Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Хто хаця б раз спрабаваў нашы традыцыйныя дранікі ды бабку, пацвердзіць, што няма нічога смачнейшага. Каб пакаштаваць знакамітыя беларускія стравы, трэба спачатку шчыра папрацаваць на зямлі і атрымаць добры ўраджай бульбы. У ААТ “Хмелева” летась гэтай культуры сабралі 262 цэнтнеры з гектара, а сёлета плануюць палепшыць дасягнуты вынік.
Пад другі хлеб у гаспадарцы адведзена 120 гектараў, якія з 19 красавіка паступова засаджваюцца бульбай розных гатункаў. Ёсць на хмелеўскіх палях “Скарб” і “Уладар”, “Маніфест” і “Лілея”, а таксама “Жывіца”. Праца кіпіць, пры добрым надвор’і пасадку культуры плануюць завяршыць да 1 мая.
– Больш за 50 гектараў ужо засаджана, але работы яшчэ шмат, – акідвае поглядам поле ў Дзяменічах галоўны аграном таварыства Валянцін Казлюк. – На імпартнай бульбасаджалцы працуе механізатар Іван Андрасюк – шчыры руплівец, амаль 30 гадоў у гаспадарцы. Каб паскорыць працэс, плануем задзейнічаць дадатковую тэхніку. Падвозам насеннай бульбы займаюцца вадзіцелі Сяргей Хвісюк і Уладзімір Кастыка. У выніку за дзень маем у сярэднім 10 засаджаных гектараў.
Радасна, што побач з вопытнымі работнікамі ў гаспадарцы працуе моладзь, якой давяраюць выкананне самых важных задач. Так, пасяўная сельгаспрадпрыемства праходзіць пад пільнай увагай маладой зладжанай каманды, у якую, акрамя Валянціна Казлюка, уваходзяць аграном-аграхімік Кацярына Колтак, а яшчэ начальнікі ўчасткаў Станіслаў Давідчук і Андрэй Гацкевіч. Галоўны аграном прызнаецца, што часам бывае няпроста, але з дапамогай калег і падтрымкай кіраўніка таварыства Барыса Парафенюка задуманае ажыццяўляецца.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%