Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
22 красавіка адзначыць свой 90-гадовы юбілей Вольга Ануфрыеўна Даўгялюк з Грыцэвічаў. Уся яе працоўная біяграфія звязана з Маціевіцкай школай, дзе яна выкладала царыцу навук – матэматыку.
Нарадзілася і вырасла Вольга Даўгялюк (у дзявоцтве Юрчук) у вёсцы Баляўшчына ў сям’і, дзе любілі зямлю і шчыра працавалі на ёй, да гэтага прывучаліся і дзеці. Родную матулю сваю Вольга Ануфрыеўна не памятае. Калі ёй было два гадкі, нарадзілася малодшая сястрычка Марыя. А праз тыдзень мамы не стала. Застаўшыся з двума малымі дзецьмі на руках, бацька быў вымушаны хутка ажаніцца. Другою жонкай Ануфрыя Якаўлевіча стала родная сястра нябожчыцы Матрона, якую Вольга і Марыя ўсё жыццё называлі мамай. Як успамінала ў размове мая гераіня: “Матуля не крыўдзіла нас, але й не песціла. Больш увагі і пяшчоты даставалася малодшаму брату Мішку”. Калі ж у хаце паяўляўся тата, дзяўчынкі беглі да яго з усіх ног. Ён саджаў дачушак да сябе на калені, а тыя абдымалі яго за шыю і прытульваліся сваімі дзіцячымі шчочкамі да яго няголенага твару і так разам сядзелі.У сям’і дзяўчат змалку прывучалі да працы. Вользе ніхто не нагадваў яе абавязкі. Яна сама ведала, што зранку патрэбна нанасіць вады, дроў, бульбы са склепу. Шмат выконвала работы па гаспадарцы, мыла бялізну, гатавала ежу – апошні занятак быў самым любімым, няньчыла малодшага браціка Мішу. Працавала і ў полі: дасюль памятае, як бацька касіў жыта, а яна за ім збірала яго і вязала ў снапы. Ногі босыя паколатыя аж да крыві, слёзы на вачах, але работу нельга пакінуць, пакуль не закончыш. Як любая вясковая дзяўчына, умела прасці і ткаць. Працаваць любіла, работы ніякай не цуралася.З сямі гадоў Волечка стала наведваць Маціевіцкую пачатковую школу, дзе навучанне ішло спачатку на польскай мове, потым на беларускай. Вучыцца падабалася, яна была дапытлівай, стараннай і кемлівай. Затым хадзіла ў першую школу ў Жабінцы. Вучоба не спынілася і ў гады вайны. Толькі ў часы нямецкай акупацыі прадметы выкладаліся на ўкраінскай мове. З гісторыяй, геаграфіяй, прыродазнаўствам Вольга не вельмі сябравала. Яе сэрца ляжала больш да дакладных навук, дзе было ўсё ясна і зразумела, асабліва падабалася матэматыка, яе складаныя прыклады і мудрагелістыя задачкі. Да слова, у Ануфрыя Якаўлевіча быў свой хатні задачнік. Па вечарах да яго ў госці прыходзіў сусед, і яны разам рашалі, выконвалі розныя заданні. Бацька змалку вучыў Вольгу складаць і адымаць, множыць і дзяліць, тлумачыў сам, як мог і разумеў. Таму да школы дзяўчынка не толькі ведала лічбы, але і магла выконваць з імі дзеянні, вывучыла таксама й літары.У 1947 годзе Вольга заканчвала Жабінкаўскую дзесяцігодку – гэта быў першы пасляваенны выпуск – і разважала, кім стаць, якую прафесію выбраць. Гэтае рашэнне яна прымала самастойна, без таты, з якім вельмі хацела б параіцца. У 46-м Ануфрый Якаўлевіч трагічна загінуў у лесе пры нарыхтоўцы дроў. Сям’я страціла гаспадара і кармільца, і гэта была вялікая трагедыя, няўцешнае гора.