На вопросы граждан отвечает председатель райисполкома Н.В.Токарь

На вопросы граждан отвечает председатель райисполкома Н.В.Токарь

“Вас слухае старшыня райвыканкама”

4 жніўня была арганізавана “прамая лінія” са старшынёй райвыканкама Мікалаем Васільевічам Токарам. На працягу дзвюх гадзін жабінкаўцы маглі патэлефанаваць і звярнуцца са сваёй праблемай да кіраўніка раёна. 22 чалавекі скарысталі гэтую магчымасць. На большасць пытанняў адказ быў дадзены адразу, некаторыя патрабавалі далейшага разгляду, з іншымі старшыня райвыканкама паабяцаў разабрацца асабіста, выехаўшы на месца. Сёння мы публікуем адказы на большасць з іх.

— Мікалай Васільевіч, калі будзе зроблена каналізацыя на вуліцы Камсамольская ў Жабінцы? Пачалі збіраць грошы і так на гэтым спыніліся.

— Сёлета вядома не будзе. Спачатку выканаем работы ў квартале “Коласаўскі”, там, дарэчы, жыхары сабралі іх раней. Цяпер адшукваем на гэтыя мэты фінансавыя сродкі.

— І другое пытанне. Дзе можна купіць чарназем?

— Звяртайцеся ў ЖКГ. Там вам дапамогуць.

— Чаму былі спынены работы каналізавання і водазабеспячэння квартала “Коласаўскі”, распачатыя яшчэ ў красавіку?

Л.П.Будзько з вул.Палявая; гэтае пытанне задалі таксама на “прамую лінію” Дзенісюк і Верамяюк.

— Работы вяліся пакуль былі сродкі. Усяго на гэты аб’ект патрэбна 2,6 мільярда рублёў. З абласнога бюджэту выдзелена ўсяго 50 мільёнаў руб., 220 мільёнаў — з раённага. Тых грошай, што сабралі, капля ў моры. 702 метры трубы праклалі па вуліцы Я.Коласа, па вул.Працоўная не распачыналі работ, таму што не хапае сродкаў. Неабходна, каб функцыянавала спачатку гэтая частка. Аб’ёмы вялікія: пракладка трубы, будаўніцтва прамежкавай каналізацыйнай помпавай станцыі, праход паўз чыгунку, каб выйсці да помпавай станцыі, што на так званай прапарцы. Для гэтага выдзелілі 120 млн. рублёў з раённага бюджэту (а патрэбна 500 млн. руб. на гэты ўчастак). Работы ў хуткім часе ЖКГ будзе праводзіць.

— Праз мой участак хочуць правесці каналізацыю суседзі. Але яны не плацілі грошы, якія ўносілі мы…

— Будзе зроблены пераразлік выдаткаў, што вы панеслі. Я ведаю вашу сітуацыю. Справа ў тым, што калі вы дазволіце ім пракласці трубу праз участак — гэта 10 метраў, інакш капаць траншэю прыйдзецца даўжынёй у 300 метраў. Вырашыце гэтае пытанне па-добраму, па-суседску.

— Мікалай Васільевіч, пасадзейнічайце, калі ласка, нашай сям’і ў выдзяленні субсідыі на будаўніцтва індывідуальнага жылога дома. Паўгода просім, дакументы падрыхтавалі, у банку рахунак адкрыты, а грошай не даюць. Хацелася б атрымаць іх хутчэй. Цэны растуць, а нам засталося зусім мала, каб увесці дом у эксплуатацыю, — паклеіць шпалеры і пафарбаваць.

В.В.Іванова з Жабінкі.

— Колькі вам патрэбна?

— Тры мільёны рублёў.

— Атрымаеце.

— Мікалай Васільевіч, да вас звяртаецца забудоўшчыца кааператыву №21. Чаму не пачынаецца будаўніцтва нашага дома?

З такім пытаннем звярнуліся таксама акрамя жанчыны, што не назвала сябе, Ю.А.Ігнатовіч, Т.Г.Яўстратава і Г.М.Шэйна.

