Праверана каля 300 сельгасарганізацый краіны

Праверана каля 300 сельгасарганізацый краіны

Каля 1500 парушэнняў у сферы аховы працы пры падрыхтоўцы да вяснова-палявых работ выявіла техінспекцыя Федэрацыі прафсаюзаў.
У рамках месячніка грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў сельскагаспадарчых арганізацыях, які праходзіць з 15 сакавіка, тэхнічныя інспектары працы прафсаюзаў праверылі больш за 270 сельгасарганізацый краіны.
Як адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ Аляксандр Зайцаў, наймальнікі імкнуцца забяспечыць работнікам здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.
“Аднак у асобных сельскагаспадарчых прадпрыемствах назіраецца недастаткова сур’ёзнае стаўленне да правілаў і нормаў у сферы аховы працы. Так званы чалавечы фактар у многіх выпадках з’яўляецца асноўнай прычынай незахавання ўсталяваных правілаў і нормаў і, як следства, становіцца прычынай вытворчага траўматызму. У сувязі з гэтым мы працягнем маніторынгі выканання правілаў і нормаў аховы працы ў АПК на працягу ўсёй пасяўной кампаніі”, – сказаў Аляксандр Зайцаў.
Сярод асноўных парушэнняў – адсутнасць у работнікаў сродкаў індывідуальнай аховы і спецвопраткі, парушэнне правілаў аховы працы пры абслугоўванні і рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. Выяўлены таксама прадпрыемствы, дзе не праводзяцца перадрэйсавыя і паслярэйсавыя медагляды, не функцыянуюць санітарна-побытавыя памяшканні. Акрамя таго, у шэрагу арганізацый і зусім няма інжынераў па ахове працы.
Большасць выяўленых парушэнняў не патрабуюць вялікіх фінансавых і часавых выдаткаў і, як правіла, ліквідуюцца наймальнікамі ў самыя кароткія тэрміны.
Таксама ў рамках маніторынгу вывучаюцца пытанні забеспячэння працаўнікоў, занятых на вясенне-палявых работах, гарачым харчаваннем, наяўнасці ў душавых і рукамыйніцах гарачай вады, забеспячэння медыцынскімі аптэчкамі месцаў працы з пестыцыдамі і мінеральнымі ўгнаеннямі і інш. Прымаюцца меры па недапушчэнні ў эксплуатацыю машын, трактароў і агрэгатаў, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі або якія не прайшлі тэхагляд.
Па выніках праведзеных маніторынгаў тэхнічная інспекцыя працы выдае наймальнікам рэкамендацыі з устаноўленымі тэрмінамі ліквідацыі выяўленых парушэнняў. Пра іх ухіленне яны абавязаны інфармаваць тэхнічную інспекцыю працы ФПБ.
Прэс-служба
Федэрацыі прафсаюзаў.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*