Жатва в СПК «Вознесенский»

Жатва в СПК «Вознесенский»

“Не будзе абдзелены ніхто”

У СВК “Вазнясенскі” мы пабывалі на мінулым тыдні, калі ўборачная падыходзіла да завяршэння. Складанай выдалася яна. Але, як кажуць, лёгкага хлеба не бывае. Ужо цяпер перад земляробамі новыя задачы: пара рыхтавацца да сяўбы рапсу, а затым — да азімых зерневых. Галоўнае — не ўпусціць тэрміны, каб зерне трапіла ў вільготную зямлю. Словам, час думаць пра будучы ўраджай. Пра гэта наша размова з кіраўніком гаспадаркі Н.Р.Кандрацюк, для якой сёлетняе жніво першае на старшынёўскай пасадзе, і з галоўным эканамістам, старшынёй прафкама сельгаскааператыву М.Д.Галавейка. І праўленне СВК, і прафсаюз працуюць у гарачую ўборачную пару захопленыя адзінай мэтай — без страт убраць вырашчаны хлеб.
— Яшчэ перад пачаткам жніва мы правялі сход з механізатарамі, дзе вызначылі зарплату камбайнераў, вадзіцеляў, усіх, хто будзе заняты на ўборцы і рамонце тэхнікі, а таксама дапрацоўцы збожжа, — расказвае Марыя Дзмітрыеўна Галавейка. — Такім чынам, усе ведаюць як будзе аплачана праца. Устанавілі нормы выпрацоўкі, расход паліва на кожны агрэгат. Штогод распрацоўваем умовы спаборніцтва на жніве. Прэміруем усіх удзельнікаў пасля яго заканчэння, ніхто ў нас не застаецца абдзеленым. Вядома, больш заробіць той, у каго больш намалочана і перавезена тон. Так, камбайнерам (а ў нас адзін “Джон Дзір” і тры КЗС-10) выплачваецца дадаткова да заробку 300 рублёў за кожную намалочаную тону.
Вадзіцелі, занятыя на адвозцы збожжа ад камбайнаў, атрымліваюць прэміяльных 180 рублёў за тону. Дарэчы, яны яшчэ дастаўляюць кармы на фермы. І каб усе былі ў роўных умовах (на ўборцы ў вадзіцеля як-ніяк заробак большы), рэйсы іх чаргуем.
Акрамя таго, вадзіцелі, якія занятыя на абслугоўванні КЗСаў, таксама заахвочваюцца па выніках уборкі. Ім выплачваецца па 85 рублёў за тону.
Дапрацоўваюць збожжа чатыры сушыльныя комплексы. На новым ЗСК-20, што ў Вежках, працуе чатыры чалавекі, на астатніх — па два. За першае месца прызначана прэмія ў 150 тыс.руб., за другое — 120 тыс., за трэцяя — 100 тыс., чацвёртае — 80 тыс.руб. кожнаму механіку.
Рашэннем праўлення сельгаскааператыву і прафкама заахвочваюцца і спецыялісты гаспадаркі, якія задзейнічаны на ўборцы.
Падводзім вынікі спаборніцтва штодзень. Раніцай камбайнерам і вадзіцелям выдаём бюлетэні, у якіх запісана колькі ўбрана ўчора гектараў, намалочана і перавезена тон, а таксама з пачатку жніва і, адпаведна, сума заробку. Наперадзе ў нас цяпер экіпаж камбайнераў Васіля Пятровіча Альшанца і Мікалая Аляксандравіча Стоцыка, на рахунку якіх 750 тон, вадзіцель Дзмітрый Аляксандравіч Савосін (перавёз 730 тон) і калектыў ЗСК-20, які перапрацаваў 1712 тон збожжа.
Абавязкова пры заахвочванні, налічэнні заработнай платы ўлічваем якасныя паказчыкі. Ва ўдзельнікаў жніва ёсць талоны якасці, у якіх начальнік вытворчага ўчастка, галоўны аграном, спецыялісты гаспадаркі, што выязджаюць на палі, маюць права ўнесці ў яго свае заўвагі.
Як і ў мінулую жніўную пару, паклапаціліся, каб арганізаваць харчаванне камбайнераў і ўсіх работнікаў, што задзейнічаны на ўборцы. Кормім іх у абед і ў вечары. Плата за харчаванне сімвалічная — 3 тыс.руб. Астатнія выдаткі бярэ на сябе гаспадарка. Дзякуючы старанням нашых повараў Вольгі Якаўлеўны Карацай і Валянціны Васільеўны Коваль, якія, дарэчы, даўно адказваюць у нас за сталаванне механізатараў, нараканняў на абеды няма. А гэта так важна калі ў жніво кожны выконвае даручаную яму справу сумленна і бездакорна.

Запісала С.МІКАЛАЕВА.
На здымку: галоўны эканаміст, старшыня прафкама СВК “Вазнясенскі” М.Д.Галавейка і работнікі ЗСК-20 у Вежках механікі В.І.Пілінкевіч, А.А.Садаўнічык, М.Д.Ляшук і кладаўшчык І.І.Садаўнічык.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top