Строительство моста через р.Мухавец в Жабинке

Строительство моста через р.Мухавец в Жабинке

Паром не прадбачыцца — будзе мост

Будаўніцтва новага моста, што злучае цераз Мухавец горад з галоўнаю аўтамагістраллю Брэст-Мінск-Масква, пачалося сёлета. З вышыні заняпалага, але пакуль што дзейнага старога моста, размешчанага побач, добра бачыцца панарама разгорнутых работ: на вялікай адлегласці ўздоўж берага высечаны дрэвы і кусты, здымаецца верхні пласт глебы для ўзвядзення насыпу, вядзецца гідранамыў пяску.
— Рачны пясок валодае выдатнай фільтрацыяй, — расказвае начальнік Брэсцкага дарожна-будаўнічага ўпраўлення №15 Андрэй Пшанічны. — Выкарыстоўваць яго будзем на верхнія пласты пад’язнога палатна дарогі. З сярэдзіны жніўня адкрываем кар’ер каля вёскі Панцюхі і будзем узводзіць насып. Адначасова пачнецца будаўніцтва моста. Цяпер жа на бура-набіўных сваях устанаўліваюцца апоры для будучага збудавання.
Магілёў, Жлобін, Бяроза, Пінск, а таксама Белавежская пушча — далёка не ўся геаграфія дарог і мастоў, што ўзводзяцца дарожнікамі ДБУ-15. На будаўніцтве моста ў Жабінцы яны выконваюць субпадрадныя работы. А генпадрадчык вызначаны пастановаю Савета Міністраў Беларусі: гэта адна з самых моцных арганізацый былога Саюза — ААТ “Мастатрад-58”. Згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй, увесь аб’ект з пад’язнымі дарогамі, прыпынкам, спадарожнымі работамі фінансуецца з дзяржаўнага інвестыцыйнага фонду. Работа абыдзецца ў сорак мільярдаў беларускіх рублёў. Будаўніцтва разлічана на два гады, здача аб’екта ў эксплуатацыю запланавана на май 2013-га.
Ці змогуць будаўнікі ўкласціся ў вызначаны графік — пакажа час. Сёлета з дзяржаўнай казны павінна паступіць пяць мільярдаў рублёў, аднак прадстаўнікі заказчыка, а гэта РУП “Брэстаўтадар”, выказваюць некаторыя сумненні. З-за сітуацыі, якая зараз склалася ў беларускай эканоміцы, за год будуць асвоены прыкладна тры мільярды рублёў.
Рух аўтамабілістаў і пешаходаў у бок алімпійкі і назад яшчэ застаецца ранейшым, па старым мосце. Дарэчы, у наступным годзе гэтаму збудаванню споўніцца паўстагоддзя. Зараз рух тут аднабаковы і рэгулюецца светлафорам. А пешаходную дарожку з-за яе аварыйнасці перасунулі на праезджую частку. Як сказалі ў РУП “Брэстаўтадар”, вызначыць цяперашні стан старога моста складана: пад масіўнымі апорамі, калі зыходзіць з праекта, знаходзяцца падмуркі з драўляных сваяў. Не хапае грузападымальнасці і габарытаў.
А што да капітальнага рамонту жабінкаўскага моста цераз Мухавец, дык праводзіўся ён на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Многія памятаюць пераправу на пароме, калі на супрацьлеглым беразе пасажыраў чакаў аўтобус. Паромам дабіраліся і вернікі, каб трапіць у нядзелю на службу ў Здзітаўскую праваслаўную царкву. Калі ж казаць пра перыядычнасць рамонту, дык паводле нормаў ён павінен весціся не радзей аднаго разу ў пятнаццаць гадоў.
Жыхарам Жабінкі і раёна застаецца чакаць і спадзявацца, што ў недалёкім будучым над Мухаўцом узвысіцца надзейнае збудаванне — прыгожы і трывалы мост з двухбаковым рухам транспарту і зручнымі дарожкамі для пешаходаў. Дарожкі, дарэчы, будуць значна шырэйшымі, — у адзін метр кожная,  ды і габарыты моста складуць не 7,7, як старога, а дзесяць метраў у шырыню. Мост будзе мацавацца на шасці апорах, паміж якімі змесціцца пяць пралётаў. Адзін з іх стане суднаходным. Старое збудаванне дэманціруюць.

Т.ЛІСІЧЫК.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top