…І выдатны дызайн гарантаваны

Людміла Вячаславаўна і Аляксандр Анатольевіч Зінько памянялі горад Брэст на ціхую вёсачку Дзяглі ў нашым раёне. Больш як дзясятак гадоў жывуць у гэтым, як самі кажуць, “раскошным месцы, побач з надзвычай добрымі суседзямі” і ніколькі не шкадуюць, што зрабілі гэты выбар. Ім падабаецца невялічкая вёска з цікавым гістарычным мінулым і з такой нераспаўсюджанай назвай. Дый сябры, што прыязджаюць з Брэста, таксама падтрымліваюць, маўляў, жывяце, як у раі.
А той рай стваралі Людміла і Аляксандр самі. За два гады на ўчастку, што купілі з занядбаным будынкам, вырас сучасны дом. А чаго вартая альтанка, дзе гаспадар, уладкоўваючы яе, праявіў і кемлівасць, і фантазію, і майстэрства, размясціўшы тут камін. Зашклёныя вокны з двух бакоў тым больш не дазваляюць замерзнуць у любую непагадзь.
Але не толькі свежае паветра, цішыня і адсутнасць гарадской мітусні прывабілі Людмілу і Аляксандра Зінько ў вёску. У іх была мара стварыць гадавальнік дэкаратыўных раслін. А чаму б і не? Абое з біялагічнай адукацыяй. Людміла настаўнічала ў некалькіх брэсцкіх школах. Аляксандр працаваў у Цэнтры экалогіі і прыродазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Разам з кіраўніком Цэнтра Вольгай Мікалаеўнай Верамчук шмат давялося рупіцца і першаму дырэктару аранжарэі (альбо зімовага сада) установы А.А. Зінько. А затым з канца 90-х гадоў мінулага стагоддзя Аляксандр Анатольевіч – індывідуальны прадпрымальнік у сферы ландшафтнага дызайну. Яго работа была ад складання праекта на паперы да ажыццяўлення на канкрэтным участку заказчыка. Памятае Аляксандр Зінько, як у 1997 годзе з’явіўся яго першы вадаём на падворку індывідуальнага забудоўшчыка. Усё гэта было як дзіва, упрыгожвалі свае дваровыя тэрыторыі толькі адзінкавыя гаспадары, а пра ландшафтны дызайн ведалі нямногія.
А яшчэ, канечне, што паўплывала на выбар па сутнасці новай дзейнасці для сям’і Зінько – любоў да прыроды з дзяцінства, да яе прыгажосці, жаданне ствараць утульнасць і чысціню, дзе жывеш.
– Я сама з Ляхавічаў, – расказвае Людміла Вячаславаўна. – Бацькі жылі ва ўласным доме. А я захаплялася кветачкамі з дзяцінства. Садзіла іх, а калі бачыла прыгожыя ў знаёмых, абавязкова прасіла падзяліцца.
– Ніколі не забуду той непадробны ландшафт Белавежскай пушчы, – уступае ў рамову Аляксандр Анатольевіч,– калі прыязджаў да дзядулі ў вёску Ганцы, што на Камянеччыне. Апошні дом яго літаральна стаяў у лесе. І мне, брэсцкаму хлопчыку, вельмі падабалася там.
…Аглядваем з гаспадарамі іх гадавальнік. Цяжка нават пералічыць тую колькасць раслін – маленькіх і вялікіх, якія размясціліся тут. Скажам так: на любы густ і кашалёк. У міксбордары (спецыяльнае месца-клумба) кіпарыс, ядловец-шапачка, дзёрэн з чырвонымі парасткамі, карлікавы барбарыс і шарыкам, каліна гардовіна, вейгела, чорная сасна, родадэндрон, розныя віды елачак, туй і іншыя дэкаратыўныя расліны. За такой вялікай “плантацыяй” дрэўцаў, кустоў, кветак догляд і догляд патрэбны.
Безумоўна, выручае аўтаматычны паліў. Спецыяльнае абсталяванне дазваляе паджыўляць расліны вільгаццю.
– Учора я задала праграму, і вось аўтаматыка не падвяла, – і Людміла Вячаславаўна вядзе да цяпліцы, дзе распыляецца вада.
– Складанасці ўносіць надвор’е, – гавораць мае суразмоўцы. – Рэзкіх перападаў тэмператур расліны, як і людзі, не любяць. Чаранкоў нават у патрэбнай колькасці не паспелі сёлета назапасіць са свайго матачніка.
Цікава, што гаспадары гадавальніка стараюцца не проста выгадна прадаць сваю прадукцыю, а прадаць разумна. Яны лічаць, што калі праявіць майстэрства (а гэта і веды, і вопыт), дык выдатны дызайн гарантаваны. Таму не забываюцца даваць розныя падказкі, кансультаваць, напрыклад, як будуць спалучацца тыя ці іншыя расліны ў колеравай гаме і форме, побач з будынкамі. І многія кліенты ўдзячныя ім за гэта. Аляксандр Анатольевіч нават дошку (накшталт школьнай) прымацаваў на сцяне і малюе мелам дызайнерскія праекты для тых, хто хоча ўпрыгожыць свой участак.
Прыйшоў час, калі ўсё змянілася. Індывідуальных забудоўшчыкаў шмат, дый для грамадзян, у якіх ёсць дача, яна цяпер не з’яўляецца выключна месцам для вырошчвання бульбы і іншай агародніны. Тут стараюцца размясціць не толькі градкі, але й знайсці ўтульны куточак для адпачынку. І добра, што людзі імкнуцца зрабіць тэрыторыю ля свайго жытла таксама індывідуальнай, каб радавала і іх вока, і суседзяў, дый прахожых не пакідала раўнадушнымі.

Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.