Криминальная хроника

Криминальная хроника

Прагуляліся, “пазабаўляліся”…

Пра тое, што “зялёны змей” спакушае на самыя бязглуздыя ўчынкі, ведае кожны. У тым ліку і трое жабінкаўцаў, што ноччу шпацыравалі па аўтадарозе Жабінка-Залуззе. Пад уплывам алкаголю хлопцы (старэйшаму 25, малодшаму 20 гадоў) вырашылі “пазабавіцца”, абазначаючы свой шлях… 11 пашкоджанымі дарожнымі знакамі. Іх бязмежная і неабдуманая “весялосць” каштавала больш за 1,6 мільёна рублёў. Шкоду, нанесеную філіялу ДЭУ-22 КУП “Брэстаўтадар”, прыйшлося кампенсаваць з уласных кішэняў.

Трагедыі не пазбеглі

Ён меў від на жыхарства іншаземнага грамадзяніна, прыжыўся ў Шчэгліках у адзінокай жанчыны. Аднак у сужыцеляў адразу сумеснае жыццё не заладзілася. Нярэдкімі былі ў хаце п’янкі, а за імі сваркі з пагрозамі. У рэшце рэшт яна не вытрымала і заявіла на Н. у міліцыю, калі ён стаў кідацца з нажом, а затым адкрыў канфоркі ў газавай пліце, пагражаючы ўзарваць і дом, і гаспадыню. У першы раз трагедыі пазбегнуць удалося. Аднак праз колькі дзён Н. пагрозу выканаў — у дачыненні да сябе: развітаўся з жыццём, наклаўшы на сябе рукі.

Мак на ўзбочыне

У час правядзення спецыяльнай праграмы “Мак” супрацоўнікі Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы ўжо не аднойчы вынішчалі расліну, якая з’яўляецца наркатычнай. Паабапал дарог паблізу Зеленкаўшчызны, Сакаў, Жыціня, Абрамавічаў былі выяўлены і спалены звыш сотні раслін маку, якія важылі каля 15 кг. Вядома, гэтыя кветкі на ўзбочыне могуць не аднаго чалавека завесці на ўзбочыну жыцця.

Нават штраф не спыніў

“Сядай за руль толькі цвярозым!” — неаднойчы чулі берасцеец Аляксандр Траквян і кобрынец Віталь Штык. І не толькі чулі, але і раскашэльваліся за такое “захапленне”. Першы кіроўца летась ужо выклаў за п’яную язду 16 базавых велічыняў, а другі — нават трыццаць! Аднак і года не мінула, як зноў узяліся за старое. Аляксандр “асядлаў” матацыкл “Кавасакі”, на якім быў затрыманы інспектарам ДАІ ля аздараўленчага цэнтра “Арляня”. Віталя, п’янага кіроўцу на “Фольксвагене”, спыніла толькі ДТЗ у в.Сычова.

“Добры кум” ад “кумы”

Не толькі жыхары Якаўчыцаў ведаюць вясковую “кропку”, дзе заўжды можна набыць “чарніла”. “Подзвігі” гаспадыні дома Н.Замулка знаёмыя і супрацоўнікам міліцыі. Яны неаднойчы штрафавалі  яе за супрацьпраўны занятак. Вось і зноў жанчына “не пашкадавала” аднавяскоўцу, у якога трызніла галаву, бутэлькі віна “Добры кум”. За тое на “гандлярку” складзены адміністрацыйны пратакол.

Грошы ў бляшанцы

Захаванне сваіх зберажэнняў (трошкі больш за паўмільёна рублёў) 70-гадовая жыхарка райцэнтра вырашыла даверыць не банку, а бляшанцы, у якой раней былі крупы. Такі кухонны “сейф”, як аказалася, не збярог грошай. Яны раптам зніклі бясследна. Калі за справу ўзялася міліцыя, высветлілася, што на чужое паквапілася суседка.

“Адшукаў” металалом

Здаецца, саракагадовы Валерый Гучэнка даўно выйшаў з піянерскага ўзросту, а ўсё захапляецца зборам металічнага лому. Праўда, для гэтага занятку, як высветлілася, яму не хапае нейкай “дробязі” — афіцыйнага дазволу… Вось і быў нядаўна “калекцыянер” затрыманы, калі вёз у кузаве прычэпа 600 кг старых металічных рэчаў з Хадасоў. За гэта В.Гучэнка прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Колькі кабелю не віцца…

Жыхароў Кобрына Ілью Шатроўскага і Вадзіма Любочку больш цікавіць медзь, прынамсі, кабель, з яе зроблены. Сярод ночы зламыснікі ўкралі з вышак мабільнай сувязі ў Сцяпанках, Жабінцы, Рагозна 110 метраў кабелю. Аднак чужая маёмасць шчасця не прынесла — “прыхільнікі” каляровага металу, якія прынеслі шкоду МТС на 900 тысяч рублёў з ліхвай, былі затрыманы мабільнай групай раённага аддзела ўнутраных спраў.

У.БАРЫСЮК, намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top