Тут заўсёды акажуць дапамогу

Алёна НІКАНЧУК.

Штогод 8 мая Сусветная супольнасць адзначае Міжнародны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. У гэты дзень нарадзіўся заснавальнік міжнароднага таварыства “Чырвоны Крыж” швейцарскі гуманіст, грамадскі дзеяч, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Анры Дзюнан. Сёння сусветная арганізацыя налічвае 189 нацыянальных таварыстваў, а Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа набліжаецца да свайго 100-гадовага юбілею. Напярэдадні Міжнароднага свята я сустрэлася са старшынёй раённай арганізацыі БТЧК Зояй Фядчук, якая расказала пра яе дзейнасць і асноўныя задачы.

Так, на сённяшні дзень раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа складаецца з 59 пярвічак, куды ўваходзяць больш за пяць тысяч чалавек. Сваю дзейнасць яна ажыццяўляе па наступных накірунках: аказанне гуманітарнай і медыка-сацыяльнай дапамогі адзінокім састарэлым грамадзянам, інвалідам, тым людзям, што апынуліся ў цяжкіх жыццёвых або надзвычайных сітуацыях; навучанне супрацоўнікаў і валанцёраў; актыўнае ўзаемадзеянне з арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна і іншых.
Зоя Піліпаўна спынілася на тых значных акцыях і мерапрыемствах, якія былі арганізаваны і праведзены раённай арганізацыяй БТЧК за перыяд яе работы на пасадзе старшыні за два гады. У іх ліку месячнік “Актыўнае валанцёрства”, акцыі “Клопат”, “Гарачыня” (сумесна з медыкамі райбальніцы і валанцёрамі трэцяй школы, падчас якой насельніцтву раздавалі буклеты па прапагандзе здаровага ладу жыцця і пітную ваду “Банаква”), “Абмяняй цыгарэту на гематаген”, “Збяром дзяцей у школу” (42 вучні з сем’яў, у якіх дзеці знахо-дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, атрымалі школьныя прылады і адзенне, набытыя за сродкі Чырвонага Крыжа), “Ёлка жаданняў” (былі закуплены навагоднія падарункі і ўручаны дзецям-інвалідам) і многія іншыя.
З 8 мая па 1 чэрвеня раённая арганізацыя БТЧК будзе праводзіць на Жабінкаўшчыне свой чарговы месячнік. У яго плане шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. Гэта сустрэчы лідараў валанцёрскіх груп, трэнінгі для валанцёраў, фотавыставы, прысвечаныя дзейнасці БТЧК, акцыі, прымеркаваныя да Дня памяці людзей, памерлых ад СНІДу, да Сусветнага дня без тытуню, Дня сям’і, Дня абароны дзяцей, па папулярызацыі бязвыплатнага донарства, па бяспецы дзяцей у інтэрнэце. Гэта наведванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны дома, у лякарнях, у бальніцах сястрынскага догляду, віншаванне іх з Днём Перамогі, збор адзення, абутку, кніг, школьных прылад для дзяцей з маламаёмасных сем’яў, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і многія іншыя мерапрыемствы.
Раённая арганізацыя БТЧК дапамагае тым людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Так, была аказана дапамога ў набыцці памперсаў жыхарцы Сцяпанак, якая перанесла інсульт; мужчыне з Арэпічаў, які хварэе на сухоты, дапамаглі набыць пасцельную бялізну; жыхарцы аграгарадка Крыўляны аказалі дапамогу ў афармленні дакументаў і ў аплаце медкамісіі, дзяржпошлінаў на права пражывання на тэрыторыі Беларусі і для атрымання віду на жыхарства.
Складаная жыццёвая сітуацыя і ў адной з жыхарак Жабінкі. Пасля таго, як жанчына страціла спачатку бацькоў, а потым брата, у яе адмовілі рукі і ногі, яна трапіла ў рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы, пасля знаходзілася ў неўралагічным. Зараз – у Пелішчанскай бальніцы сястрынскага догляду. Раённая арганізацыя БТЧК даплачвае суму на ўтрыманне ложка-месца для гэтай жанчыны, бо яе пенсіі па інваліднасці не хапае, а блізкіх родзічаў няма.
