Легендарны партызан

Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.
Сэнс слова “барацьба” ён даведаўся яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя, калі актыўна ўключыўся ў падпольную барацьбу, скіраваную на вызваленне краю ад польскіх уладаў і аб’яднанне Беларусі ў адзіную дзяржаву. За тое ў пачатку 1933-га быў асуджаны і заключаны ў змрочную турму “На Брыгітках”, размешчаную ў Брэсцкай крэпасці. Восенню 1939 года, з прыходам Чырвонай Арміі, для зняволенага адчыніліся дзверы вязніцы. Міхаіл Мікітавіч вярнуўся на малую радзіму, дзе землякі абралі яго старшынёй Старасельскага сельсавета. Аднак мірнае жыццё перакрэсліла ў хуткім часе вайна. У ноч з 24 на 25 чэрвеня 1941 года разам з лейтэнантам Сяргеем Шыканавым, які прывёў з-пад Брэста сваіх байцоў, Міхаіл Чарнак стаў заснавальнікам партызанскага атрада, што размясціўся ў мясцовым лесе. Стараселец стаў намеснікам камандзіра па разведцы. Ён добра ведаў наваколле, наладзіў сувязь з падпольшчыкамі. Сіламі атрада ўдалося разграміць паліцэйскія ўчасткі ў бліжэйшых вёсках. Аўтарытэт народных мсціўцаў сярод мясцовага насельніцтва асабліва ўзрос, калі знішчылі ўчастак у Азятах. Пра бясстрашша няўлоўнага Чарнака хадзілі легенды. Асаблівы розгалас пакінула аперацыя, калі ён пераапрануўся вазніцай, пранік у Брэсце на склад, скуль вывез у атрад станковыя кулямёты ды скрыні з гранатамі і патронамі. Гітлераўцы паабяцалі за галаву мужнага партызана 50 тысяч марак. Што надзвычай важна, Чарнак меў вялікі аўтарытэт у аднавяскоўцаў, якіх ён не дазваляў крыўдзіць. Афіцыйна лічыцца, што Міхаіл Мікітавіч загінуў у баі 2 мая 1943 года, калі карнікі, стараючыся разграміць партызанскі атрад, накіравалі ў старасельскі лес вялікія сілы. Але не адразу знайшлі цела камандзіра разведкі. Яго пабачылі пастушкі, што пасвілі кароў, праз некалькі дзён пасля тых падзей. Пахавалі легендарнага партызана ва ўрочышчы Руслаўка, пад разлапістым дубам, які людзі і сёння з любоўю звязваюць з імем свайго гераічнага земляка. У чэрвені 1943 года, па просьбе партызан, атраду было прысвоена імя Міхаіла Чарнака. Пасля вайны яго астанкі былі перанесены ў Старое Сяло і пахаваны ў цэнтральным скверы. На магіле ўдзячныя аднавяскоўцы ўстанавілі помнік – архітэктурнаскульптурны ансамбль з бюстам Міхаіла Мікітавіча. Імя Чарнака носяць вуліца ў Жабінцы і сквер у Старым Сяле. Месца стаянкі партызанскага атрада, каля дуба ў старасельскім лесе, увекавечана мемарыяльнай зямлянкай (так званым “шалашом”), дзе на мармуровай дошцы высечаны прозвішчы 68 народных мсціўцаў, што загінулі і пахаваны тут у часы вайны.

На здымку: бюст Міхаіла ЧАРНАКА ў Старым Сяле.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.