Інтэрнэт стаў неад’емнай часткай нашага жыцця, але варта памятаць, што ў віртуальным асяроддзі таксама здзяйсняюцца злачынствы. Што ж неабходна ведаць, каб не стаць ахвярай кіберзлачынцаў?
Ашуканцы пастаянна знаходзяць новыя спосабы падману даверлівых грама-дзян. Пры пакупцы тавараў ці аплаце паслуг праз сетку інтэрнэт заўсёды прысутнічае рызыка, асабліва, калі здзелка праходзіць па схеме: спачатку грошы – потым тавар. Сярод найбольш распаўсюджаных заўважаны наступныя злачынствы.
Гэта продаж кватэр і аўтамабіляў праз аб’явы на розных сайтах. Як правіла, тэлефон прадаўца адсутнічае, перапіска вядзецца віртуальна. Прадавец знаходзіцца за мяжой і для пацвярджэння плацежаздольнасці будучага пакупніка просіць зрабіць міжнародны грашовы перавод круглай сумы на сваё імя (на імя пакупніка, што і падкупляе) і даслаць копію бланка перавода. Пасля гэтага, безумоўна, не чакайце, што прадавец выйдзе на сувязь: грошы ўжо знятыя за мяжой.
Ахвярамі віртуальных жаніхоў часта становяцца адзінокія жанчыны, якія ўступаюць з імі ў электронную перапіску. Усе спробы сазваніцца або пагутарыць з дапамогай відэа церпяць фіяска. Неўзабаве жаніх адпраўляе “будучай нявесце” каштоўную пасылку, якая па розных прычынах не можа дайсці да атрымальніка, таму ён просіць зрабіць невялікі грашовы перавод, здольны вырашыць праблему. Сцэнарый можа быць розным, але ў выніку ні жаніха, ні грошай.
Інвестыцыі ў замежныя праекты і фінансавыя піраміды, навучанне біржаваму гандлю, латарэі і нечаканая спадчына – гэта няпоўны пералік таго, што выкарыстоўваецца ашуканцамі для завалодання грашыма даверлівых грамадзян.
У цяперашні час адзначаецца значны рост колькасці зваротаў грамадзян па фактах узлому старонак сацыяльнай сеткі “УКантакце”, завалодання ашуканскім шляхам рэквізітамі банкаўскіх плацежных карт або доступу да паслугі “інтэрнэт-банкінг” з наступным крадзяжом грашовых сродкаў. У мінулым годзе толькі ў Брэсцкай вобласці распачата па дадзеных фактах больш за 100 крымінальных спраў, а ў бягучым іх колькасць ужо перасягнула гэтую лічбу. У ходзе электроннай перапіскі даверлівыя грамадзяне, мяркуючы, што размаўляюць з той асобай, якой належыць старонка ў сацыяльнай сетцы, перадаюць фатаграфіі сваіх банкаўскіх плацежных карт, паведамляюць пашпартныя дадзеныя, не задумваючыся, што старонка можа быць узламана злачынцам.
Толькі пільнасць і асцярожнасць дапамогуць не стаць ахвярай злачынства і захаваць свае грашовыя сродкі!
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%