Пасля выпускнога балю Вольга далучылася да вялікай кагорты сваіх аднакласнікаў, якія сабраліся паступаць у медыцынскі інстытут. Усе ра-зам павезлі дакументы ў Львоў. Іспыты вытрымала, атрымала станоўчыя адзнакі, але гэтага не хапіла, каб стаць студэнткай – не прайшла па конкурсе. Вольга вярнулася дамоў і паступіла ў Брэсцкі настаўніцкі інстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Правучылася ўсяго паўгода і, не здаўшы нават першай сесіі, забрала дакументы. Вырашыла ўсё ж ажыццявіць мару – стаць урачом – і пачала рыхтавацца ў медыцынскі. Калі ж настаў час збірацца ў дарогу – не паехала: у сям’і было недастаткова сродкаў, каб вучыць Вольгу далёка ад роднага дома. Дзяўчына пайшла працаваць у Маціевіцкую школу настаўніцай пачатковых класаў. Былую вучаніцу, а цяпер калегу, ветліва сустрэлі тагачасны дырэктар установы Дзмітрый Ігнатавіч Белаш і педагогі. Давялося Вользе Ануфрыеўне працаваць з Мікітам Паўлавічам Андрасюком і Уладзімірам Данілавічам Кавальчуком. Працу сумяшчала з вучобай. У 1950 годзе паступіла завочна на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута імя А.С. Пушкіна. У гэтым жа годзе і замуж пайшла за Уладзіміра Даўгелюка з Грыцэвічаў. Гэта вёсачка з цягам часу стала роднай для Вольгі: тут маладая сям’я пачала будаваць сваё сумеснае жыццё, тут нарадзіўся адзіны сын Віктар.Дыплом Вольга Даўгялюк атрымала ў 1955 годзе. Толькі напачатку сваёй працоўнай дзейнасці мая гераіня была настаўніцай пачатковых класаў. Потым увесь час выкладала матэматыку. Пра сябе Вольга Ануфрыеўна сказала так: – Як настаўнік, строгая была, патрабавальная. Імкнулася, каб вучні ведалі мой прадмет, разумелі. Калі некаму даваліся цяжка некаторыя тэмы, заставалася пасля ўрокаў на дадатковыя заняткі, тлумачыла яшчэ раз, тэарэтычныя веды замацоўвалі на практыцы, шмат рашалі.Была Вольга Ануфрыеўна і класным кіраўніком. Арганізоўвала для сваіх вучняў розныя экскурсіі: у Белавежскую пушчу, у рыбгас, ездзілі і ў Ноўгарад. Збіралі металалом, макулатуру, дапамагалі ветэранам, праводзілі вечары. Школьнае жыццё было цікавым і насычаным. Некаторы час Вольга Даўгялюк займала пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маціевіцкай васьмігадовай школы. Але больш за ўсё любіла выкладаць свой прадмет, таму без асаблівага шкадавання развіталася з намесніцкай пасадай і проста вяла ўрокі.Усяго год папрацавала Вольга Ануфрыеўна пасля пенсіі. У 1984-м канчаткова развіталася з роднай школай, з якою была звязана ўсё жыццё.Яе справу прадоўжылі вучні, якія сталі педагогамі. У іх ліку цяперашні дырэктар Маціевіцкай базавай школы Галіна Мікалаеўна Парафянюк, дарэчы, таксама матэматык; Галіна Якаўлеўна Бжоска, Аксана Аляксандраўна Лугоўская, Галіна Аляксандраўна Дэйнак і іншыя. З гонарам Вольга Ануфрыеўна называла іх імёны.У Маціевіцкай школе з вялікай павагай гавораць пра Вольгу Даўгялюк, успамінаюць яе як прафесіянала сваёй справы, настаўніка з вялікай літары і памятаюць пра яе годны юбілей.У свае 90 Вольга Ануфрыеўна вялікі жыццялюб і цікавы суразмоўнік, у яе светлая памяць і тонкае пачуццё гумару. Сёмы год пайшоў, як жыве без гаспадара. Сама клапоціцца пра сябе, даглядае агарод і курачак, але апошнія два гады побач сын Віктар, які ўжо на пенсіі. Жанчына мае двое ўнукаў – Віталія і Валерыя, якімі ганарыцца і гаворыць пра іх як выдатных сем’янінаў. Яны падарылі бабулі чацвёра праўнукаў, якія, спадзяецца жанчына, таксама стануць годнымі людзьмі.Паважаная Вольга Ануфрыеўна! Калектыў “Сельскай праўды” далучаецца да тых віншаванняў, якія паступяць у ваш адрас у дзень юбілею, і зычыць вам моцнага здароўя, радасці і доўгіх гадоў жыцця!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%