Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Так мала застаецца тых, хто 73 гады таму прынёс мір і спакой на нашу зямлю. А іх, салдатаў вайны, усё менш і менш – легенды, успаміны, песні хаваюцца пад мармуровыя пліты мемарыялаў. У нашых сэрцах павінен трапятаць агеньчык удзячнасці продкам за адваяваны мір і свабоду для будучых пакаленняў.
У гэтыя майскія дні, калі святкуюцца чарговыя ўгодкі вызвалення краіны ад фашысцкай навалы, школьнікі наведалі тых, каму давялося са зброяй у руках адваёўваць мірнае неба, увачавідкі бачыць пакуты родных і блізкіх, чуць выбухі снарадаў і пошчакі нямецкіх куль. Цёплыя словы, кветкі, віншаванні з пераможным маем так патрэбны нашым вызваліцелям!
Да гэтай місіі далучыліся сёлета таксама і прадстаўнікі ўлады. Кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі пабываў у дамах трох ветэранаў, якія пражываюць у Азяцкім сельскім савеце. Так, Аляксей Філімонавіч Гумянка свой баявы шлях пачаў у жніўні 1944-га.
Яму давялося ачышчаць зямлю ад фашысцкіх карнікаў у шэрагах артылерыйскай цяжкагаўбічнай імя ордэна Багдана Хмяльніцкага брыгады, якая ўваходзіла ў склад першага Украінскага фронту.
Жабінкавец з баямі вызваляў Польшчу, Германію, Чэхаславакію, а ў маі 1945-га распісаўся на Рэйхстагу.
Смерць касіла Аляксеевых сяброў і аднапалчан. Відаць, меў Гумянка Божую ласку, бо тэлефаніст у баях ні разу не быў паранены. Дадому Аляксей Філімонавіч вярнуўся толькі вясною 1947-га. У родных Азятах пусціў карані, разам з жонкай вырасцілі дзвюх дочак. Радуецца ветэран, калі ў ягоную хату завітваюць азятчукі, суседзі, школьнікі, ахвотна дзеліцца з імі баявымі ўспамінамі. Пра абпаленую вайной маладосць нагадваюць узнагароды на святочным пінжаку: медалі “За Перамогу над Германіяй”, “За адвагу”, “За вызваленне Прагі”. Візітам кіраўніцтва раёна Аляксей Філімонавіч быў прыемна ўражаны. Аднак шмат пагаварыць не ўдалося: ветэран кепска ў той дзень сябе адчуваў.
Наступны ветэран, да якога завітаў старшыня райвыканкама з цёплымі словамі віншаванняў і падарункам, – Ярас Пятровіч Казачэнка. Яго, васемнаццацігадовага юнака, восенню 44-га паклікалі на прызыўны пункт у Нароўлю. Навабранцаў, якія прайшлі курс маладога байца, адправілі на Кёнігсберг. “Да горада заставалася мо з паўсотні кіламетраў, як нашу часць разбілі, – расказваў Ярас Пятровіч. – Мала хто ўцалеў. Было жудасна…” Узгадваў, як ачышчалі палі ад мін. Затым салдат удзельнічаў у савецка-японскай вайне – быў санітарам. Ведаў, што прыйшла Перамога. Вельмі цягнула на радзіму, а замест гэтага быў накіраваны ў Кітай для праходжання службы. Толькі ў 1951 годзе вярнуўся ў родныя мясціны – у Нароўлю. Аднак чарнобыльская бяда прымусіла сям’ю Казачэнкаў пакінуць наседжанае гняздо ды шукаць лепшай долі. Жабінкаўшчына прытуліла іх, стала другой радзімай.
Май для Яраса Пятровіча – асаблівы месяц. Калі ўсё навокал цвіце, ён адзначае свой дзень народзінаў і светлы Дзень Перамогі. Сёлета, 4 мая, ён сустрэў сваю 91-ю вясну. На грудзях ветэрана ззяюць баявыя ўзнагароды: ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль “За перамогу над Японіяй” і шмат юбілейных медалёў.
У той дзень Дзмітрый Гарадзецкі павіншаваў з майскімі святамі і Уладзіміра Харытонавіча Саўчука. Больш за гадзіну ветэран дзяліўся ўспамінамі аб той жудаснай вайне, якая выпала на яго юнацкія гады. Смерць пяць разоў дыхала яму ў патыліцу, аднак змог вярнуцца дадому жывым. Уладзімір Харытонавіч мае медалі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, вызваляў Польшчу і Германію. Яму ёсць што расказаць… Успамінаць тое цяжка, аднак гэта частка ягонага лёсу і гісторыі краіны ў цэлым. Такое не забудзецца ніколі. Подзвіг вызваліцеляў бессмяротны!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%