— Банк не можа фінансаваць гэты аб’ект. Бо адзін з забудоўшчыкаў, грамадзянка Кубаціна, не адкрыла крэдытную лінію. Пакуль яна гэтага не зробіць, будзе затрымка. У яе лішняя плошча (яна не крэдытуецца). Такім чынам, асноўную суму грошай ёй давядзецца плаціць самой. Забудоўшчыца адмаўляецца. Накіравалі ёй пісьмо, вызначылі тэрміны, да якіх павінна адкрыць крэдытную лінію. Калі будзе і далей адмаўляцца, вы маеце права на агульным сходзе выключыць яе з кааператыву. Дадзім новага чалавека, што стаіць у чарзе на атрыманне кватэры.
І другая прычына затрымкі будаўніцтва — патрэбна тры вагоны цэменту, каб адразу заліць падмуркавую падушку. Згодна з тэхналогіяй зрабіць гэта неабходна хутка, за два дні.
Адназначна скажу, што ваш кааператыў будзе прафінансаваны і пабудаваны. У жніўні, думаю, распачнем яго ўзвядзенне.

— Калі ў горадзе пабудуюць аўтастаянку?

— У ЖКГ сродкаў на гэта няма. Няма і інвестара, які жадаў бы пабудаваць такі аб’ект. Існуючую прыватную аўтастаянку нельга выкарыстоўваць, яна падтапляецца вадой.
Я згодзен з вамі, у горадзе павінна быць аўтастаянка. Пры наяўнасці грашовых сродкаў, ЖКГ яе пабудуе, але, зразумела, не сёлета, і месца пад яе выдзелім.

— Вас турбуе пенсіянер з вёскі Маціевічы, Леанід Лявонцьевіч Тубілевіч. Чаму цэны на адходы піламатэрыялаў так падняліся, з 24 тыс. руб. за кубічны метр да 40 тыс.?

— Дзе вы іх куплялі?

— На прадпрыемстве “МадэрасБудІнвест”.

— Справа ў тым, што цяпер, згодна з пастановай Савета Міністраў, цэны адпушчаны, устанаўліваюцца вытворцамі. Адходы драўніны — не сацыяльна значны тавар, на які іх рэгулюе ўрад. З улікам падаражання, і значна, энерганосьбітаў права прадпрыемства ўстанаўліваць кошт тавару. Іншая справа, што вам трэба пацікавіцца, у каго танней зможаце купіць. І ўсё ж, па цэнах мы разбяромся і вам паведамім.

— З Сакалова тэлефаную. Рыбгас раскапаў дарогу. Цяпер даводзіцца вакол аб’язджаць, вельмі нязручна.

В.А.Скарына.
— Раскапалі дарогу па нашым даручэнні, і будуць пракладваць трубу. Да Сакалова дрэнны пад’езд з Матыкальскага боку. Многа зваротаў паступіла ад грамадзян. Пад’езд да вёскі зробім на працягу жніўня-верасня.

— Чаму раённая газета выходзіць на беларускай мове?

Пенсіянер з вёскі Рачкі.

— Гэта наша родная мова, сугучная з рускай, можна лёгка зразумець. Выдаецца на беларускай мове даўно. Мы жывем у Беларусі і павінны ведаць сваю мову. А газета цікавая. Выпісвайце яе і чытайце. Будзеце ведаць мясцовыя навіны.

— Мікалай Васільевіч, у вас ёсць маё пісьмо, у якім я прашу выселіць грамадзяніна Гусака з кватэры за амаральныя паводзіны, што вы мне можаце адказаць?

А.І.Дзмітрыеў, Санаторый “Буг”.
— Кватэра яго прыватызаваная. Таму выселіць чалавека немагчыма. Разглядаем пытанне, каб адправіць яго на лячэнне ад алкагалізму. Безумоўна, такое суседства незайздроснае. У чарговы раз накіруем у гэтую кватэру прадстаўнікоў санстанцыі, участковага інспектара, каб прымусілі яго навесці парадак.

— Ці можна змяніць расклад руху аўтобуса Кобрын — Жабінка (праз санаторый “Буг”). Па аўторках, чацвяргах і пятніцах ён не ходзіць. А многія людзі ездзяць ім на працу ў Жабінку.

Г.М.Шэйна, пасёлак Ленінскі.

— Вывучым сітуацыю. Калі гэта не стратны маршрут, дык было б няблага пусціць аўтобус штодзённа. Адказ вам дадзім.

