Аб ацяпляльным сезоне і аднаўленні статка

Аб ацяпляльным сезоне і аднаўленні статка

 Святлана БЯЛЯК.
На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое правёў яго старшыня Дзмітрый Гарадзецкі, быў разгледжаны шэраг пытанняў.
З інфармацыяй аб выніках ацяпляльнага сезона 2017-2018 года і аб задачах па падрыхтоўцы народнагаспадарчага комплексу да асенне-зімовага перыяду 2018-2019 года выступіў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Казак. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што ў ацяпляльным перыядзе аб’екты народнагаспадарчага комплексу раёна працавалі ўстойліва. Не дапушчана сур’ёзных аварый, няшчасных выпадкаў, зрываў цеплазабеспячэння і электразабеспячэння, лакальныя аварыйныя сітуацыі ліквідаваліся своечасова. Цеплавая энергія спажыўцам адпускалася згодна з тэмпературнымі графікамі, паліва ў кацельні пастаўлялася рытмічна, не было перабояў з пастаўкай спажыўцам прыроднага і звадкаванага газу.
Дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” Павел Заграй, у сваю чаргу, расказаў, што было зроблена, каб у дамах і кватэрах у горадзе і вёсках было зімою цёпла.
Так, да пачатку ацяпляльнага перыяду былі ў поўным аб’ёме праведзены работы па прафілактычным рамонце і іспыце абсталявання 17 кацельняў (4 – газавых, 3 – камбінаваных, 10 – на мясцовых відах паліва); праве-
дзены іспыты 42 км цеплавых сетак; ачышчаны знутры 51 кацёл і 9 бойлераў.
Да пачатку ацяпляльнага сезона былі створаны запасы паліва: дроў – 1355 куб. метраў (90,3 %
да задання), торфабрыкету – 127 т (84,7 %),
драўняных трэсак – 525 куб. метраў (105 %).
Летась Жабінкаўская ЖКГ замяніла 1,68 км цеплавых сетак ПІ-трубамі ў аднатрубным вылічэнні пры заданні 1,1 км. У мінулым годзе доля мясцовых відаў паліва ў кацельна-пячным балансе склала 22,1 % пры заданні 24,8 %. Па выніках 2017 года сабекошт 1 Гкал па кацельнях Жабінкаўскай ЖКГ перавысіў 300 руб. па пяці з іх: у вёсцы Старое Сяло, аграгарадку Вялікія Якаўчыцы, вёсцы Арэпічы, аграгарадку Сцяпанкі, вёсцы Падлессе, а сёлета сабекошт 1 Гкал перавысіў названую лічбу толькі ў кацельнях у Арэпічах і Падлессі.
Каб знізіць сабекошт цеплавой энергіі ў чарговым сезоне, запланаваны пераход дзвюх кацельняў на аўтаматычны рэжым работы з выкарыстаннем у якасці паліва ў аграгарадку Сцяпанкі прыроднага газу і ў вёсцы Арэпічы электра-
абагрэву. У 2019 годзе запланаваны работы ў кацельні ў вёсцы Падлессе.
У цэлым Жабінкаўская ЖКГ выканала большасць заданняў напярэдадні асенне-зімовага перыяду: быў створаны неабходны запас пясчана-салянай сумесі для падсыпкі дарог, рэзервовы запас ГЗМ і спраўнай тэхнікі для абслугоўвання і ўтрымання вуліц; хапіла дроў і брыкету; быў створаны падменны фонд прыбораў уліку цеплавой энергіі ў неабходным аб’ёме. На канец ацяпляльнага сезону ў прадпрыемства няма пратэрмінаванай запазычанасці за спажыты прыродны газ, драўнянае паліва, электраэнергію і цеплавую энергію. Таксама Павел Пятровіч гаварыў аб перадачы цеплавых сетак мікрараёна цукровага завода. Гэта запланавана зрабіць сёлета. Цеплавыя сеткі далёка не новыя – 1963-1973 гадоў. Улічваючы, што нарматыўны тэрмін эксплуатацыі 25 гадоў, ён перавышаны ў 1,8 раза. ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” распрацаваў праектна-каштарысную дакументацыю на перакладку 5,4 км цеплавых сетак, на што спатрэбіцца 1,58 млн. руб. Зараз страты на транспарціроўку цеплавой энергіі ў сетцы складаюць 22 %.
