Вакцынацыя – дзейсны спосаб не захварэць

Алёна НІКАНЧУК.

У рамках правядзення Еўрапейскага тыдня імунізацыі на базе раённай бальніцы адбылося пасяджэнне міжведамаснага круглага стала па пытаннях эпідэміялагічнай сітуацыі па захваральнасці на адзёр (корь) у Еўропе і нашай краіне, метадах прафілактыкі, праблемах падтрымання калектыўнага імунітэту. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі райЦГЭ, раённай бальніцы, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, турфірмы і хрысціянскіх цэркваў.

Адкрыла пасяджэнне круглага стала галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Жабінкаўскага раёна Надзея Шосцік, якая агучыла яго мэты і задачы. Надзея Палінараўна перадала слова спецыялісту райЦГЭ Таццяне Маркоўскай, якая каардынуе ў раёне работу па імунапрафілактыцы. Таццяна Пятроўна расказала пра эпідэміялагічную сітуацыю па адзёры ў Еўрапейскім рэгіёне і Беларусі. Так, за мінулы перыяд бягучага года найбольшая колькасць выпадкаў адзёру зарэгістравана ў наступных еўрапейскіх краінах: Сербіі, Грэцыі, Румыніі, Францыі і Італіі, сярод іх ёсць і смяротныя зыходы. Больш за 80 % з тых, хто захварэў, не былі раней прышчэпленыя, што абумовіла распаўсюджванне інфекцыі ў Еўрапейскім рэгіёне. Асноўнай прычынай нізкіх ахопаў прафілактычнымі прышчэпкамі супраць адзёру ў асобных краінах Еўропы паслужыў рост колькасці адмоў ад вакцынацыі, які пачаўся з 2010 года.
Ва Украіне працягваецца адна з самых буйных успышак гэтага захворвання. З пачатку года тут захварэлі на адзёр звыш 12 тысяч чалавек – больш за ўсё ў Івана-Франкоўскай, Закарпацкай, Адэскай, Львоўскай і Чарнавіцкай абласцях.
У Беларусі за мінулы перыяд бягучага года выпадкі адзёру зарэгістраваны ў Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай абласцях і ў Мінску. Што тычыцца Брэстчыны, то ў саквіку адзін выпадак захворвання зафіксаваны ў непрышчэпленага дзіцяці ў Ляхавіцкім раёне, якое прыехала з горада Ваўкавыска Гродзенскай вобласці, дзе назіраецца групавая захваральнасць на адзёр. Таксама ў красавіку зарэгістраваны выпадкі ў Маларыцкім раёне сярод непрышчэпленых дзяцей. Вірус сюды быў завезены з Украіны.
Аб галоўным мета-дзе прафілактыкі адзёру –
вакцынацыі, а таксама асаблівасцях працякання захворвання ў дзяцей гаварыла ўрач-педыятр Святлана Дзеружкова. Так, пры адзёры назіраецца высокая тэмпература, сып, слёзацячэнне, святлабоязь. Рэдка хвароба працякае без ускладненняў. У лепшым выпадку гэта можа быць запаленне лёгкіх, у горшым – паражэнне нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм. Пры цяжкіх формах магчымы смяротны зыход. Таму вакцынацыя – адзіны дзейсны спосаб не захварэць. Усе вакцыны дзеткамі добра пераносяцца. Пасля прышчэпкі можа пачырванець скура, падняцца тэмпература – гэта паказчыкі таго, што ў арганізме выпрацоўваецца імунітэт, таму бацькам не трэба непакоіцца. Святлана Пятроўна адзначыла: у раёне ёсць група людзей – 118 чалавек, якія адмаўляюцца ад прафілактычных прышчэпак, у тым ліку і па сваіх рэлігійных поглядах, па адзёры такіх “адмаўленцаў” – 64 чалавекі. Яна падкрэсліла: антыбіётыкі не справіліся з такімі страшнымі захворваннямі, як сібірская язва, чума, воспа, дыфтэрыя, перамагчы іх дапамагла вакцынацыя.
