Быў сведкам пераможных салютаў

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Аляксей Філімонавіч Гумянка – карэнны азятчук. За тыя амаль 95 гадоў, што пражыты на роднай зямлі і прысвечаны адданай працы на ёй, шаноўны ветэран толькі ў агнявыя саракавыя надоўга пакідаў бацькоўскі парог, бо давялося гнаць акупантаў з роднага краю да самага фашысцкага логава. Скуль пачалася вайна – там і знікнуць павінен быў гэты ненажэрны цмок, які патрабаваў кожны дзень усё новых ахвяр. Бо колькі маладых жыццяў загінула да таго, як неба расквецілі пераможныя салюты! Гумянку пашчасціла з Перамогай жывым вярнуцца ў Азяты. Ніводнага разу нават не быў паранены, хоць побач нямала гінула сяброў пры пераправе праз Віслу, Одэр, у крывавых баях за Берлін, на подступах да Прагі. А пачынаўся вайсковы шлях для 21-гадовага юнака з Азят у жніўні 1944-га. У Чырвоную Армію Аляксей Гумянка быў прызваны з Жабінкі. Спачатку чакала вучэбная рота пад Масквой, дзе авалодаў навыкамі тэлефаніста. Стаў у шэрагі байцоў артылерыйскай цяжкагаўбічнай імя ордэна Багдана Хмяльніцкага брыгады, што ўваходзіла ў склад І Украінскага фронту пад кіраўніцтвам маршала Конева. Першае баявое хрышчэнне азятчук атрымаў у сапраўдным пекле – на Сандамірскім плацдарме, дзе склалі свае галовы сотні тысяч байцоў Чырвонай Арміі. Да памятнага мая сорак пятага радавому Аляксею Гумянку давялося з баямі прайсці паў-Еўропы, вызваляючы Польшчу, Германію, Чэхаславакію. Сёння ён гаворыць з гонарам, згадваючы сваю ратную адысею, калі рызыка
ваць жыццём даводзілася амаль штодня: – Надзвычай адказнай была справа – злучаць батарэі, якія заўжды патрабавалі агню, карэкціраваць працу артылерыі, каб крушыла яна моцна варожыя шэрагі. Таму гінулі тэлефаністы вельмі часта, бо сувязь трэба было падтрымліваць бесперарыўна. Дасюль Аляксей Філімонавіч захоўвае яркі ўспамін пра хуткацечную сустрэчу з Георгіем Жукавым, якога нездарма называлі маршалам Перамогі: настолькі моцна ўзнімаўся баявы дух у войсках, калі прыбываў Георгій Канстанцінавіч. Было гэта за некалькі тыдняў да пачатку Берлінскай аперацыі. Перад наступленнем на “апошні рубеж” амаль месяц гуртаваліся сілы. Брыгада, у якой служыў Гумянка, размясцілася ў прыгарадзе нямецкай сталіцы на ўзбярэжжы Нейсы, за якою праглядваліся фашысцкія пазіцыі. Аляксей стаяў у каравуле, калі пабачыў, як у атачэнні ардынарцаў хутка набліжаецца маршал. Хоць размова цягнулася менш за хвіліну (камандуючы спяшаўся да самалёта), ды памятная і сёння. Як жа: сам Жукаў пацікавіўся ў нашага земляка, дзе месцяцца камандныя пункты камандзіраў батальёна і брыгады! Нездарма ж у арміі казалі: “Дзе Жукаў, там і наступленне”. Мінулі суткі, разведчыкі захапілі “языка”, а затым, пасля моцнай артпадрыхтоўкі, адбыўся працяглы бой. У выніку шлях на Берлін быў адкрыты. Аляксей Філімонавіч згадвае, як разам з пехацінцамі давялося цягнуць кабель да Рэйхстага. За тое, што сувязь працавала бездакорна, тэлефаніст меў падзяку камандавання. Гумянка быў у ліку тых, хто ў маі сорак пятага пакінуў свой подпіс на сценах “фашысцкага логава”. Аднак на гэтым вайна для яго не скончылася. Брыгаду накіравалі на падаўленне апошняй гітлераўскай групоўкі, што ўтрымлівала чэшскую сталіцу. Тут, паблізу залатой Прагі, і пабачыў малады азятчук пераможныя салюты. Пра тое, што прыйшоў доўгачаканы дзень, пагалоска хутка перадавалася паміж байцамі. Калі ж камандзір дывізіёна Бердычэўскі павіншаваў іх з заканчэннем вайны, здаецца, межаў не было шчасцю. Усе абдымаліся, радаваліся, салютавалі, страляючы ў паветра, галоўнае слова, што было літаральна ў кожнага на вуснах: “Перамога!”. Вайна скончылася, але служба працягвалася. Пасля Чэхаславакіі Аляксей Філімонавіч апынуўся ў Венгрыі, а дэмабілізаваўся толькі вясною сорак сёмага з чачэнскага горада Буйнакска. З тае пары, вярнуўшыся ў родныя Азяты, прысвяціў ён сябе мірнай працы на жабінкаўскай зямлі. Стварыў са сваёй Марыяй прыгожую сям’ю, разам выгадавалі цудоўных дочак Алену і Надзею, якія з клопатам і пяшчотаю даглядаюць бацьку. Кожны май Аляксей Філімонавіч Гумянка з гонарам надзявае ўзнагароды – яскравыя памяткі пра баявыя шляхідарогі. Найбольш ганарыцца медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За вызваленне Прагі”, “За Перамогу над Германіяй”, шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі. Яркае золата медалёў, меладычны іх перазвон на грудзях міжволі вяртаюць да ўспамінаў – у той дзень, калі ўпершыню прагучала для Аляксея Гумянкі і ягоных сяброў-аднапалчан чаканае слова “Перамога!!!”.

На здымку: з Днём Перамогі паважанага ветэрана Аляксея Філімонавіча ГУМЯНКУ прыйшлі павіншаваць вучні Старасельскай сярэдняй школы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.