Гуманітарную дапамогу ў выглядзе адзення і абутку, прадуктаў харчавання, тавараў першай неабходнасці жыхары нашага раёна неаднаразова атрымлівалі ад Дацкага і Швейцарскага Чырвонага Крыжа, якраз зараз ідзе выдача ісландскага гуманітарнага грузу. Такая дапамога аказваецца адзінокім састарэлым і малазабяспечаным грама-дзянам, інвалідам, шматдзетным, няпоўным, апякунскім сем’ям і тым, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Спісы грама-дзян, якія маюць у ёй патрэбу, зацвярджаюцца тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Па дапамогу можна звярнуцца таксама з асабістай заявай.
Зоя Піліпаўна паведаміла, што сёлета ў раёне ў нас плануецца ўвесці пасаду медыцынскай сястры міласэрнасці, якая будзе аказваць медыка-сацыяльную дапамогу на даму адзінокім састарэлым людзям, інвалідам. Многія з іх не могуць самастойна хадзіць і сябе абслугоўваць, не заўсёды іх можна шпіталізаваць у бальніцу. Медыцынская сястра Чырвонага Крыжа выканае назначэнні ўрачоў, зробіць ін’екцыі і перавязкі на даму.
Яшчэ пра адну добрую і карысную ідэю раённай арганізацыі БТЧК, якая неўзабаве ажыццявіцца на Жабінкаўшчыне, расказала мая суразмоўніца. У нашым горадзе будзе ўстаноўлены спецыяльны кантэйнер для збору адзення і абутку, прыдатнага для далейшага карыстання. Жыхарам раёна застанецца акуратна скласці ў пакеты прыгатаваныя рэчы, але да таго іх памыць і адпрасаваць.
У размове Зоя Фядчук гаварыла пра актыўнасць жабінкаўцаў у зборы грашовых сродкаў і ахвяраванняў на патрэбы Чырвонага Крыжа. Так, раённая арганізацыя БТЧК пералічвала сродкі на будаўніцтва хоспіса для анкалагічных хворых, які ўзводзіцца ў Брэсце. Грошы накіроўваліся на дапамогу людзям, што апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, на правядзенне акцый і мерапрыемстваў.
Зоя Піліпаўна звярнула ўвагу на цесную работу раённай арганізацыі БТЧК і аддзела адукацыі па развіцці валанцёрскага руху. Адзначыла актыўнасць школьнікаў-валанцёраў першай і трэцяй школ Жабінкі, гарадскога ліцэя, якія ўдзельнічаюць у розных акцыях і мерапрыемствах Чырвонага Крыжа. Не застаюцца ў баку ад спраў валанцёры іншых устаноў адукацыі раёна: наведваюць адзінокіх састарэлых людзей, дапамагаюць ім у побыце, даглядаюць магілы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і воінаў Савецкай Арміі.
Актыўную работу вядуць пярвічныя арганізацыі БТЧК раённай бальніцы, камбікормавага, цукровага і торфабрыкетнага заводаў, філіялаў “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая база”, “Жабінкаўскі раён газазабеспячэння”, “Брэсцкія электрычныя сеткі” РУП “Брэст-энерга” Жабінкаўскі РЭС, РУП “Белтэлекам”, санаторыяў “Надзея” і “Буг”, РАУС, ААТ “Рагазнянскі”, “Мацеевічы”, “Арэпічы”.
Мая суразмоўніца выказала словы ўдзячнасці за дапамогу, разуменне і падтрымку старшыні абласной арганізацыі БТЧК Ларысе Варанко, мясцовай уладзе ў асобе старшыні райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага, яго намесніку Але Ануфрыюк, галоўнаму ўрачу раённай бальніцы Анатолю Лаўрукевічу, начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіне Бурко, дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Раісе Мышкавец і іншым кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
У канцы размовы Зоя Піліпаўна сказала: “У складаных жыццёвых сітуацыях, пры цяжкіх захворваннях, якія патрабуюць значных сродкаў, пры пажарах і іншых надзвычайных выпадках можна звярнуцца па дапамогу ў Чырвоны Крыж. Бо, як вядома, у жыцці ніхто ні ад чаго не застрахаваны”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.