Як адзёр працякае ў дарослых і наколькі эфектыўныя прафілактычныя прышчэпкі, расказаў загадчык тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Віталь Вялько. Так, у 2009 годзе ў свеце бушаваў і выклікаў жах вірус грыпу Н5N1. Большая частка людзей, якія захварэлі на яго, былі непрышчэпленыя, з тых, што памерлі, 100 % не мелі прышчэпкі ад грыпу. Віталь Генадзьевіч падкрэсліў: пры любой прышчэпцы, у тым ліку і ад адзёру, імунітэт лягчэй фарміруецца ў дзяцей, чым у дарослых. Калі ж перад яе правядзеннем будуць выяўлены медыцынскія супрацьпаказанні, то прышчэпка не будзе зроблена.
Пра супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, якія пачынаюцца адразу пасля рэгістрацыі выпадку адзёру, паведамілі супрацоўнікі райЦГЭ. Так, на працягу сутак павінны быць выяўлены асобы, якія кантактавалі з хворым. Далей праводзіцца вакцынацыя тых, у каго няма прышчэпачнага статусу супраць захворвання. Так, у чалавека павінна быць дзве прышчэпкі супраць адз-ёру, дзеці прышчэпліваюцца ва ўзросце аднаго і шасці гадоў. Таму зараз ва ўстановах адукацыі раёна складаюцца спісы навучэнцаў і работнікаў з інфармацыяй аб іх прышчэпках, каб у выпадку ўзнікнення ўскладнення эпідсітуацыі па адзёры, пачаць максімальна хутка дзейнічаць і пазбегнуць масавай захваральнасці.
Супрацоўнікі райЦГЭ звярнулі ўвагу на тое, што зараз пачынаюцца актыўныя выезды людзей на адпачынак за мяжу і тураператарам неабходна папярэджваць сваіх кліентаў аб той сітуацыі, якая склалася па адзёры ва Украіне і Еўрапейскім рэгіёне, і нагадваць аб неабходнасці прышчапіцца. Даведацца пра асабісты прышчэпачны статус дарослыя могуць у свайго ўчастковага ўрача-тэрапеўта, пра дзіцячы – ва ўчастковага ўрача-педыятра.
Калі вы не хварэлі на адзёр, або ў вас адсутнічаюць звесткі аб імунным статусе, ці вы маеце толькі адну прышчэпку, то яе можна зрабіць бясплатна па месцы жыхарства або ў любой медыцынскай установе раёна. Для гэтага выкарыстоўваецца бельгійская вакцына “Прыорыкс”. Яна выклікае імунітэт у 98 % прышчэпленых, які выпрацоўваецца праз два тыдні пасля вакцынацыі.
Папярэджвае сваіх кліентаў пра ўспышку адзёру ва Украіне і краінах Еўропы ды нагадвае прышчапіцца дырэктар турыстычнай фірмы “Падарожнічаем разам” Ігар Галавейка, які таксама прыняў удзел у круглым стале. Рэкамендуе нават часова не ехаць, адкласці падарожжа, бо ёсць рызыка захварэць, а любая хвароба – гэта сапсаваны адпачынак і трата немалых сродкаў на лячэнне.
Сваімі меркаваннямі наконт прафілактычных прышчэпак падзяліліся прадстаўнікі царквы “Воля Ісуса” Віктар Януш і “Царквы хрысціян веры евангельскай” Алег Дуда. У іх рэлігійных абшчынах няма катэгарычных поглядаў супраць прышчэпак. Госці запрасілі медработнікаў наведвацца да іх і выступаць на розныя медыцынскія тэмы, актуальныя ў наш час.
У канцы размовы медыкі звярнулі ўвагу, што інкубацыйны перыяд адзёру – з моманту заражэння да праяўлення сыпу – складае ў сярэднім ад 9 да 17 дзён, максімальны – 21 дзень. Адзёр можа пачынацца як звычайная ВРВІ, і будуць назірацца таксама высокая тэмпература, павелічэнне лімфатычных вузлоў, святлабоязь, слёзацячэнне, насмарк, кашаль, і толькі потым праявіцца сып. Адразу можна і не вызначыць, што пачаўся адзёр, таму нельга займацца самалячэннем, а пры першых сімптомах патрэбна звяртацца ва ўстановы аховы здароўя. Для тых жа, хто жадае абследавацца на напружанасць імунітэту (вызначыць стан свайго імуннага статусу па адзёры), ёсць магчымасць зрабіць гэта ў Брэсцкай абласной лабараторыі, якая знаходзіцца па адрасе: г. Брэст, вул. Савецкіх пагранічнікаў, 54, кабінет № 29. Кошт працэдуры 13 рублёў, прайсці яе бясплатна маюць магчымасць тыя, у каго ёсць супрацьпаказанні для правядзення прышчэпкі, а таксама цяжарныя жанчыны.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.