Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Знаёмцеся: чарговая гераіня нашай рубрыкі – васьмігадовая Арыядна Літвінюк з аграгарадка Азяты.
Дзяўчынка вучыцца ў трэцім класе Старасельскай сярэдняй школы. Аднакласнікі даўно прызвычаіліся да яе мілагучнага імені, аднак часта падмяняюць яго іншым, прасцейшым – “нарядная”.
Мама, калі чакала нараджэння дачушкі, вельмі хацела даць ёй самае незвычайнае, рэдкае імя, выбірала па царкоўным календары. І, здаецца, ёй гэта ўдалося – за апошняе дзесяцігоддзе Арыяднаў на Жабінкаўшчыне не рэгістравалі (ёсць, праўда, сугучнае – Арыяна). У перакладзе з грэчаскай мовы імя азначае “тая, што правіць” або “выклікае вялікую пашану”. Уладальніцы гэтага імені сарамлівыя, пакладзістыя і ў той жа час незалежныя, вясёлыя, заўжды ўсім дапамагаюць.
Як гэтае імя ўплывае на характар дзяўчынкі? Арыядна, на думку бацькоў, мэтанакіраваная, сур’ёзная для свайго ўзросту, настойлівая. Ёй не трэба па пяць разоў нагадваць прыбраць посуд са стала, акуратна павесіць вопратку, паўтарыць гамы на фартэпіяна.
Для сваіх васьмі гадоў дзяўчынка загружана не менш за дарослых: спачатку заняткі ў школе, потым хуценька рыхтуе хатнія заданні, бо па раскладзе ў яе – сальфеджыа, хор або спецыяльнасць у музычнай школе (Арыядна іграе на фартэпіяна). А затым у яе заняткі некалькі разоў на тыдзень у брэсцкай студыі бальна-спартыўнага танца. Яе “працоўны дзень” можа скончыцца акурат перад адыходам да сну.
За якую б справу ні бралася Арыядна, усё робіць старанна і акуратна. Дзяўчынка дапамагае маме на кухні, прыбіраецца ў хаце, разам з братам Святаславам забаўляе малодшых – Іларыю, Арыстарха і Іуліту.
У вольныя хвіліны дзяўчынка любіць чытаць кніжкі, маляваць (у яе здорава атрымліваецца), спяваць (дарэчы, яна ўдзельніца хору Нядзельнай школы храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аграгарадку Азяты), ужывацца ў розныя ролі тэатральных пастановак.
Цяпер Арыядна, як і многія дзеці, з нецярпеннем чакае летніх канікулаў.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%