Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.
Да святкавання Дня Вялікай Перамогі далучыўся ўвесь горад. Убаку не засталіся і вучні другой школы, якія з гонарам ушанавалі загінулых і выжыўшых герояў.
Напярэдадні свята ў навучальнай установе прайшоў канцэрт пад назвай “Дрэвы таксама ваявалі”. Старшакласнікі расказалі малодшым таварышам пра тое, як у гады Вялікай Айчыннай вайны з фашысцкімі захопнікамі змагаліся не толькі людзі, але, здавалася, уся прырода паўстала супраць ворагаў.
Потым дзесяцікласнікі наведалі і павіншавалі з Днём Перамогі былую малалетнюю вязніцу фашызму На-дзею Барысаўну Шастак. У 8-гадовым узросце дзяўчынку разам з двума братамі забралі на працы ў Германію. Надзея з малодшым братам Піліпам даглядала птушак у нямецкага баўэра ў мястэчку Вульверштэйн. Дзеці пражылі ў яго да канца вайны, пакуль іх не вызвалілі амерыканцы.
Пасля Надзея і Піліп вярнуліся на радзіму, а старэйшы брат пайшоў у армію. Дзеці некаторы час жылі ў цёткі, перахварэлі на тыф. Затым апынуліся ў дзіцячым доме ў Хойніках. Бацька іх загінуў на фронце, а маці памерла яшчэ раней.
Пасля школы Надзея Барысаўна паступіла ў Кіеўскі тэхналагічны інстытут харчовай прамысловасці на аддзяленне “цукровая прамысловасць”. Працавала на Гарадзейскім цукровым заводзе. Там сустрэла будучага мужа – Івана Лявонцьевіча.
У 1966 годзе сям’я пераехала ў Жабінку. Надзея Барысаўна рупілася на мясцовым цукровым заводзе спачатку начальнікам змены, потым – галоўным тэхнолагам.
Жанчына амаль усё жыццё прысвяціла любімай справе. Узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, мае медалі “За працоўную доблесць”, “За доблесную працу”.
Надзея Барысаўна з мужам выгадавалі двух дзяцей – сына Андрэя і дачку Ірыну.
Пасля душэўнай сустрэчы і доўгай гутаркі школьнікі ўсклалі кветкі ад сябе і Надзеі Шастак да помніка ў Сцяброве, на месцы якога 27 кастрычніка 1942 года фашысты расстралялі больш за 70 мірных жыхароў.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%