Паўвекавы юбілей “кузні творчасці”

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Разам з вядучымі Іллёй Учаевым і Вікторыяй Міцковіч прысутныя перагарнулі старонкі паўвекавой гісторыі “кузні творчасці”.
Раённы Дом піянераў і школьнікаў быў адчынены ў 1968 годзе на базе асобнага пакоя Жабінкаўскага райваенкамата, а ў 1976-м “перасяліўся” ў будынак на вуліцы Шашэйнай, дзе размяшчаецца і зараз. Яго першым (і на працягу 25 гадоў нязменным) дырэктарам была Ніна Дзмітрыеўна Куніцкая. Сярод педагогаў, чыя прафесійная дзейнасць была звязана з Домам піянераў і школьнікаў (а затым – Цэнтрам пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі), былі прыгаданы Васіль Валасюк, Наталля Урбан, Ірына Кашчэва, Лілія Храмцова, Раіса Кішкевіч, Галіна Ступчык, Галіна Адзінец, Ала Ануфрыюк, Рыта Чарнагузава і многія іншыя.
Сёння пачатую імі справу працягваюць не менш таленавітыя і ўлюбёныя ў сваю справу педагогі. Народныя традыцыі ганчарства і саломапляцення захоўваюць Наталля Сцепанюк, Тамара Казлова і Ірына Коваль. Кавалачкі тканіны ператварае ў сапраўдныя цуды Наталля Уласюк, у свет выяўленчага мастацтва суправаджаюць навучэнцаў Іна Рудкоўская і Алена Філіповіч. Разам з дзецьмі “ажыўляе” прыродныя матэрыялы Святлана Постнікава, цудоўныя кампазіцыі з бісеру вучаць ствараць Таісія Журомская і Вольга Кіслая. Мару хлопчыкаў і дзяўчынак пра выступленне на сцэне дапамагае ўвасобіць у рэальнасць Вікторыя Міцковіч, музычнасць і пачуццё рытму развівае Святлана Рай. Самыя цікавыя гульні і конкурсы праводзіць педагог-арганізатар Юлія Гарбуз. Дапамагае настаўнікам распрацоўваць цікавыя заняткі і забяспечвае незабыўныя прыгоды ў лагеры намеснік дырэктара РЦТДіМ Алена Скрыпка. А кіруе дружным творчым калектывам цэнтра дзелавая і крэатыўная Галіна Іванова.
Яна павіншавала калег з юбілеем роднай установы і адзначыла, што сёння ў цэнтры творчасці працуюць 86 аб’яднанняў па інтарэсах розных накірункаў: мастацкага, турысцка-краязнаўчага, тэхнічнага, спартыўна-масавага. Тут знайшлі сабе занятак па душы і развіваюць свае здольнасці каля тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзякуючы таленту і майстэрству вопытных педагогаў выхаванцам раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі скараюцца самыя высокія вяршыні і ўвасабляюцца ў жыццё самыя смелыя задумкі. У скарбонку дасягненняў установы за апошнія два гады дадаліся такія важкія ўзнагароды, як дыпломы пераможцаў рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці “Калядная зорка” (педагог Святлана Постнікава), рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Юныя таленты Беларусі” (педагог Наталля Уласюк), рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” (педагог Ірына Румко), міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” (педагог Іна Рудкоўская). А з Нацыянальнага аздараўленчага цэнтра “Зубраня” выхаванцы педагога Наталлі Уласюк прывезлі найвышэйшую ўзнагароду – крыштальнага зубра, ужо трэцяга па ліку.
З цёплымі словамі віншаванняў і пажаданняў да педагогаў і навучэнцаў раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі звярнуліся старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Тарасевіч і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан.
Дзмітрый Мікалаевіч падзякаваў настаўнікам цэнтра за іх руплівую, карпатлівую працу, за развіццё творчых здольнасцей дзяцей і стварэнне ўмоў для таго, каб яны маглі праявіць свае таленты, і падарыў установе-юбілярцы ноўтбук.
Яшчэ адзін падарунак – радыёмікрафоны – ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ўручыла цэнтру творчасці дзяцей і моладзі Іна Тарасевіч. Іна Уладзіміраўна заўважыла, што трэцяя частка ўсіх школьнікаў раёна – гэта выхаванцы цэнтра, якія сваімі дасягненнямі праслаўляюць малую радзіму.
Павіншавала родную ўстанову з юбілеем і Наталля Урбан, якая амаль два дзясяткі гадоў была педагогам цэнтра творчасці, а яе дочкі Таццяна і Юлія – яго навучэнкамі і неаднаразова станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў дзіцячай творчасці.
Як адзначалася не ў адным выступленні, за лічбай 50 – лёсы дзяцей розных пакаленняў, жыццё педагогаў, што аддалі свае сэрцы выхаванцам, адкрылі для іх свет фантазіі і творчасці. “Галоўнае на свеце – гэта нашы дзеці” – спявалі ўдзельнікі канцэрту, і пад гэтымі словамі, упэўнена, падпісаліся б і педагогі цэнтра, і бацькі юных талентаў. Ад імя апошніх падзякавала выкладчыкам Наталля Пятручык, дочкі якой Марыя і Кацярына з задавальненнем наведваюць заняткі ў РЦТДіМ, як некалі ў свой час гэта рабіла іх матуля.
Раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі многія жабінкаўцы і сёння называюць Домам піянераў і школьнікаў. І нездарма. Цэнтр па-ранейшаму з’яўляецца каардынатарам дзіцячага руху, а сённяшняя піянерыя – гэта валанцёрскі рух, працоўныя і патрыятычныя акцыі, яркія і вясёлыя святы. А вось пра тое, чым было напоўнена жыццё піянераў 70-80-х гадоў, распавяла старшыня раённай піянерскай арганізацыі 80-х і раённага піянерскага штаба “Расінка”, актыўны гуртковец Дома піянераў і школьнікаў, а зараз – намеснік дырэктара па навучальнай рабоце сярэдняй школы № 1 Жабінкі Іна Мірко.
Пра любімых педагогаў, родную ўстанову дадатковай адукацыі і заняткі ў ёй расказалі дзеці з дапамогай відэафільма, які выклікаў шмат пазітыўных эмоцый у гледачоў. Зарадзіліся яны і ад выступленняў юных артыстаў. Яркія нумары падарылі прысутным танцавальны калектыў “Гарэзы” пад кіраўніцтвам Ірыны Румко, тэатр моды з калекцыяй адзення ў стылі фальк-мадэрн “Золата сонца” (педагог Ірына Коваль), дзіцячы фальклорны калектыў з Хмелева з танцамі нашых бабуль (кіраўнікі Таццяна Грыцук і Наталля Дырман). Музычныя віншаванні віноўнікі і госці свята атрымалі ад калектыву “Вясёлкавы мікс” (кіраўнік Вікторыя Міцковіч).
У той вечар на сцэне ГДК назіраўся сапраўдны зарапад юных талентаў. Дый выставы малюнкаў і вырабаў з разнастайных матэрыялаў у фае Дома культуры пацвярджалі таленавітасць і майстравітасць нашых дзетак і іх педагогаў. Многія з іх падчас урачыстага мерапрыемства былі ўзнагароджаны граматамі райвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму, раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
50-гадовы юбілей – гэта і сталасць, і маладосць адначасова. Цэнтр творчасці ў самым росквіце сваім, і яго дзверы – дзверы ў свет творчасці – адчынены для дзяцей і моладзі.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.