Навучэнцы 8-11 класаў Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната прынялі ўдзел у прафарыентацыйных мерапрыемствах, якія праводзіў Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж у рамках Тыдня дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Юнакоў і дзяўчат чакала насычаная праграма. Пачалася яна з прафарыентацыйнай экскурсіі па галоўным навучальным корпусе каледжа на вуліцы Дзяржынскага, 54. У ролі экскурсавода выступіў майстар вытворчага навучання Аляксандр Мікалаевіч Лазарчук. Ён правёў навучэнцаў па вучэбных кабінетах і падрабязна расказаў пра прызначэнне таго ці іншага апарата, спецыфіку будаўніча-мантажных работ, тэхналогію зваркі, перавагі авалодання навыкамі рамонту санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання. У майстэрнях каменных, апрацоўчых, санітарна-тэхнічных і электрагазазварачных работ майстар патлумачыў, што галоўным чынам у дадзеным корпусе вучацца юнакі, бо спецыяльнасці арыентаваны на іх.
Далей гасцей запрасілі на экскурсію па выставачнай зале дэкаратыўна-прыкладной творчасці, размешчанай на цокальным паверсе аднаго з карпусоў інтэрната каледжа на плошчы Леніна. Нас уразілі разнастайнасць вырабаў, карцін, вышывак, створаных навучэнцамі каледжа.
Уся зала фармальна падзелена на сем невялікіх зон: разьба па дрэве, вышыўка, аплікацыя, саломапляценне, ганчарства, маляванне, ткацтва. Экскурсавод Людміла Васільеўна Раўнейка распавяла аб гісторыі ўзнікнення выставачнай залы, аб нюансах стварэння некаторых вырабаў. Навучэнцы аднадушна пагадзіліся з гідам, што калі ўважліва вывучаць тут кожную работу, то на гэта спатрэбіцца не адзін дзень.
Заключным этапам прафарыентацыйнай экскурсіі ў Кобрын стала наведванне школьнікамі аддзялення мастацкіх рамёстваў і дрэваапрацоўкі, дзе былі прадэманстраваны розныя майстар-класы па дэкупажы, графіцы, мастацкім калажы. Юнакі і дзяўчаты змаглі пагутарыць з выпускніцай школы Настассяй Радчук, якая ўдзельнічала ў паказе калажу. Насці вельмі падабаецца навучанне ў каледжы, яна задаволена абранай спецыяльнасцю.
Затым навучэнцам быў прапанаваны відэаўрок па тэме “Арнамент у беларускай творчасці”. Майстар вытворчага навучання Ала Вітальеўна Пракурат арганізавала майстар-клас па беларускім “цацкаванні” (арнаментальнай размалёўцы тканіны). Дэталі роспісу захапілі Кацярыну Салунову, Вольгу Хурсіну, Аксану Старун, Кацярыну Мікалайчук, Ангеліну Мышкевіч, і яны з цікавасцю папрацавалі з майстрам. Астатнія дзеці выступілі ў ролі назіральнікаў. Сюрпрызам для ўсіх сталі імянныя сертыфікаты аб удзеле ў тэматычным майстар-класе.
Завяршылася экскурсія фатаграфаваннем на памяць аб паездцы, якое адбылося ў зале, аздобленай віртуознай разьбой з пазалотай, выкананай навучэнцамі каледжа па эскізе аднаго з самых прыгожых палацаў у Санкт-Пецярбургу.
Зарыніка ПЛАШКЕВІЧ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%