У наш час ва ўсім свеце сардэчна-сасудзістыя захворванні выйшлі на першае месца. Выклікае трывогу той факт, што яны часта сустракаюцца ў маладым узросце і з’яўляюцца прычынамі цяжкіх зыходаў.
У аснове паталогіі звычайна ляжыць атэрасклероз, які развіваецца непрыкметна, на працягу многіх гадоў, і звычайна праяўляецца ў далейшым пэўнай сімптаматыкай.
Прафілактыка сардэчна-сасудзістых захворванняў дапаможа папярэдзіць хваробы сэрца. Для гэтага неабходна ведаць, чаго яно не любіць, а на што адклікаецца з падзякай. У першую чаргу неабходна надаваць увагу харчаванню. Ешце хлеб грубага памолу, у якім вялікая колькасць клятчаткі. Яна збірае на сябе халестэрын і выносіць яго з арганізма. Значыць, атэрасклератычныя з’явы будуць праяўляцца намнога павольней. Ужывайце больш гародніны і садавіны: у іх знаходзяцца важныя мікраэлементы і вітаміны для сэрца. Ад жывёльных тлушчаў лепш адмовіцца, а ўжываць алей, лепшым лічыцца аліўкавы ці льняны. Не забывайце пра марскую рыбу і морапрадукты, багатыя на тлустыя кіслоты амега-3. Яны спрыяюць прафілактыцы атэрасклерозу. Старайцеся ўжываць у ежу разынкі, курагу – гэта дапаможа сэрцу, зніме слабасць і болі. Піце якасную сырую ваду. З мэтай прафілактыкі дадзеных захворванняў добра праводзіць разгрузачныя дні. Харчуйцеся чатыры разы ў дзень, вячэраць старайцеся не пазней, чым за тры гадзіны да сну. Вельмі карысныя ўмераныя фізічныя нагрузкі, здзяйсняйце штодзённыя прагулкі ўмераным крокам па 45 хвілін.
Цяпер пагаворым пра тое, на што сэрца рэагуе дрэнна, што яму не падабаецца. Вялікі пік сардэчна-сасудзістых захворванняў – інфарктаў і інсультаў – прыходзіцца на пачатак дачнага перыяду. Не імкніцеся адразу перарабіць усе справы, лепш займацца імі паступова. Звярніце ўвагу на сон. Спаць доўга – дрэнна, але і недасыпанне таксама шкодна. Пазбягайце стрэсаў і канфліктных сітуацый, трэба ставіцца да іх з доляй гумару. Думайце над тым, што няма ідэальных людзей, а мы ўсе такія розныя. Кантралюйце свой артэрыяльны ціск. Мэтавы ўзровень яго складае ніжэй за 140/90 мм рт. сл. Ежу старайцеся саліць менш, але зусім адмаўляцца ад солі не рэкамендуецца. Надавайце ўвагу сваёй вазе. Сачыце за паказчыкамі халестэрыну, цукру крыві. Папрасіце свайго лечачага ўрача зрабіць адзін раз у год аналіз крыві на згусальнасць: так вы можаце папярэдзіць трамбоз. Вязкая кроў дрэнна праходзіць па сасудах, мікрацыркуляцыя яе парушаецца. З узростам у арганізме назіраецца дэфіцыт магнію і кальцыю, асабліва ў жанчын, у якіх наступілі гарманальныя змены. Гэта вядзе да сардэчна-сасудзістых захворванняў і астэапарозу.
Не пачынайце курыць, а калі курыце – паспрабуйце кінуць, якім бы цяжкім гэта ні здавалася. Не злоўжывайце алкаголем. Абавязкова праходзьце штогадовы дыспансерны агляд у свайго ўчастковага ўрача.
Вера ЛАЎРУКЕВІЧ, урач-тэрапеўт участковы паліклінікі УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%