Казіміру Уладзіміравічу Церпілоўскаму з вёскі Лясоты споўнілася 95 гадоў. З гэтым важкім юбілеем павіншаваць ветэрана Вялікай Айчыннай вайны прыехалі сябры і знаёмыя, а таксама старшыня Хмелеўскага сельвыканкама Сяргей Прылуцкі і старшыня раённага савета ветэранаў Анатоль Старыцкі. Казімір Уладзіміравіч быў прыемна ўражаны прыездам гасцей, расчуліўся ад іх цёплых віншаванняў і кветак. – Я ж, відаць, адзін з ветэранаў на ўвесь сельсавет і застаўся, – казаў Казімір Уладзіміравіч. – А нас жа гадоў трыццаць таму больш за сорак налічвалася… Э-эх, час бяжыць, мне і самому (аж не верыцца) без пяці сотня. Мо, дасць Бог, і векавы юбілей сустрэну? Жывём з жонкай Ядвісяй памалу-паціху. Вунь агародчык нам узаралі – трэба пасадзіць, каб усё, як у людзей было. Вясна прыйшла, зацвіло ўсё – любата…
Пакрысе ў думках ветэран ад дзён сённяшніх вярнуўся ў гады маладыя і баявыя. Трапіў хлопцам у Бяла Падляску, затым – у Люблін. Быў санітарам, удзельнічаў у баях за Варшаву. Узгадаў, як падчас Берлінскай аперацыі ачышчаў лясы ад рэшткаў фашысцкіх захопнікаў. Радаваўся, што за вайну атрымаў толькі лёгкую кантузію. А яшчэ – медалі: “За Варшаву. 1939-1945”, “За Одэр, Нісу, Балтыку”, “Грундвальд-Берлін. 1410-1945”, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені. – Многае з той вайны забылася, – казаў вызваліцель. – У снах часам узгадваюцца моманты баёў, падхопліваюся і не адразу разумею, што гэта – толькі сон, усё засталося ў былым. Ой, дзетачкі, няхай такое ніколі больш не паўторыцца…
На здымку: віншаванні з 95-гадовым юбілеем прымае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Казімір ЦЕРПІЛОЎСКІ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%