“Нашы зніжкі вам, ветэраны!”

Як паведаміла ў рэдакцыю намеснік загадчыка Жабінкаўскай ЦРА № 27 Дар’я Казак, з 7 па 13 мая ва ўсіх аптэках Брэсцкага РУП “Фармацыя” будзе праводзіцца акцыя “Нашы зніжкі вам, ветэраны!”, прысвечаная Дню Перамогі. Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны будуць прадастаўляцца скідкі ў памеры 10 % ад рознічнага кошту на ўсе тавары, якія рэалізуюцца аптэкамі прадпрыемства.
Умовай, якая дае права на атрыманне зніжкі з рознічнага кошту, з’яўляецца прадастаўленне асобай арыгінала пасведчання адзінага ўзору, што пацвярджае статус удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку інваліда Вялікай Айчыннай вайны. З палажэннем аб зніжках можна азнаёміцца ва ўсіх аптэках Брэсцкага РУП “Фармацыя”.

50 тысяч дрэўцаў прыжыліся на Жабінкаўшчыне

У красавіку па ўсёй рэспубліцы прайшла дабрачынная акцыя “Тыдзень лесу – 2018”. Яна была прымеркавана да Года малой радзімы і прысвячалася ўзнаўленню лясоў, пашкоджаных у выніку распаўсюджвання насякомых-шкоднікаў. Не засталіся ў баку ад праблемы і актывісты ГА “БРСМ” нашага раёна. Сярод іх навучэнцы Старасельскай, Ленінскай і Ракітніцкай школ. Толькі падчас правядзення рэспубліканскага суботніка вучні першай і трэцяй адзінаццацігодак і гарадскога ліцэя засадзілі маладзенькімі дрэўцамі плошчу ў 1,5 га ля вёскі Панцюхі. Усяго за перыяд акцыі на Жабінкаўшчыне з’явілася 50 тысяч саджанцаў бярозак і хвоек – гэта 8 гектараў лесу.
Зараз актывісты грамадскага моладзевага аб’яднання прыводзяць у парадак мемарыяльныя комплексы, месцы воінскіх захаванняў, помнікі і магілы ветэранаў працы ў раёне.

Якасная вада ў кожны дом

Вялікая ўвага ў нашым горадзе надаецца якасці вады. У адпаведнасці з Генеральным планам горада-спадарожніка Жабінка распрацаваны праект “Рэканструкцыя водазабору г. Жабінка”. Ён прадугледжвае развіццё цэнтралізаванай сістэмы гаспадарча-пітнога водазабеспячэння дзейнага водазабору “Жабінкаўскі”.
На падставе рашэння райвыканкама ад 10 студзеня 2018 года праект будзе рэалізаваны ў два этапы. У першую чаргу прадугледжана рэканструкцыя станцыі абезжалезвання і будынкаў ІІ пад’ёму – рэзервуараў з ачышчанай вадой і помпавай сістэмы для падачы вады ў горад. Падчас другога этапу плануецца будаўніцтва новых артэзіянскіх свідравін і тампанаж старой. Працы па рэканструкцыі пачнуцца ў хуткім часе.

Аб жыллёвым будаўніцтве ў раёне

Паводле інфармацыі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці, у I квартале бягучага года на будаўніцтва жылля ў Жабінкаўскім раёне выкарыстана 4,6 млн. рублёў інвестыцый у асноўны капітал, што складае 24,9 % да агульнага аб’ёму інвестыцый і на 3,3 % перавышае ўзровень адпаведнага перыяду 2017 года.
Сёлета ў I квартале арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці на Жабінкаўшчыне пабудавана 18 новых кватэр. Уведзена ў
эксплуатацыю 2,4 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што склала 17 % да запланаванага задання на год.
Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 0,7 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы, або 27,9 % ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля па раёне. У тым ліку 0,4 тыс. квадратных метраў плошчы такіх жылых дамоў пабудавана з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі, што склала 13,2 % да ўзроўню I квартала мінулага года.
У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю адна тысяча квадратных метраў агульнай плошчы жылля, або 42,5 % ад агульнага ўводу па раёне.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*