14 августа — День строителя

14 августа — День строителя

“Наша праца людзям у радасць!”

У мікрараёне паблізу райбальніцы (адкуль, лічы, пачынаецца Жабінка) шпарка растуць паверхі шматкватэрных кааператыўных дамоў. Дзень пры дні ўвішна шчыруюць будаўнікі Жабінкаўскай ПМК-10, каб неўзабаве яшчэ 140 сем’яў адсвяткавалі наваселлі ў новых утульных кватэрах.
“Першая ластаўка” — дом ЖБСК-19 — ужо ўведзены ў эксплуатацыю. Запыталіся ў шчаслівых навасёлаў, ці не перашкаджае ім шум новабудоўлі?
— Мы ж разумеем, як людзі зачакаліся свайго новага жылля, — адказала жанчына з малым дзіцём. — Зусім нядаўна ў гэткім шуме і нам чулася сапраўдная песня!
Побач узняліся дамы ЖБСК-20 і ЖБСК-22. Зусім няшмат міне часу, калі будуць яны гатовыя прыняць жыхароў (сёлета кааператывы неабходна ўвесці ў дзеянне). Завершана цагляная кладка, вядуцца аддзелачныя і дахавыя работы…
Значна больш спраў на доме ЖБСК-23.
— Будаўніцтва ідзе хутка. Хоць часам узнікаюць пэўныя праблемы з фінансаваннем, — гаворыць прараб сантэхнічных работ Аляксандр Жмайлік, — аднак наша праца людзям у радасць, таму й шчыруюць будаўнікі з агеньчыкам.
Для выпускніка Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта гэта шосты сур’ёзны аб’ект у працоўнай біяграфіі. Пад ягоным кіраўніцтвам выконваюцца ўсе сантэхнічныя работы ўнутры дома, пракладваецца водаправод. Ад Мухаўца пачалі капаць адвадны канал, каб жыхары не адчувалі нязручнасцяў у веснавую паводку і дажджлівую пару ад падтаплення падвальных памяшканняў.
Будоўля вядзецца вахтавым метадам. На сённяшняй вахце — брыгады, якія ўзначальваюць Міхаіл Марцінкевіч і Сяргей Быкаў. Вопытныя брыгадзіры сабралі пад сваім началам надзейных і адказных хлопцаў з Кобрына і Жабінкі. Зразумела, пакуль дом расце да даху, самая патрэбная праца ў муляраў, але многія авалодалі сумежнымі спецыяльнасцямі: калі патрэбна, бываюць і бетоншчыкамі, і тынкоўшчыкамі, і цеслярамі…
За работай пільна сочыць 24-гадовы майстар Уладзімір Малецкі. Сваю справу любіць з юнацтва, відаць, таму, што і бацька Уладзімір Андрэевіч быў будаўніком, і дзед цягнуўся да гэтай прафесіі. За пяцігодку, што працуе ў перасовачнай механізаванай калоне, У.У.Малецкі памятае ўсе свае аб’екты. Канечне, надзвычай цікава, калі працуеш, скажам, на ўзвядзенні вялікага жывёлагадоўчага комплексу на 1100 галоў, як у Гарадзечне, аднак у шмат разоў прыемней будаваць жыллё ў горадзе, дзе жывеш. Пазалетась у тым ліку дзякуючы і яго клопатам паўстаў гожы 59-кватэрны кааператыў у мікрараёне цукровага завода, сёлета будуе дамы ля райбальніцы.
Майстар лічыць:
— Якасць для нас — галоўны паказчык. Каб пазней жыхары не скардзіліся, зараз павышаная патрабавальнасць да будаўнікоў. Кантроль за работамі ажыццяўляе Жабінкаўскае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва, прынамсі, галоўны інжынер Міхаіл Сцяпанавіч Пятрэнка, які надзвычай часта наведвае аб’екты. Увесь час правяраюцца на трываласць маркі раствораў, якасць будаўнічых матэрыялаў, вокны, дзверы. Калі і ўзнікаюць нейкія пытанні, усё вырашаем хутка, на карысць людзям — і тым, што працуюць, і тым, каму жыць на гэтых паверхах.
Будаўнікі ўпэўнены: іх прафесійнае свята паўтараецца кожны раз, калі здаюць чарговы дом і чуюць удзячныя словы за працу.

А.РОСТАЎ.
На здымках: прараб А.М.Жмайлік дае парады слесару-сантэхніку А.А.Бахараву; майстар У.У.Малецкі (апошні справа) з брыгадай муляроў у складзе В.В.Якімца, У.П.Кучко, брыгадзіра М.С.Марцінкевіча, С.С.Давідчука, Я.С.Калькова, А.П.Папова і С.В.Крэчыка; у мікрараёне каля раённай бальніцы будуецца новы 40-кватэрны дом ЖБСК-23.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top