Ты ляці, мая песня, і звіні ў паднябессі

 

Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара.
Раённы конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні “Мы спяваем” сабраў на сцэне Дома культуры аграгарадка Ленінскі юных вакалістаў з усёй Жабінкаўшчыны. Прадэманстраваць свае дадзеныя і пазмагацца за званне пераможцы ў розных узроставых групах прыехалі ажно 42 канкурсанты. Жэрабя кінута – ваш выхад, юныя зорачкі эстрады!
Першымі выступалі самыя маленькія спевакі ва ўзросце ад 5 да 8 гадоў. Малышы, як маглі, спраўляліся з хваляваннем, хаця пэўная “скаванасць” рухаў і напружанасць выдавала ўнутраны настрой дзяцей. Яно і зразумела: каб упэўнена адчуваць сябе на сцэне, трэба не раз на яе выходзіць і спяваць, а ў жыцці пяці-васьмігадовых артыстаў гэтых выступленняў не так многа і было… Парадавалі журы і гледачоў уменнем “браць” пэўныя ноты, рухацца, кіраваць сваім голасам Жэнечка Зотава, Кіра Рыкава, Манечка Яцэвіч, Кацярына Зданкевіч, Ягор Кірылюк, Палінка Шахнюк, Улляна Аніскевіч, Варварачка Ганчар, Маргарытка Северанюк, Арыядна Літвінюк. У гэтай узроставай падгрупе па колькасці набраных балаў (так-так, усё па-даросламу: старанні і ўменні ўдзельнікаў ацэньваліся па пяцібальнай сістэме) перамога дасталася Жэнечцы Зотавай, Палінцы Шахнюк і Манечцы Яцэвіч.
У наступнай узроставай катэгорыі “9-12 гадоў” прафесіяналізм удзельнікаў ды і іх колькасць значна “ўзраслі”. Дзяўчынкі (сярод іх быў толькі адзін хлопчык – Віктар Цераз) выконвалі даволі складаныя творы. Напрыклад, Злата Лукашэвіч вельмі натхнёна праспявала “Лебядзіную вернасць”, і журы яе жартоўна параўноўвала з зоркай расійскай эстрады Зыкінай. У гэтай падгрупе (19 чалавек) сваім вакальным майстэрствам парадавалі Аляксандра Скарына, Мілана Новік, Лізавета Сяргейчык, Ганна Сачанка, Мялання Муха, Марыя Сухарэвіч, Лізавета Планкіна, Ганна Еўтуховіч, Настасся Валошчык – журы не шкадавала ім “пяцёрак”. Таму і выбраць пераможцаў было няпроста. У выніку лепшымі прызнаны Аляксандра Скарына, Мілана Новік, Мялання Муха.
У наступнай узроставай катэгорыі ўдзельнічалі вакалісты ад 13 да 18 гадоў. Іх аказалася нямнога: Данііл Хільчук, Ірына Шалонік, Дар’я Марчук і Аксана Ятчук.
У апошняй намінацыі конкурсу “Мы спяваем” удзельнічалі 9 ансамбляў: “Сем нот”, “Матылёк”, “Балаганчык”, “МАЖОРчыкі”, “Восьмая нота”, студыі “Золак”, “Крынічка”, трыа Крыўлянскага СДК, дуэт “Карамелька”, а таксама хор вучняў Ленінскай школы мастацтваў. Вельмі забаўна на сцэне глядзеліся самыя юныя ўдзельніцы ансамбля “Матылёк” (пад кіраўніцтвам Галіны Міцковіч). Дзяўчынкі-дашкольніцы спявалі песню “Тик-так ходики, пролетают годики” і пра тое, што іх “никто замуж не берёт”. “Дарослая” песня ў дзіцячым выкананні ды яшчэ ў вобразах нявест не пакінула журы раўнадушнымі – “Матылькі” ў гэтай намінацыі сталі лепшымі. Першае месца дасталася таксама дуэту “Карамелька”, другое падзялілі ансамблі “МАЖОРчыкі” і студыі “Золак”.
…Конкурс, які доўжыўся звыш чатырох гадзін, нарэшце падышоў да самага прыемнага – узнагароджання пераможцаў.
Дырэктар Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Наталля Бернат падзякавала ўсім удзельнікам за дастаўленую радасць адкрыцця новых зорачак на музычным небасхіле Жабінкаўшчыны, параіла і далей смела крочыць з песняй па жыцці, уручыла дыпломы і падарункі пераможцам, а граматы – удзельнікам конкурсу.
Хто ведае: мо, адкрытыя на конкурсе імёны праславяць некалі Жабінкаўшчыну на ўсю краіну?

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.