— Добры дзень, Мікалай Васільевіч, гэта Андрэй Гаркалюк з Жабінкі. Паўтара месяцы назад, калі пачыналася ўборка, перакрылі дарогу паміж вёскай Замошаны і Пятровіцкім лясніцтвам. Трактары і МАЗы сельгаспрадпрыемства пайшлі ў аб’езд праз дачныя ўчасткі. Разбілі дарогу так, што не толькі не праедзеш, але і пешшу не пройдзеш.

— Яны не маглі там ездзіць. Праезд па дарозе перад уборкай адкрылі. Хіба што прарываюцца аўтамашыны, каб абмінуць пункт дарожных збораў. Выедзем на месца, праверым.

— Мікалай Васільевіч, гэта патэлефанаваў удзельнік вайны з Якаўчыц, Арсеній Васільевіч Жук. У мяне да вас тры пытанні. Ці думаеце вы пра тое, каб у нашай вёсцы паменшыць утрыманне жалеза ў вадзе?

— Вы маеце на ўвазе станцыю абезжалезвання? Планавалі ўзводзіць яе ў Якаўчыцах сёлета. Каб іржавая вада не паступала ў вашы дамы. Але, на жаль, пакуль з фінансаваннем ёсць пэўныя цяжкасці.

— Сёлета ЖКГ брала ў нас грошы за паліў агародаў. Вільгаці было дастаткова. Хіба ж хто паліваў?

— Я думаю, гэта няправільна. Цэлы ліпень ішлі дажджы. Тут ёсць недапрацоўка ЖКГ. Хоць яны кіруюцца нормамі, зацверджанымі Міністэрствам. Разгледзім ваш зварот.

— СВК “Якаўчыцы” аб’ядноўваюцца з ААТ “Жабінкаўскі”. Ці захаваюцца льготы для ветэранаў, якія былі ў нас як членаў сельгаспрадпрыемства?

— Абсалютна ўсе захаваюцца. А магчыма, і пашырым іх.

— Дазванілася вам Ніна Казіміраўна Гоман з Арэпічаў. Патлумачце, чаму ЖКГ бярэ з нас плату за паліў агародаў. Ідуць дажджы, ніхто агароды не палівае.

— Я вас разумею. Гэта няправільна. За ліпень плаціць не будзеце.

— Гэта тэлефануюць з Рагозна. Нас усіх цікавіць пытанне, калі ля могілак і на аўтобусным прыпынку будуць туалеты.

— Пытанне вы задалі правільнае. Але яно ўзнімаецца ўпершыню.
Ля могілак можна ўстанавіць, а каб на пункце прыпынку аўтатранспарту, патрэбна вырашаць пытанне разам з дарожнікамі.

— Мікалай Васільевіч, да вас звяртаецца Таццяна Навіцкая. Я сама родам з Жабінкі, жыву ў Мінску. Прашу вас пасадзейнічаць у навядзенні парадку на могілках, што ў мікрараёне цукровага завода, асабліва з боку гаражоў і хлявоў. Тут раскідана смецце, прычым не з могілак, ходзяць куры. Некалькі разоў тэлефанавала ў ЖКГ, але справа так з месца і не зрушылася. Крыўдна і балюча бачыць недагледжанасць на месцы, дзе пахаваны блізкія людзі.

— Ваш званок возьмем на заметку. Паспрабуем прывесці могілкі і тэрыторыю ля іх у належны выгляд. Перш за ўсё хлявы замінаюць, каб сапраўды добраўпарадкаваць тут тэрыторыю. Хоць, праўда, частку іх ужо давялося прыбраць. Шкада, канечне, што некаторым людзям не хапае культуры, яны не ўмеюць цаніць і берагчы святыя месцы.

— Ці выдзяляюцца субсідыі на будаўніцтва індывідуальных дамоў?

В.У.Карпіна.

Выдзяляем. Па заявах. Згодна з чаргою.

— Мікалай Васільевіч, да вас звяртаецца жыхар Сцяброва Аляксей Аляксеевіч Лазарук. Мы прасілі ЖКГ, каб спілавалі дрэвы на могілках, але пакуль гэта не зрабілі. Дапамажыце.

— Паступова дрэвы будзем зразаць, наводзіць парадак на могілках.

— Патрэбна ваша садзейнічанне, каб пачысцілі канал, што побач з нашай вёскай.

— Абследуем. ПМК-19 справіцца з гэтымі работамі.

Падрыхтавала С.МІКАЛАЕВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top