Як толькі сыходзіць снег, адразу ж з’яўляюцца першыя вясновыя расліны – белыя, жоўтыя, ружовыя, блакітныя. Гэта першацветы – дзіўныя расліны, якія цвітуць тады, калі ў лесе на дрэвах яшчэ няма лістоты і кожны цёплы сонечны праменьчык даходзіць да самай зямлі. У гэтых раслін выпрацаваліся важныя прыстасаванні для ранневясенняга цвіцення. Найбольш поўна выкарыстоўваюць умовы дастатковай асветленасці і ўвільготненасці невялікія расліны – эфемероіды. Яны адрозніваюцца незвычайнай паспешлівасцю – з’яўляюцца на свет адразу пасля сыходу снегу і хутка развіваюцца, нягледзячы на вясновую прахалоду. Праз тыдзень-другі яны ўжо цвітуць, а яшчэ праз два-тры – у іх з’яўляюцца плады з насеннем. Самі расліны пры гэтым жаўцеюць, палягаюць на зямлю, іх надземная частка высыхае. А ў зямлі застаюцца жывыя падземныя органы – клубні, цыбуліны, карэнішчы. Яны багатыя пажыўнымі рэчывамі, запас якіх дазволіць будучай вясной новым раслінам убачыць святло. Першацветы часта з’яўляюцца насякомаапыляемымі раслінамі. Іх яркія кветкі вельмі прыкметныя, калі ніжнія ярусы бязлістага лесу добра асветлены. Цвітуць яны звычайна ў красавіку (у асобныя цёплыя гады – з канца сакавіка) да сярэдзіны мая. У Беларусі растуць такія перша-цветы, як ветраніца лясная, сон-трава, пралеска высакародная, падснежнікі, ландыш майскі і іншыя.
Пасля доўгай зімы людзі радуюцца кожнаму зялёнаму парастку. І, вядома, асабліва шмат радасці прыносяць нам першыя вясновыя кветкі – падснежнікі.
З красавіцкага лесу гараджане абавязкова хочуць прывезці дахаты букецік першацветаў. Але яны хутка вянуць, а вакол вялікіх гарадоў гэтых цудоўных раслін становіцца ўсё менш. Перша-цветы – упрыгажэнне нашых веснавых лясоў, але колькасць іх няўхільна скарачаецца. Таму ў наш час асабліва востра паўстае праблема аховы раннецвітучых раслін.
Масавы збор першацветаў падрывае колькасць іх папуляцый і здольнасць да вегетацыі. Для многіх відаў штогадовы збор такіх раслін з пашкоджаннем каранёвай сістэмы стаў прычынай рэзкага скарачэння былога арэала распаўсюджвання. Сярод першацветаў ёсць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.
У адпаведнасці з артыкулам 24 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце” самавольны збор ці знішчэнне дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і іх частак або здзяйсненне іншых дзеянняў, якія могуць прывесці да іх гібелі, скарачэння колькасці ці парушэння асяроддзя, дзе яны растуць, забараняюцца. Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за гэтыя дзеянні прадугледжаны штрафныя санкцыі ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. Дзеянне палажэнняў Закона не распаўсюджваецца на расліны, якія культывуюцца, і тыя, што адносяцца да рэдкіх відаў ці знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Збіраючы і прадаючы перша-цветы, мы губім іх, а купляючы – заахвочваем браканьераў. Рэдкія вясеннія кветкі лепш не чапаць: яны прыгажэйшыя ў натуральным асяроддзі. Не варта рваць іх на букеты, лепш любавацца імі ў прыродзе, гэтым захаваем прыгажосць для будучага пакалення. Адмова кожнага з нас купляць кветкі, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, дасць ім шанц цвісці кожную вясну. Ахова першацветаў – справа кожнага з нас.
Таксама, з сярэдзіны сакавіка на рынках можна сустрэць свежую чарамшу – зяленіва, якое мае знешняе падабенства з ландышам і па смаку нагадвае часнок. Дзякуючы сваім харчовым якасцям дадзеная расліна вельмі папулярная ў народзе. Аднак не ўсе ведаюць, што чарамша, ці мядзведжая цыбуля, – рэдкая расліна, занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі і яе збор забаронены. Рэдкай яна стала з-за варварскага знішчэння. З наступленнем вясны тысячы людзей прачэсваюць лясы ў пошуках першага любімага зяленіва. Менавіта неабмежаваны збор насельніцтвам і вытаптванне прывяло да скарачэння месцаў, дзе расце мядзведжая цыбуля.
Сяргей ШЫК, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%