Чарговы візіт на Жабінкаўшчыну

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка, працуючы ў сваёй Белавежскай выбарчай акрузе, наведалася і на Жабінкаўшчыну.
Спачатку Жанна Уладзіміраўна сумесна з кіраўніком раёна Дзмітрыем Гарадзецкім правяла прыём грама-дзян у райвыканкаме па асабістых пытаннях.
Да прадстаўнікоў улады звярнуліся 10 жыхароў раёна. Пытанні, якія заяўнікі падымалі ў сваіх зваротах, тычыліся сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жылля, працаўладкавання, асфальтавання дарог і інш., таксама гучалі і прапановы.
Напрыклад, Андрэй Дымар, жыхар райцэнтра, прасіў пасадзейнічаць у працаўладкаванні і паляпшэнні жыллёвых умоў. Валерый Кукса таксама заклапочаны пошукам працы. У Галіны Мікалайчук, жыхаркі вёскі Дзяглі, асноўная праблема – стан дома, у якім яна жыве. На думку Галіны Васільеўны, рамонту жыллё ўжо не падлягае. Трэба прызнаць яго непрыдатным для пражывання. Наталлю Северанюк з райцэнтра на прыём прывяла таксама жыллёвая праблема. Яна пражывае ў доме № 7 на вуліцы Савецкай. Пабудаваць большую кватэру або здымаць жыллё ў яе няма магчымасці. Наталля Маркіянаўна прасіла дазволу на перапланіроўку кватэры. Таццяна Авярчук, Ніна Сядляр і Любоў Лучка, якія пражываюць на вуліцах 17 верасня і Спартака ў райцэнтры, звярнуліся да прадстаўнікоў улады з просьбай пасадзейнічаць у заасфальтаванні названых вуліц, а таксама ў падсыпцы ям пры з’ездзе з вуліцы Камсамольскай і ўездзе на завулак Зялёны. Дзмітрый Гарадзецкі растлумачыў заяўніцам, што фінансаванне асфальтавання гэтых вуліц не запланавана, тым болей рух аўтатранспарту па іх не такі інтэнсіўны. А што тычыцца падсыпкі ям, дык гэтым у бліжэйшы час зоймецца Жабінкаўская ЖКГ. Яшчэ адзін калектыўны вусны зварот прагучаў ад жыхароў райцэнтра Алены Маліноўскай і Аляксандра Здольніка. Яны не згодны з якасцю работ i выстаўленымі сумамі за праведзены рамонт пад’езда дома на вулiцы Цэнтральнай, 32. Кіраўнік раёна паабяцаў разабрацца ў гэтым пытанні.
Барыса Кавальчука на прыём прывяло жаданне палепшыць родныя мясціны, захаваць гісторыю. Так, Барыс Барысавіч прапанаваў адкрыць у Жабінцы краязнаўчы музей. (Праўда, яму растлумачылі, што выдатны музей знаходзіцца за межамі райцэнтра – у вёсцы Малыя Сяхновічы, таму няма патрэбы дубліраваць яго ў горадзе. Па-другое, распрацоўваецца праект паляпшэння гарадскога парку і запланавана абсталяваць зону, прысвечаную гісторыі горада і раёна).
Таксама нераўнадушны пенсіянер заклапочаны станам могілак у Хадасах і Пятровічах, дзе пахаваны расстраляныя падчас вайны яўрэі. Яшчэ Барыса Кавальчука, аматара здаровага ладу жыцця, хвалюе адсутнасць адказнага за развіццё спорту ў раёне. Старшыня райвыканкама паабяцаў прыняць гэтыя прапановы да дзеяння.
Раман Галавенка, жыхар райцэнтра, таксама прыйшоў на прыём з прапановай. Рамана Сяргеевіча, як чалавека ініцыятыўнага і прадпрымальнага, турбуе адсутнасць у горадзе прыстойнага кафэ, і ён гатовы адкрыць у Жабінцы ўтульны пункт грамадскага харчаваня з марозівам і піцай. Такім прапановам, зразумела, толькі “зялёнае святло”. Жанна Стаціўка і Дзмітрый Гарадзецкі паабяцалі падтрымку з боку ўлады на шляху да рэалізацыі гэтай ініцыятывы.
Дарэчы, па выніках прыёму грамадзян: многія заяўнікі атрымалі вусныя тлумачэнні на пастаўленыя пытанні адразу падчас прыёму, астатнія пытанні будуць разгледжаны ў адведзеныя тэрміны.
Пасля сумеснага правядзення прыёму грамадзян Жанна Уладзіміраўна накіравалася з працоўным візітам у СДЮШАР, якая месціцца ў СК “Бадзёрасць”.
Парламентарыя сустрэлі і пазнаёмілі са спартыўнай базай устаноў дырэктары спартшколы Васіль Зуй і “Бадзёрасці” Вячаслаў Каўганка.
Васіль Сяргеевіч расказаў, што ў СДЮШАР, якую ён узначальвае, займаецца каля 280 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыходзяць у “Ба-дзёрасць” пасля ўрокаў у агульнаадукацыйнай школе. Найбольшай папулярнасцю сярод дзяцей карыстаецца лёгкая атлетыка, футбол, плаванне, бокс. Многія з іх сваімі дасягненнямі праслаўляюць Жабінкаўшчыну на абласным і рэспубліканскім узроўні, а баксёр Павел Кастрамін нават у Алімпійскіх гульнях удзельнічаў. Жанна Уладзімірауна абмеркавала праблемы, якія хвалююць кіраўніцтва “Бадзёрасці”
Затым дэпутат Палаты прад-стаўнікоў накіравалася на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, дзе сустрэлася з яго генеральным дырэктарам Віктарам Міронавым, які на апошніх праведзеных выбарах у мясцовыя Саветы быў абраны дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў. Пасля Жанна Стаціўка пабывала на фабрыцы фасоўкі цукру, дзе мела магчымасць пагаварыць са сваімі выбаршчыкамі. І хаця ёй удалося пабачыць толькі працэс затарвання салодкіх крышталікаў (сезон перапрацоўкі сыравіны скончыўся напачатку года), парламентарый была ўражана маштабамі рэканструкцыі завода, што дазволіць павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі салодкіх каранёў да 10 000 тон у суткі.
У завяршэнне візіту на Жа-бінкаўшчыну Жанна Стаціўка сустрэлася з працоўным калектывам і падапечнымі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.