Букет цудоўных руж

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Паўла АСТАПОВІЧА.
Пяшчотным флёрам пакрыта для многіх сем’яў першае дзесяцігоддзе сумеснага жыцця. Таму й завецца ў народзе гэткае вяселле “ружовым”. Бо, з аднаго боку, усё прыгожа, радасна, афарбавана ў колеры кахання. Але ж няварта і пра калючкі, якія мае ружа, забывацца… Так, час адказны: мацнее ў ім сям’я, пачуцці правяраюцца штодня і на замену двум кароткім “Я” прыходзіць шматгалосае “Мы – разам!”.
Тое цудоўна разумеюць жабінкаўцы Вольга і Руслан Саўчукі. Напярэдадні Дня сям’і яны адсвяткавалі першыя дзесяць гадоў сумеснага жыцця і ганарацца тым, што за гэты час сталі яшчэ бліжэй, стварылі добрую сям’ю – нібыта поўную чашу, дзе гадуюцца ў любові і ласцы трое дзетак.

Пабачыць Парыж…

ПА-РОЗНАМУ прыходзіць шчасце. Да кожнага яно пракладвае свой шлях. Чакае некага на першае спатканне ў далёкім краі, а іншага – само сустрэне на пероне, трымаючы ў руках букет цудоўных руж… Аднак пра ўсё раскажам паслядоўна.
…Пачыналіся адначасова новы век, тысячагоддзе, а для выпускніцы жабінкаўскай гімназіі Вольгі Астаповіч – яшчэ і шлях у дарослае жыццё, звязаны з паступленнем у Горацкую сельгасакадэмію.
Бацькі – Пётр Андрэевіч і Раіса Фядосаўна – бачылі здольнасці дачкі, таму раілі не губляць часу, папаўняць веды, каб, ідучы да атрымання дыплома бухгалтара, адначасова вучылася і на юрыста. Сёння, праз гады, Воля разумее, наколькі правільным было меркаванне старэйшых. Таму ўдзячная ім, што некалі падказалі, настаялі, дапамаглі парадай, бо, як вядома, веды за спінаю не насіць, а ў жыцці розныя навукі могуць некалі згадзіцца. Гэты выпадак прынёс важны ўрок: калі жадаеш прыняць нейкае значнае рашэнне – няблага папярэдне з сям’ёй савет трымаць.
Студэнцкае жыццё Вольгі было насычана шматлікімі справамі. Тым больш дзяўчына мела характар жывы, вылучалася сваёй актыўнасцю. Адной з найбольш запамінальных сталася для яе паездка на творчую практыку студэнтаў у Вялікабрытанію. (У сельскагаспадарчай акадэміі здаўна меліся магчымасці, каб пасылаць за мяжу лепшых у навучанні і грамадскім жыцці). Ужо сам пачатак падарожжа пакінуў успамін на доўгія гады. Бо запамінальная вандроўка праходзіла праз горад, які нездарма ўслед за вялікім пісьменнікам завуць “казкай, што заўжды з табой”. Так, многія мараць хоць раз у жыцці прайсціся па вуліцах і плошчах горада паэтаў і мастакоў, хоць адным вокам зірнуць на дзівосы сталіцы сусветнай моды і рамантычнага кахання. Вользе пашчасціла пабачыць усё гэта, здзейсніць мару ўжо ў юнацтве. Цэлы дзень сам-насам з Парыжам! Давялося яго пабачыць і – застацца жыць! У спадзяванні, што і цябе самую некалі агорне шчасце, з якім спатканне запланавана абавязкова!

