У фінале Брэсцкай вобласці па валейболе сярод каманд абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях першае месца ўпершыню заваявалі супрацоўнікі Жабінкаўскага РАНС.
Іх сапернікамі сталі прадстаўнікі Брэста і Пінска, Баранавічаў і Ганцавічаў, а таксама Іванава. Фінальныя матчы праходзілі на базе 38-й асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады Брэста. У нашу каманду ўваходзілі Ігар Антанюк і Раман Філіпук, Глеб Місуна і Аляксандр Галаванчук, Дзмітрый Дульскі і Аляксандр Батуля, Іван Ганчук і Андрэй Меляшэвіч.
– Перамога далася нам няпроста, – прызнаецца пажарны Аляксандр Галаванчук. – Станавіліся прызёрамі некалькі разоў, а “золата” заваявалі ўпершыню! Каб змагацца ў фінале, спачатку сталі лепшымі ў адборачных гульнях у Маларыце. Такіх вынікаў дапамагаюць дасягаць пастаянныя трэніроўкі ў СК “Бадзёрасць” і зла-джанасць каманды. Многія з нас захапіліся валейболам яшчэ ў школе. Ведаю, што гэтым відам спорту даўно займаецца Глеб Місуна, а з Ігарам Антанюком мы ра-зам наведвалі нашу СДЮШАР, а потым скончылі факультэт фізічнага выхавання ў БрДУ імя А.С. Пушкіна. Як кажуць, са спортам па жыцці!
Кубак і дыпломы нашым пераможцам уручыў галоўны спецыяліст аддзела службы і боегатоўнасці падраздзяленняў абласнога УМНС Аляксандр Аніскевіч. Ён пажадаў калегам поспехаў і далейшых дасягненняў, таму што ў пачатку чэрвеня адбудуцца спаборніцтвы па валейболе на рэспубліканскім узроўні. Актыўная падрыхтоўка ідзе ўжо зараз, пазней удзельнікі паедуць на двухтыднёвыя трэніровачныя зборы ў горад над Бугам. Сярод прадстаўнікоў Брэстчыны ў сталіцу адправяцца жабінкаўцы Ігар Антанюк, Глеб Місуна і Аляксандр Галаванчук.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%