40 лет райтопливосбыту

40 лет райтопливосбыту

16 жніўня — 40 гадоў райпалівазбыту

На мяжы 60-х — 70-х гадоў мінулага стагоддзя не толькі ў нашым раёне — ва ўсёй Брэстчыне ўзнікла неабходнасць стварыць прадпрыемства, якое магло б цэнтралізавана забяспечваць спажыўцоў цвёрдымі відамі паліва. Тым больш, што ў той час на Жабінкаўшчыне было адкрыта багатае тарфяное радовішча “Гатча-Осаўскае” і неўзабаве ўзнік завод па яго здабычы і перапрацоўцы.
Днём нараджэння раённай палівазабяспечваючай арганізацыі лічыцца 16 жніўня 1971 года, калі з’явілася адпаведнае рашэнне аблвыканкама.
На працягу доўгіх гадоў на чале райпалівазбыту стаяў М.Б.Чарнак, які гуртаваў вакол сябе сумленных і адказных спецыялістаў, улюбёных у сваю справу. Міхаіл Барысавіч, які прысвяціў калектыву значную частку жыцця, дасюль цікавіцца лёсам роднага прадпрыемства, нярэдка наведвае яго. Запатрабаваныя вопыт і веды ветэранаў райпалівазбыту Віктара Усцінавіча Нікіцюка і Святланы Данілаўны Шэвель, якія працуюць тут ужо не адзін дзясятак гадоў.
Паміж 1996 і 2005 гадамі дырэктарам прадпрыемства з’яўляўся Пётр Сямёнавіч Грыб. У тыя гады акурат быў скасаваны аддзел паліва аблвыканкама, непасрэднае кіраўніцтва раённай арганізацыяй пачало ажыццяўляць абласное ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Так дасюль.
Апошнія шэсць гадоў на чале райпалівазбыту — Валерый Уладзіміравіч Мініч, чалавек, здольны ўспрыняць з разуменнем і адказнасцю чалавечыя праблемы.
Штогод працаўнікі арганізацыі забяспечваюць брыкетам каля двух тысяч домаўладанняў на Жабінкаўшчыне, яшчэ прыблізна тысячу спажыўцоў — дрывамі, што дастаўляюцца з Кобрынскага лясгаса.
Амаль 95% паставак (альбо 4600 тон у год) накіроўваецца насельніцтву. Астатняе ідзе, у асноўным, для ацяплення ўстаноў культуры і аховы здароўя, найперш бібліятэк і сельскіх дамоў культуры, фельчарска-акушэрскіх пунктаў і амбулаторый, медыцынскіх складоў на тэрыторыі санаторыя “Буг”.
— Мы з’яўляемся гаспадарча-разліковым гандлёвым прадпрыемствам, а таму павінны зарабляць грошы, — гаворыць В.У.Мініч. — Прыбытак ад дзейнасці прадпрыемства за першую палову 2011 года склаў 10 мільёнаў рублёў пры рэнтабельнасці ў 6%. Большасць з тых, хто карыстаецца нашымі паслугамі, вяскоўцы — людзі не надта заможныя (сярод іх шмат жыхароў пажылога, надзвычай паважанага веку). Менавіта таму стараемся не павышаць значна кошт на паслугі.
Канечне, працаваць з насельніцтвам — заўжды нялёгкая справа. Аднак разуменне, што гэта ідзе на карысць людзям, вымушае невялічкі калектыў (у якім усяго 13 чалавек) як мага больш аператыўна выконваць заяўкі. Зараз няма ніводнага населенага пункта ў раёне, што застаецца па-за ўвагай спецыялістаў з райпалівазбыту.
Тарфяны брыкет насельніцтву рэгулярна дастаўляюць трактарысты Аляксандр Зінковіч і Станіслаў Максіменка, а на распілоўцы дроў занятыя два Васілі — Пасюк і Максіменка. Усе яны добра ведаюць свае абавязкі, справу робяць акуратна і ўмела, за тое найчасцей чуюць ад людзей словы ўдзячнасці.
Найлепшых вынікаў у сваёй дзейнасці прадпрыемства дасягнула пяцігодку таму, калі па выніках спаборніцтва мела другое месца сярод раённых палівазабяспечваючых арганізацый Брэсцкай вобласці.
— Аднак працуем чатыры дзясяткі гадоў усё ж не дзеля грамат ці нейкага высокага прызнання, — са шчырасцю гаворыць Валерый Уладзіміравіч. — У першую чаргу працуем для людзей, бо ўсе добра ўсведамляем: ад нас таксама не ў малой ступені залежыць дабрабыт жыхароў раёна: яны ж хочуць быць з цяплом у зімовую сцюдзёную пару, жыць утульна ў сваіх дамах. Хіба можна на іх просьбы не адклікацца?

А.БЕНЗЯРУК.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top