Береты цвета неба

Береты цвета неба

Я з радасным хваляваннем кожны год сустракаю Дзень дэсантнікаў, таму што ён з’яўляецца і маім святам. Можна сказаць, я пачынальнік “дынастыі”, бо да мяне ніхто з нашага роду ў дэсантных войсках не служыў. Аднак вайскоўцы, вядома ж, былі, прычым заслужаныя. Дзед, Сцяпан Захаравіч Зубік, пехацінец, не вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны: прапаў без весткі ў 1942 годзе. Бацька, Канстанцін Захаравіч, — былы пагранічнік.
У дзяцінстве я марыў стаць афіцэрам, пасля заканчэння сярэдняй школы паступаў у ваеннае вучылішча. Здаў экзамены няблага, але, на жаль, не вытрымаў конкурсу. Затое мае адзнакі былі ўлічаны пры паступленні ў тым жа годзе ў Мінскі політэхнікум. На другім курсе, у 1980-м, быў прызваны ў Савецкую Армію. Служыў у Адэскай вобласці дэсантнікам-кулямётчыкам, у гвардзейскай часці. Нялёгкая была служба, асабліва калі баявыя вучэнні праходзілі зімою: тады ўскладняліся і скачкі з парашутам, і акопванне, і вядзенне стральбы. Спраўляўся, вытрымліваць цяжкасці дапамагалі прыроджаныя дужасць, фізічная загартоўка, заняткі спортам, салдацкая дружба і, канечне, жаданне апраўдаць званне воіна-дэсантніка, гвардзейца. На маім рахунку 19 парашутных скачкоў, не аднойчы заахвочваўся камандзірамі за выдатную стральбу, за добрыя адносіны да службы. Адно з заахвочванняў — прысваенне звання яфрэйтара. Дасюль успамінаю гады службы як найлепшы час у маім жыцці, беражліва захоўваю блакітны берэт і цяльняшку.
Ганаруся, што цяпер у дэсантных войсках Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь служыць мой сын Юрый. Ён сувязіст (яго цывільная спецыяльнасць — радыётэхнік). Зрабіў ужо некалькі скачкоў з парашутам. Служба яму падабаецца, хоць “уцягвацца” ў яе, як і кожнаму, было няпроста. Памужнеў, скінуў лішнюю вагу, стаў падцягнуты, стройны. Стараюся праведваць яго, і кожны раз мне прыемна, што Юрый на добрым рахунку і ў сваіх камандзіраў, і ў таварышаў па зброі. Ахвотна гутару з маладымі дэсантнікамі, перадаю ім свой вопыт, падтрымліваю іх маральна.
Неўзабаве сын прыедзе ў водпуск пасля першага года службы. Уяўляю, як цёпла сустрэнуць яго сябры, каго пакінуў на “гражданцы”, як захоплена будуць пазіраць на хлопца ў форме дэсантніка дзяўчаты. Так, зрэшты, прымалі калісьці мяне, калі па прыездзе ў водпуск я зайшоў у клуб роднай вёскі Волька, што на Ляхавіччыне: як жа, першы сярод мужчын-аднавяскоўцаў — дэсантнік!… А яшчэ не сумняваюся, што Юрый будзе паводзіць сябе годна і прыстойна, не стане звяртаць на сябе ўвагу свавольствамі, якія, на засмучэнне, часамі назіраюцца за нашым братам-дэсантнікам, найперш за тымі, хто, будучы ў запасе, апранае цяльняшку і берэт у наш святочны дзень. Такіх я не разумею: сваім ганаровым званнем трэба даражыць!
На здымку: мы з сынам, дэсантнікі.
В.Зубік, дырэктар кінавідэасеткі Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top