Библиотека на колесах

Библиотека на колесах

Жыхары нашага раёна ўжо звярнулі ўвагу на шэры “уазік”, які ўсё часцей пачаў паяўляцца на вуліцах малых аддаленых вёсак. Гэта — перасоўны комплекс цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, або бібліобус. Яго маршруты пралеглі ў населеныя пункты, дзе стварэнне звычайнай бібліятэкі немэтазгоднае.
Бібліобус — сучасная бібліятэка на колах. Фонд яе складае 876 асобнікаў, неабходная частка якога бярэцца ў рэйс. Тут літаратурная мастацкая класіка, энцыклапедыі і слоўнікі, так званая камерцыйная літаратура, маляўнічыя выданні для дзяцей і юнацтва, газеты і часопісы. Можна загадзя заказваць патрэбныя. У нас распрацаваны маршруты і ўкамплектаваны штат — бібліятэкар Ніна Аляксееўна Гарустовіч і шафёр Уладзімір Фаміч Літошык. Графік прадугледжвае наведванне перш за ўсё тых населеных пунктаў, дзе зусім няма біблітэк. У маршрут аб’езду ўключана 27 вёсак. У кожнай з іх “уазік” пабываў ужо некалькі разоў, ён дастаўляе амаль усё, што выпісвае раённая бібліятэка. Найбольшым попытам у чытачоў карыстаецца перыёдыка. Штотыднёвікі і часопісы пакідаюцца да наступнага прыезду, так што іх могуць пачытаць многія вяскоўцы.
Прыемна, што насельніцтва станоўча ўспрыняло паяўленне бібліятэкі на колах і актыўна карыстаецца яе паслугамі. Сярод тых, каму кнігі прыносяць проста ў дом, актыўная чытачка духоўнай літаратуры, жыхарка вёскі Бусні Марыя Еўдакімаўна Міхайлава, якой ужо споўнілася 90. Так, асноўная катэгорыя чытачоў — пенсіянеры, дык жа і яны не павінны заставацца без нашай увагі, павінны мець магчымасць спажываць духоўнае.
У Чыжэўшчыне жыве трохі больш за дзве сотні чалавек, асноўная частка — таксама людзі шаноўнага веку. Уласнай бібліятэкі ў вёсцы няма, а да найбліжэйшай — кіламетраў пяць. Ужо ў першы прыезд бібліобуса тут было запісана 12 чытачоў. У Залуззі, дзе жыве ўсяго 170 чалавек, запісана на сённяшні дзень 24 чытачы. Аналагічны малюнак і ў вёсцы Сакалова.
— Жанчыны звычайна просяць любоўных раманаў, дзеці прыходзяць са спісамі таго, што ў школе задалі пачытаць. А адзін мужчына папрасіў творы філосафа Карласа Кастанэды, — з усмешкаю адзначае бібліятэкар Ніна Гарустовіч. Яна добра памятае не толькі першы выезд, але і кожны з 28-мі — столькі рэйсаў зрабіў бібліобус сёлета ў глыбінкі Жабінкаўшчыны.
Ніна Аляксееўна як ніхто іншы ведае, што наша аўтабібліятэка — гэта сапраўднае акно ў свет.
С.ЛІСІЧЫК, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 8%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top