Пад сцягам пунсовым свабоды i працы

Пачатак мая ў нашай краіне багаты на шматлікія святочныя дні. Напярэдадні Першамая і чарговай гадавіны Вялікай Перамогі нашага народа над фашызмам паразмаўлялі са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Нінай КАЛЫБСКАЙ.

– Ніна Уладзіміраўна, здаўна першыя майскія дні афарбаваны ў святочныя чырвоныя колеры Першамая і Вялікай Перамогі. Што для вас гэтыя святы?
– Першага мая для прафсаюзаў не столькі “прафесійнае” свята, але й час, калі падво-дзяцца вынікі зробленага за год. А дзень, калі на вуліцах і плошчах лунаюць сцягі Перамогі, увогуле лічу святым для нашай зямлі, бо напаўняе ён сэрцы радасцю дый шчырай удзячнасцю да тых, хто стварыў наша мірнае жыццё.
Таму адразу напярэдадні вялікага свята хочацца выказаць свае віншаванні ўдзельнікам вайны і іх сем’ям. Вядома ж, прафсаюзныя арганізацыі раёна атуляюць клопатам ветэранаў Вялікай Айчыннай, якіх, на жаль, становіцца з кожным годам усё менш, шмат робяць прафсаюзы і дзеля карысці, абароны законных правоў чалавека працы.
– З якім багажом прафсаюзы падышлі да сённяшніх майскіх святаў?
– На разгляд урада Беларусі прафесійнымі саюзамі вынесена больш за 40 прапаноў для фарміравання дапаўненняў у Працоўны кодэкс. Прыкладам, ФПБ прапануе, каб пры зменах існуючых умоў працы ўсталёўваўся няпоўны працоўны дзень працягласцю не менш за палову яго звычайнай працягласці. Яшчэ адна прапанова прафсаюзаў – прадаўжаць кантракты з добрасумленнымі работнікамі на максімальны тэрмін альбо пераводзіць іх на бестэрміновы працоўны дагавор з захаваннем усіх сацыяльных і матэрыяльных гарантый.
– Ужо год Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіць маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі. Раскажыце аб выніках гэтай дзейнасці.
– Маніторынг цэн на харчаванне праводзіцца па ўсіх раёнах (у тым ліку Жабінкаўскім) і 10 гарадах абласнога падпарадкавання ў 274 магазінах па 98 таварных пазіцыях. Было адзначана, што сярэдні заробак па краіне за жнівень 2017 – люты 2018 года вырас усяго на 0,7 %, а кошт набору прадуктаў спажывецкай карзіны – на 7,7 %, сталі даражэйшымі і паслугі.
– Летась 22 верасня ФПБ падпісала пагадненне аб узаемадзеянні з Генеральнай пракуратурай Беларусі. Вядома, што на рэспубліканскім узроўні ладзяцца сустрэчы, абмен інфармацыяй па найбольш значных для сябраў прафсаюзаў пытаннях. Як падобнае ўзаемадзеянне пабудавана на раённым узроўні?
– Названае пагадненне ўжо рэалізуецца на практыцы. Асноўны накірунак работы – гэта правядзенне сумесных прававых прыёмаў, якія адбываюцца кожны апошні чацвер месяца. Сёлета на іх звярнуліся 27 чалавек. Напрыканцы сакавіка ў Жабінкаўскай ЖКГ ладзілася нарада для кіраўнікоў арганізацыйных структур галіновых прафсаюзаў, працаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі па пытаннях заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй.
Мы трымаем, што называецца, руку на пульсе часу, паколькі сумесныя дзеянні дый само жыццё не спыняюцца ў сваім развіцці. Так, 22 сакавіка на чарговай сустрэчы ў штаб-кватэры Нацыянальнага прафцэнтра прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў і Генпракуратуры абмеркавалі далейшыя накірункі работы. Па меркаванні ФПБ, сённяшняя судовая практыка спагнання штрафаў з работнікаў не адпавядае прынцыпам сацыяльнай справядлівасці. Для рашэння праблемы Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях накіраваў зварот у Вярхоўны суд. Прадстаўнікі пракуратуры згодныя, што гэта праблема патрабуе дэталёвага разгляду і заканадаўчага вырашэння. Толькі за 2017 год прафсаюзныя юрысты нашай Федэрацыі праз суды аднавілі на працоўных месцах 86 грамадзян, зволеных з парушэннем заканадаўства, і вярнулі работнікам незаконна спагнаныя або нявыплачаныя грашовыя сродкі на суму больш за 1,5 мільёна долараў у эквіваленце. Акрамя таго, летась Федэрацыя разгледзела каля паўсотні заканадаўчых актаў, што тычацца працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў. 28 красавіка адзначаўся Сусветны дзень аховы працы. Відавочна, прафсаюзы шмат робяць у гэтым плане. Только за мінулы год тэхнічныя інспектары працы ФПБ правялі каля 8 тысяч праверак, выявілі больш за 64 тысячы парушэнняў заканадаўства аб ахове працы. У лютым на прадпрыемствах ды ўстановах і нашага раёна дзейнічала рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы. Па выніках маніторынгу кіраўнікам арганізацый былі выдадзены адна даведка і 13 рэкамендацый, патрабуючых неадкладна ліквідаваць 43 выяўленыя парушэнні аховы працы. Напярэдадні пасяўной кампаніі прайшоў месячнік грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў сельскагаспадарчых калектывах.
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.