Анатоль РОСТАЎ.
Фота Святланы КІСЛАЙ.
З году ў год пашыраюцца шэрагі аматараў веласпорту, што напярэдадні святаў Першамая і Вялікай Перамогі далучаюцца да падарожжа па гістарычных мясцінах Жабінкаўшчыны. Сёлета да традыцыі, закладзенай прафсаюзамі раёна, далучылася больш за сотню жабінкаўцаў на чале з кіраўніком раёна Дзмітрыем Гарадзецкім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Анатолем Шалтанюком.
Паводле слоў старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніны Калыбскай, ужо чацвёрты год запар прадстаўнікі працоўных калектываў і арганізацый Жабінкаўшчыны веснавой парой, калі набліжаюцца майскія святы ды сама прырода спрыяе росквіту і аднаўленню, удзельнічаюць у веласіпедных прабегах.
Сёлета сваё сяброўства з гэтым відам спорту пацвердзілі прадстаўнікі цукровага і камбікормавага заводаў, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і раённай бальніцы, тэрытарыяльнага цэнтра і Жабінкаўскай дыстанцыі пуці, Белінвестбанка і газеты “Сельская праўда”. Што прыемна, некаторыя ўдзельнікі выйшлі на старт цэлымі сем’ямі.
Тыя, каму пашчасціла далучыцца да масавага мерапрыемства, якое ладзілася ў перадапошні красавіцкі дзень, відавочна, не пашкадавалі. Паколькі праграма была прадумана так, каб можна было не толькі далучыцца да здаровага ладу жыцця, але й наведаць цікавыя гістарычныя і маляўнічыя мясціны Жабінкаўшчыны. Не дзіўна, што часам здавалася, быццам нават ветрык станавіўся спадарожнікам у гэтым змястоўным велападарожжы, якое нездарма адбывалася ў годзе, прысвечаным у Беларусі малой радзіме.
Старт велапрабегу быў дадзены на гарадской плошчы ў Жабінцы. Цёплыя словы ў дарогу прагучалі ад Дзмітрыя Гарадзецкага і Ніны Калыбскай.
Першы вялікі прыпынак чакаў удзельнікаў на могілках ля вёскі Бусні. На іх ускрайку з восені сорак другога месціцца сціплы помнічак. Ён распавядае пра адну з трагічных старонак нашай гісторыі, калі з навакольных вёсак былі сагнаны “ўсходнікі” (жонкі і дзеці савецкіх спецыялістаў і чырвонаармейцаў), жыцці якіх абарвалі аўтаматныя чэргі. Да месца гэтага забойства былі ўскладзены вянкі.
А вось наступны адрас вандроўкі на колах перанёс яе ўдзельнікаў у думках ужо праз стагоддзі – у верасень 1794 года, калі на Крупчыцкім полі адбылася вялікая бітва. У памяць пра гэтую падзею, надзвычай значную ў гісторыі Касцюшкаўскага паўстання, у сённяшняй вёсцы Чыжэўшчына за рознымі часамі паўсталі Свята-Уладзімірскі храм і мемарыяльная капліца. Апошнюю памятку мінулага і наведалі веласіпедысты на сваім шляху.
Далей ён пралягаў праз тэрыторыю спортынг-клуба “Залаты Фазан” ды вядомыя здраўніцы краю – санаторыі “Буг” і “Надзея”, з якімі з цікавасцю пазнаёміліся аматары велападарожжаў.
Апошнімі аб’ектамі наведвання ўдзельнікаў велапрабегу сталі помнікі на вуліцы Міру ў райцэнтры. Усе яны прысвечаны розным старонкам гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і распавядаюць пра трагічныя падзеі ў лёсах не толькі беларускага, але й рускага, яўрэйскага, польскага народаў. Да памятных мясцін, што ўтрымліваюць пахаванні з часоў ліхалецця, таксама былі ўскладзены вянкі.
Аднак, як высветлілася, не толькі саміх жабінкаўцаў прыцягваюць родныя мясціны. Прыемным і запамінальным момантам велапрабегу, між іншым, стала сяброўская сустрэча з веласіпедыстамі, што прадстаўлялі клуб велатурызму Польскага турыстычнага і экскурсійнага таварыства ды Брэсцкага гарадскога культурна-асветніцкага аб’яднання “Ручаёк”. Аматары велатурызму дзвюх краін-суседак, паяднаных доўгай агульнай гісторыяй, сустрэліся ў ПМК-19, на тэрыторыі экспазіцыйнага комплексу развіцця меліярацыі земляў, дзе ахвотна абмяняліся ўражаннямі і станоўчымі эмоцыямі.
На здымках: на веласіпедах у Год малой радзімы – па памятных мясцінах роднай Жабінкаўшчыны.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%