Пасля замены існуючых сетак на ПІ-трубы страты змяншаюцца да 8-10 %. Праўда, пакуль не вырашана пытанне выдзялення неабходнай сумы на правядзенне работ.
Пасля абмеркавання першага пытання райвыканкам прыняў адпаведныя рашэнні. Сярод іх, напрыклад, афармленне ў тэрмін пашпартоў гатоўнасці аб’ектаў да работы ў асенне-зімовы перыяд 2018-2019 года; забеспячэнне запасаў паліва ў кацельнях; праверка дымавых і вентыляцыйных каналаў жылых дамоў; прыёмка цеплавых сетак ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” на баланс ЖКГ і г. д.
Па другім пытанні, якое выносілася для абмеркавання, “Аб рабоце па развіцці галіны малочнай жывёлагадоўлі і павышэнні эфектыўнасці аднаўлення статка ў Жабінкаўскім раёне і ААТ “Хмелева” ўзяў слова першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Кучынскі.
Аляксандр Яўгенавіч адзначыў, што за першы квартал бягучага года ў сельгасарганізацыях раёна атрымана 16,1 тысячы тон малака (106,8 % да ўзроўню мінулага года пры сярэдне-
абласным 106,3 %). Па стане на 1 красавіка прадукцыйнасць кароў склала 1681 кг (або 105,1 % да ўзроўню 2017 года). Дапушчана зніжэнне прадукцыйнасці кароў за першы квартал у ААТ “Хмелева” на 97 кг, ААТ “Азяты АГРА” – на 81 кг, а ў сакавіку зніжаны ўдой на карову і ў ААТ “Ракітніца” – на 42 кг.
За студзень-сакавік бягучага года рэалізавана 14775 тон малака, ці 107,5 %, таварнасць яго склала 91,7 %,
што на 0,7 % больш, чым летась. Гэта, дарэчы, першае месца ў вобласці.
На 1 красавіка ў раёне налічвалася 29863 галавы БРЖ, з якіх малочных кароў – 9591 (ці 101,6 %). На фермах за першы квартал вырашчана 983 тоны ялавічыны і 988 тон свініны. У сярэднім за суткі скаціна папраўляецца на 605 грамаў (сярэднеабласны паказчык –
652). “Падрос” паказчык на 2 працэнтныя пункты па захаванасці маладняку і склаў 91 %. Дарэчы, за першы квартал нарадзілася 2788 цялят (96,2 % да ўзроўню мінулага года), пакрыта 4891 карова і цялушка.
– Не ўсё добра на малочнатаварных фермах ААТ “Хмелева”, – падкрэсліў Аляксандр Кучынскі. – Валавая вытворчасць малака ў гаспадарцы за першы квартал знізілася на 111 тон, як і надой на карову – 97 кілаграмаў у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. На 7 тон менш вырашчана ялавічыны, у хмелеўцаў ніжэй за сярэднераённы паказчык па захаванасці маладняку. У той жа час павялічылася колькасць дойных кароў, неблагія сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе скаціны –
699 грамаў, атрымалі з пачатку года на 83 цяляці больш, чым летась.
– ААТ “Хмелева” няблага забяспечана кармамі. Малочная жывёлагадоўля – тая крыніца, якая можа выцягнуць гаспадарку. Хмелеўцам трэба выпраўляць хібы ў таварнасці малака, зніжаць падзеж скаціны, павышаць прадукцыйнасць статка, –
рэзюмаваў Аляксандр Яўгенавіч.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі падвёў вынікі пасяджэння і прыняў адпаведныя рашэнні.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*