Каб лініі сувязі не перарываліся

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Працоўны дзень кабельшчыка-спайшчыка пятага разраду Жабінкаўскага вузла электрычнай сувязі Кобрынскага занальнага вузла Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” Генадзя Пацейчука распісаны літаральна па хвілінах. А па-іншаму ў электрасувязі немагчыма. Трэба ісці ў нагу з часам, асвойваць новыя веды і навыкі. Бо, мабыць, ні ў якой іншай сферы не адбылося столькі перамен, як у гэтай, з прыходам высокіх інфармацыйных тэхналогій.
Аднак на-пярэдадні прафесійнага свята Генадзь Мікалаевіч знайшоў “акно” для размовы з карэспандэнтам раёнкі.
Падчас яе выявілася, што ён – нараджэнец Камянеччыны. У 1986 годзе скончыў Мікалаеўскую васьмігадовую школу і паступіў у Брэсцкае СПТВ-51 сувязі, дзе атрымаў спецыяльнасць электраманцёра. Да службы ў войску працаваў на Высокаўскім лінейна-тэхнічным участку Камянецкага РВЭС. Выканаўшы воінскі абавязак перад Айчынай, Генадзь Пацяйчук вярнуўся на малую радзіму. Праз чатыры гады лёс звёў яго з цудоўнай жанчынай Алай з Жабінкі, і неўзабаве маладая сям’я Пацейчукоў абаснавалася ў завулку Рабочым у нашым райцэнтры, а Генадзь Мікалаевіч перайшоў на працу ў Жабінкаўскі раённы вузел электрасувязі. К таму часу ён атрымаў дадатковую спецыяльнасць кабельшчыка, на гэтай пасадзе і рупіўся. Праца была па душы, Генадзь Пацяйчук удасканальваў сваё прафесійнае майстэрства з дапамогай курсаў і самастойна, павышаў кваліфікацыйны разрад.
На сённяшні дзень у яго скарбонцы – шматлікія граматы ад РУП “Белтэлекам” за добрасумленную шматгадовую працу. Акрамя таго, па выніках работы за мінулы год імя Генадзя Мікалаевіча занесена на Галерэю працоўнай славы раёна. Аднак суразмоўца аказаўся вельмі сціплым і расказаў пра сябе даволі сцісла. “Менш слоў, больш справы” – такі яго дэвіз.
– Брыгада, у якую я ўваходжу, абслугоўвае Жабінку, – падзяліўся Генадзь Мікалаевіч. – Гэта лінейна-тэхнічны ўчастак № 2. Працуем пад умелым кіраўніцтвам Юрыя Ігнатовіча. Рамантуем кабелі, пераключаем жабінкаўцаў на оптавалаконныя лініі сувязі – нарадаў на пераключэнне ў нашай брыгады шмат. І ведаеце, сапраўды паляпшаецца якасць выявы і хуткасць інтэрнэту. Як вынік, людзі задаволеныя. З аптымізацыяй праваднога радыё самаліквідавалася функцыя абслугоўвання радыёкропак. Але працы не паменшала. Ліквідуем пашкоджанні і аварыі на лініях сувязі, праводзім унутрыдамовыя, вонкавыя работы, а таксама ў тэлефоннай каналізацыі.
Працоўны дзень рупліўцы згодна з графікам заканчваецца ў 17.30. Аднак дома Генадзя Пацейчука чакае мноства розных спраў.
– Свой дом рамантуем, для дачкі з зяцем будуем, – кажа суразмоўца. – Старэйшая Марына нядаўна ашчаслівіла нас з жонкай унучачкай Ульянкай. З задавальненнем баўлю з маленькай час. Малодшая дачка Кацярына радуе поспехамі ў вучобе: яна дзесяцікласніца гарадскога ліцэя. З маёй другой паловай Алай Іванаўнай у нас поўнае ўзаемаразуменне, каханне і згода. Як праклалі трывалыя лініі сямейнай сувязі больш за 20 гадоў назад, так і служаць яны нам верай і праўдай.
А вось абслугоўванню і рамонту ліній электрасувязі Генадзь Пацяйчук прысвяціў амаль тры дзясяткі гадоў жыцця – такі працоўны стаж майго суразмоўцы. Паводле слоў начальніка брыгады Юрыя Ігнатовіча, Генадзь – вопытны, адказны работнік, да якога заўсёды можна звярнуцца з пытаннямі ці за парадай, ён даўно заваяваў аўтарытэт сярод калег.
– Ад тэхнічных спецыялістаў залежыць якасная сувязь, – падкрэсліў Юрый Аляксандравіч. – У любое надвор’е павінны працаваць тэлефон, тэлебачанне і інтэрнэт, каб не было нараканняў ад нашых абанентаў. Таму тэхнічным спецыялістам неабходна пастаянна развівацца, валодаць сучаснымі тэхналогіямі.
Чым Генадзь Мікалаевіч пастаянна і займаецца, а пра вынікі сказана вышэй. Напрыканцы нашай размовы ён пажадаў калегам моцнага здароўя, поспехаў у працы і сямейнага дабрабыту.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.