Юныя жабінкаўцы навялі парадак у парку
Красавік парадаваў жыхароў Жабінкі цёплым і сухім надвор’ем. Самы час навесці парадак ва ўсіх кутках нашага горада!
З гэтым згодны і вучні сярэдняй школы № 1. Чатырнаццатага красавіка ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі з 5 па 11 клас сабраліся разам, каб прыбраць адно з самых утульных і маляўнічых месцаў у Жабінцы – гарадскі парк. Поруч з сябрамі парадак наводзілі навучэнцы 5 “Б” класа (на здымку).
Школьнікі не толькі правялі час на свежым паветры, але й зрабілі добрую і карысную справу. Цяпер жабінкаўцы атрымаюць яшчэ больш задавальнення, гуляючы па прыбраным парку. Далучайцеся да навядзення парадку на зямлі. Давайце разам зробім наш горад чысцейшым і прыгажэйшым!
Папрацавалі ўмела – тэрыторыя заквітнела
У рамках месячніка па добраўпарадкаванні на Жабінкаўшчыне 16 красавіка прайшоў раённы суботнік. Да яго далучыліся ўсе прадпрыемствы і арганізацыі.
Парадак на сваёй тэры-торыі навялі і супрацоўнікі Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння ВУ “Брэстгаз”.
Як расказаў галоўны інжынер Анатолій Харковіч, больш за 15 чалавек праявілі ініцыятыву і на працягу некалькіх дзён прывялі тэрыторыю арганізацыі ў ідэальны стан. Былі апрацаваны бардзюры, прыбрана леташняе лісце, галіны і іншае дробнае смецце, пафарбаваны агароджы.
Асобную ўвагу надалі і ландшафтнаму афармленню. Кожны, хто хоць раз пабываў ва ўнутраным двары арганізацыі, не мог не заўважыць маляўнічую сажалку ў акружэнні дрэў. Падчас суботніка дэкаратыўная зона таксама была старанна прыбрана, вадаём вычышчаны, садовыя скульптуры і лаўкі падфарбаваны. Па ўсёй тэрыторыі высадзілі кветкі. Дагледжаны двор арганізацыі зараз будзе не толькі прыцягваць увагу наведвальнікаў, але і радаваць саміх работнікаў.
Тэкст і фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%