Дзень, расквечаны ў колеры герба i сцяга

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.
Сярод шматлікіх урачыстасцяў, на якія багаты май, пачэснае месца займае Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Сёлета ён выдаўся яркім, сонечным і асабліва запамінальным для тых, хто ў час святочнага мерапрыемства папоўніў шэрагі моладзевых арганізацый.

ШТОГОД ГЭТАЕ СВЯТА, расквечанае ў колеры герба і сцяга краіны, Беларусь адзначае ў другую нядзелю апошняга веснавога месяца. Сёлета гэта быў дзень, напоўнены сонечным цяплом і шчырымі ўсмешкамі, – 13 мая. Цэнтрам святкавання стала галоўная гарадская плошча, куды прыйшлі дарослыя і моладзь, каб узгадаць пра значэнне дзяржаўных сімвалаў Айчыны. Прынамсі, лейтматывам у прамовах тых, хто браў на ўрачыстасці слова, стала ўпэўненасць: герб і сцяг, як і ў кожнага народа, дзяржавы, “аб’ядноўваюць яе грамадзян у агульную вялікую сям’ю, напаўняючы сэрцы гонарам за прыналежнасць да нацыі з багатай шматграннай гісторыяй, славутым сённяшнім днём і спа-дзяваннем на цудоўную будучыню”.
У сваім выступленні, якое папярэднічала ўрачыстаму ўзняццю Дзяржаўнага сцяга, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі прыгадаў, што свята бярэ свой адлік з 1995 года, калі на агульнанародным рэферэндуме былі зацверджаны сённяшнія сімвалы Рэспублікі Беларусь. Прыемна і тое, нагадаў Дзмітрый Мікалаевіч, што наша Жабінкаўшчына – край самабытны і вельмі багаты на сваё мінулае – ужо дзесяць гадоў мае ўласныя геральдычныя сімвалы, якімі шырока карыстаецца. Гэтак праз сімволіку мацуецца сувязь мінулага з будучым праз багаты на здзяйсненні сённяшні дзень, прысвечаны працы жыхароў нашай Жабінкі і ўсяго краю.
Права ўзняць сцяг краіны традыцыйна было прадастаўлена жабінкаўцам, чые імёны занесены на Галерэю працоўнай славы раёна. У іх ліку – падпалкоўнік міліцыі, начальнік штаба
РАУС Дзмітрый Галаванчук і намеснік дырэктара па навучальнай рабоце першай гарадской школы Іна Мірко, інжынер камбікормавага завода Аляксандр Калпак і дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея Жанна Падрубная. Пад велічныя гукі гімна палотнішча ўзвілося ўверх.
У гэты ўрачысты дзень адбыўся прыём юных жабінкаўцаў у шэрагі грамадскіх аб’яднанняў – піянерскай арганізацыі, а таксама Беларускага рэспу-бліканскага саюза моладзі. Чырвона-зялёныя гальштукі, якія маюць колеры, уласцівыя айчыннай сімволіцы, хлопчыкам і дзяўчынкам павязалі старшыні райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі і раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. На ўспамін пра дзень, калі ўпершыню яны прамовілі піянерскую прысягу, дзеці атрымалі каштоўны падарунак – кнігу “Памяць” Жабінкаўскага раёна, дзе распавядаецца пра славуты гістарычны шлях нашай зямлі.
Да юнакоў і дзяўчат, што далучаюцца да шэрагаў БРСМ, у сваю чаргу звярнулася першы сакратар райкама маладзёжнага грамадскага аб’яднання Марыя Сянішына. Яна нагадала, што юнае пакаленне беларусаў ва ўсе часы несла адказнасць за развіццё роднай краіны, беражліва захоўвала яе культуру і гісторыю.
Затым юнакі і дзяўчаты, што злучылі свой лёс з саюзам моладзі, атрымалі пасведчанні з рук старшыні райвыканкама.
Сапраўдным упрыгажэннем святочнага мерапрыемства сталі музычныя нумары ў выкананні эстрадных калектываў “Золак” і “Стардас”. Апошні акорд маладых выканаўцаў – песня “Беларусь мая” – была прысвечана роднай, непаўторнай, сэрцу мілай краіне, над якой лунае сцяг незалежнасці.
На здымках: памятныя моманты святкавання ў Жабінцы Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.