагоддзяў, сведчаць аб манахах-лекарах, якія былі ў той час на нашых землях і маглі прафесійна аказваць медыцынскую дапамогу. Прыцягваюць увагу тыя факты, што ў 1843 годзе палкоўнік Іван Райскі – гаспадар Непакойчыцаў і Сцяброва – завяшчаў пабудаваць бальніцу для прыгонных сялян, якая ў хуткім часе з’явілася на беразе Мухаўца, а ў 1923 годзе ўрач Лясота адкрыў у Жабінцы адзіную ў акрузе прыватную лякарню. Далей можна даведацца, калі быў арганізаваны раённы аддзел аховы здароўя, калі адчыніла свае дзверы райбальніца і наколькі месцаў першапачаткова была разлічана, як ішло станаўленне і развіццё медыцыны на Жабінкаўшчыне ў пасляваенны час.
Цікавыя звесткі пра стварэнне на Жабінкаўшчыне калгасных гаспадарак: першапачаткова тут было дзесяць калгасаў і два саўгасы. У асноўным яны займаліся вырошчваннем злакавых культур і цукровых буракоў, а таксама кароў і свіней. Быў час, калі вялікае значэнне ў кіраванні сельскай гаспадаркай і калгасным будаўніцтвам мела дзейнасць машынна-трактарных станцый (МТС).
На Жабінкаўшчыне ў 1944 годзе была створана Сяхновіцкая МТС, пасля закрыцця станцыі ў яе будынку існавала школа, цяпер тут музей.
У экспазіцыі шмат увагі надаецца развіццю адукацыі ў нашым раёне. Тут размова ідзе пра будаўніцтва ў 1862 годзе першай школы ў Вялікіх Сяхновічах, з’яўленне сямігодак, перыяд навучання на польскай мове, стан адукацыі ў гады вайны і пасляваенны час, станаўленне і развіццё дашкольнага выхавання.
Здавалася, што пасля такой страшнай і жорсткай вайны, як Вялікая Айчынная, ужо нішто не зможа азмрочыць мірнае жыццё жыхароў раёна, аднак да нашых краёў падступіла чужая вайна – Афганская. З яе не вярнуліся нашы землякі Васіль Дудар, Мікалай Мароз і Валерый Мігель, яны да канца выканалі свой воінскі абавязак і засталіся ў нашай памяці мужнымі героямі. Ім прысвечана частка экспазіцыі.
Доўг Радзіме аддае і наша доблесная міліцыя. Яркімі яе прадстаўнікамі з’яўляюцца Аляксей Дзмітрук і Сяргей Ануфрыюк. Іх лёсы падобныя. За сваю палітычную дзейнасць неаднаразова арыштоўваліся польскай дэфензівай, пасля вызвалення Чырвонай Арміяй Заходняй Беларусі ў 1939 годзе працавалі ў Жабінкаўскім аддзеле міліцыі. У 1942-м гераічна загінулі ад рук нямецкіх захопнікаў.
Гісторыя раёна не будзе
поўнай, калі не расказаць пра развіццё прамысловасці. Тут размова ідзе пра цукровы, камбікормавы і торфабрыкетны заводы, іх стварэнне, вытворчасць, дасягненні.
Адна з частак экспазіцыі прысвечана гісторыі перыядычнага друку на Жабінкаўшчыне, раённай газеце “Сельская праўда”, а таксама развіццю культуры. Наша зямля ўзгадвала шмат талентаў, і нам ёсць чым ганарыцца. У раёне дзесяць калектываў, якія маюць высокае званне “народны”, сярод іх узорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”, вакальны ансамбль “Каларыт”, хор “Скарбніца”, тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і іншыя.
Багата і наша духоўная спадчына. У ліку ўнікальных помнікаў гісторыі і культуры – Свята-Мікіцкая царква ў Здзітаве, Свята-Мікалаеўская ў Вялікіх Сяхновічах, Свята-Міхайлаўская ў Сцяпанках, Свята-Уладзіміраўская ў Чыжэўшчыне і многія іншыя храмы нашага раёна. Своеасаблівай візітнай карткай Жабінкаўшчыны з’яўляецца Хмелеўскі манастыр, да яго з’язджаюцца паломнікі не толькі з Беларусі, але й з іншых краін. Яны едуць да святыняў манастыра, а яшчэ каб сустрэцца з айцом Серафімам.
Экспазіцыя расказвае таксама пра знакамітых людзей жабінкаўскага краю, якія адыгралі важную ролю ў яго жыцці і гісторыі. Іх працоўныя і баявыя подзвігі адлюстраваны ў кнізе Расціслава і Анатоля Бензерукоў “Сорак дарог”.
Зала багата на каштоўныя і рэдкія экспанаты. Сярод іх старажытная сякера-цясло, п’еса М. Горкага “На дне” 1903 года выдання, гандлёвыя вагі сістэмы Беранжэ, курыцельная трубка і аптэкарскі рэцэпт 30-х гадоў, польскія дакументы канца 20-х – пачатку 30-х гадоў, у прыватнасці, копія пасведчання аб продажы зямлі, заява ў калгас і працоўная кніжка калгасніка 50-х гадоў і многія іншыя экспанаты.
Зборам матэрыялаў займаліся ўсе супрацоўнікі музея. Задумкі пра тое, як будзе выглядаць экспазіцыя, яе мастацкае афармленне належаць галоўнаму захавальніку музейных фондаў Дзіяне Дубіне, тэматычная насычанасць экскурсіі – навуковаму супрацоўніку Мікалаю Юроўскіх.
Дырэктар раённага музея Жанна Падрубная выказвае словы ўдзячнасці за дапамогу ў стварэнні чацвёртай залы пісьменніку, гісторыку, журналісту Анатолю Бензеруку, галоўнай медыцынскай сястры райбальніцы Наталлі Спіцынай, намесніку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іне Тарасевіч, загадчыку раённага метадычнага кабінета Вользе Карпук, намесніку начальніка Жабінкаўскага РАУС Яўгену Самускевічу, намесніку начальніка Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Вадзіму Скачыкоўскаму, вядучаму спецыялісту ваенкамата Тамары Нікіцюк, былому загадчыку аддзела культуры райвыканкама Алегу Храмцову, воінам-афганцам Васілю Нарушу і Аляксандру Карнелюку, а таксама жыхарам Малых Сяхновічаў Уладзіміру Сяргееву, Васілю Зялевічу, Надзеі Раманюк, Алене Цыбулі, Ганне Марозька і ўсім жабінкаўцам, хто не застаўся ўбаку і прыняў удзел у зборы матэрыялаў і экспанатаў.
Але, як вядома, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў прачытаць або пачуць. Таму супрацоўнікі раённага гісторыка-краязнаўчага музея запрашаюць жабінкаўцаў і гасцей горада ў Малыя Сяхновічы наведаць новую залу ўстановы і пазнаёміцца з гісторыяй нашага краю, а таксама завітаць на святочнае мерапрыемства “Ноч музеяў”, якое адбудзецца сёння ўвечары.
На здымку: галоўны захавальнік фондаў музея Дзіяна ДУБІНА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%