Размова на пероне

ПАСЛЯ АКАДЭМІІ чакалі справы зусім не акадэмічныя. Дзяўчына размеркавалася на Камянеччыну – галоўным бухгалтарам у сельгаскааператыў. Пасялілася ў вёсцы Даўбізна, ра-
зам з маладзенькім аграномам Ірай у невялічкай хатцы, што выдзеліла для іх абедзвюх гаспадарка. Для яе, гарадской, гэта было нежартоўнае выпрабаванне, нават печку распаліць спачатку было няпроста. Нічога, з часам асвоілася і з вясковым побытам, і з абавязкамі на працы, дзе адразу заўважылі ды ацанілі: Вольга чалавек на сваім месцы.
А неўзабаве і з будучым мужам лёс звёў. Па шчырасці, не з першага погляду шчасце разгледзела. Тым больш, што і Руслан быў надта сарамлівы, нібыта не жадаў раскрываць адразу свае пачуцці. Вось што Вольга заўважыла адразу: хлопец працавіты, як гаворыцца, ад зямлі, з умелымі рукамі, здольнымі адрамантаваць любую рэч. Прычым, як прыкмячала дзяўчына, наладзіць камп’ютар або чайнік і сарамліва адыдзе прэч…
Сапраўднае каханне, пакуль вельмі асцярожнае, нарадзілася на Раство. Відаць, усё ж нездарма студзеньскія дні багатыя на казку. Для Вольгі ды Руслана так і адбылося.
Словы прызнання прагучалі вясной. Да таго ж, першымі пра глыбіню пачуццяў прамовілі не вусны. Іх выказалі на сваёй кветкавай мове ружовыя ружы.
…Воля вярталася цягніком. Ля станцыі лакаматыў збавіў хаду, а яна пабачыла на пероне Руслана з шыкоўным букетам у руках і зразумела ўсе ягоныя адчуванні да самага донца. І ўзрадавалася гэтаму ружоваму прызнанню.

Сямейная арыфметыка

ДЗЕСЯЦЬ ГАДОЎ ТАМУ, 11 мая 2008 года, у Жабінкаўскім загсе для маладых прагучалі яркія гукі марша Мендэльсона, безліч віншаванняў, пажаданні не губляць ніколі сваю птушку шчасця. Дзень, калі нарадзілася іх сям’я, надзвычай памятны для Саўчукоў. Сярод тых, чые сэрцы напаўняліся радасцю, былі і Русланавы бацькі – Аляксандр Аляксандравіч і Валянціна Яўгенаўна (яна, дарэчы, клубны работнік, таму сама шмат гадоў дапамагала ствараць новыя сем’і).
Але сюрпрызы, як высветлілася, яшчэ далёка не закончыліся. Не паспелі адгучаць усе віншаванні, як літаральна на наступны дзень раптоўна зазваніў тэлефон, і Вользе прапанавалі новую пасаду. Прычым, запрасілі на працу адразу ў горад над Бугам, а дакладней – у камітэт сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама.
Як і патрэбна бухгалтару, Вольга “сябруе” з лічбамі. Аднак сярод складаных матэматычных дзеянняў, з якімі даводзіцца мець справы, бадай, самая прыемная – простая арыфметыка іх сямейнага жыцця: 2 + 3 ці 3 + 2. Так, спярша Дзень сям’і для яе з Русланам быў святам на дваіх. За 10 год сума істотна змянілася, бо ў Саўчукоў пад-растаюць ужо дзеткі Таня, Сцёпа ды найменшая Каця.
Амаль дзевяцігадовая Таццяна атрымала імя ад таты, які, відаць, вельмі захапляўся пушкінскімі гераінямі. Так і сталася: да жонкі Вольгі ўлетку 2009-га далучылася і дачка Танечка. Сёння яна ўжо ў трэцім класе, захапляецца плаваннем (ахвотна паказвае свае дыпломы за ўдзел у спаборніцтвам на водных дарожках). Дарэчы, каб падтрымаць іх здароўе, усіх сваіх дзяцей Вольга далучае да плавання ў басейне). Сцяпан, для якога восенню прагучыць першы званок, рыхтуецца да школы, асвоіў ужо азы чытання. А самая маленькая Каця днямі адмерала першыя паўгода жыцця. Пакуль яна актыўна асвойвае свет.
Свае шчырыя пачуцці Руслан, Вольга ды іх дзеці навучыліся берагчы і па-дзяляюць паміж сабою. Стала прыемнай традыцыяй штогод падарожнічаць разам. Усёй сям’ёй Саўчукі наведвалі цікавыя мясціны роднай краіны, бываць даводзілася і за мяжой. Наколькі ж цудоўнымі бываюць уражанні, калі сумесна выпраўляюцца ў вандроўку: едуць разам у Карпаты, да самага сіняга мора альбо па беларускіх гістарычных мясцінах!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

2 Comments

  1. Отличная история о чудесной семье и настоящей жизни. Желаю этой семье много лет с интереснейшими историями.

  2. Действительно очень красивые и светлые люди.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.