Новости

Новости

“ZALA” прапісваецца на Жабінкаўшчыне

Інтэрактыўнае тэлебачанне “ZALA” прыходзіць у дамы як гараджан, так і вяскоўцаў. Цяпер на Жабінкаўшчыне гэтай паслугай карыстаюцца больш чым 1210 абанентаў. Дарэчы, у раённым вузле электрасувязі ёсць яшчэ каля 150 заявак на падключэнне інтэрактыўнага тэлебачання. Сёлета ў трэцім квартале сувязісты ўстанавілі пяць тэлекамунікайных шафаў і праклалі валаконнааптычны кабель да іх. Так што ў хуткім часе лічбавае тэлебачанне прыйдзе ў дамы на вуліцах Сонечная, Лугавая, Дачная, Камсамольская, вёску Здзітава. А ў другім квартале яно прыйшло ў Ракітніцу, Старое Сяло, Азяты, санаторый “Буг”. На сарака каналах прапануюцца тэлевізійныя перадачы.

Маладыя спецыялісты прыходзяць у адукацыю

Здаецца нядаўна пачыналіся летнія канікулы, а ўжо педагогі рыхтуюцца да заняткаў у прадметных секцыях, якія пачнуць працаваць у раёне з 22 жніўня. Тут абмяркуюцца праблемы, якія трэба будзе вырашаць у новым навучальным годзе.
А яшчэ ў гэтыя дні педагагічная сябрына Жабінкаўшчыны папаўняецца маладымі спецыялістамі. Іх прыязджае да нас 12. Гэта выпускнікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, Мінскага лінгвістычнага інстытута, Пінскага і Аршанскага педвучылішчаў.
З прыходам маладых педагогаў у школы, вядома, інавацыйныя тэхналогіі, творчасць, майстэрства набудуць новыя адценні і формы.

Дапамогуць у набыцці прафесіі

Аддзел занятасці насельніцтва ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама пастаянна займаецца падрыхтоўкай і перадпадрыхтоўкай кадраў для розных галін эканомікі. Адбываецца гэта згодна з распрацаваным графікам навучання. Асабліва актуальна цяпер, калі выпускнікі перад выбарам сваёй жыццёвай дарогі. Па накіраванні аддзела на вучобу ідуць тыя, хто зарэгістраваны ў якасці беспрацоўнага. Вам дапамогуць вывучыцца на візажыста, майстра ў манікюры, аператара ПВМ з веданнем праграмы “1 С”, сакратара, аператара кацельні, слесара для рамонту аўтамабіляў, прадаўца, на іншыя спецыяльнасці. У час вучобы плаціцца стыпендыя, кампенсуецца штодзённы праезд тым, хто жыве ў Жабінцы, а вяскоўцы па магчымасці забяспечваюцца жыллём.
Летась, напрыклад, цераз аддзел набылі новыя прафесіі 55 чалавек раёна.

Кнігі як сведчанне трывалага сяброўства

У мінулыя выхадныя прайшло традыцыйнае паэтычнае свята на Валыні, прысвечанае класіку ўкраінскай і сусветнай літаратуры Лэсі Украінцы. Удзел у ім прыняла разам з гасцямі з краін-суседзяў пісьменніцкая дэлегацыя Брэстчыны. Асноўныя мерапрыемствы адбыліся ў сяле Калодзяжнае, дзе доўгі час жыла і стварала неўміручыя творы Лэся і дзе даўно ўжо адчынены музей-сядзіба яе імя.
Асобны момант свята — сустрэча валынскіх і берасцейскіх літаратараў. Іх шматгадовае сяброўства сёлета павінна ўвасобіцца ў дзве ўнікальныя кнігі: твораў берасцейцаў у перакладах валынян і твораў украінскіх паэтаў і празаікаў у перакладах сяброў з Брэстчыны. Фінансавыя выдаткі, дарэчы, бярэ на сябе ўкраінскі бок.
Рукапісы зборнікаў на стадыі завяршэння. У іх будуць змешчаны вершы і пераклады нашых землякоў: Івана Арабейкі, Алеся Каско і Васіля Сахарчука.

“Мотальскія прысмакі”

У гэтыя дні ў Моталі адбываецца IV Міжнародны фестываль страў палескай кухні. Разам з традыцыйнымі мерапрыемствамі тут праходзяць дзіцячы фестываль, дэфіле-карнавал кулінарных вырабаў, адзення кулінараў. Перад прысутнымі выступаюць самадзейныя калектывы з Польшчы, Расіі і Украіны, а таксама Іванаўшчыны. Гасцям прапаноўваецца змястоўная экскурсійная праграма па знакавых мясцінах раёна. Словам, свята “Мотальскія прысмакі” дазваляе бліжэй пазнаёміцца з унікальнымі традыцыямі самабытнага краю — Палесся.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top