Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.
Сёння ў жабінкаўскім філіяле Брэсцкага аўтобуснага парка працуюць 9 вадзіцеляў. Пра свой прафесійны і жыццёвы шлях расказаў адзін з іх – Васілій Гарошка, які перавозіць пасажыраў па родным раёне ўжо больш за 20 гадоў.
Васілій Іванавіч нарадзіўся і вырас у Жабінцы. Скончыў першую гарадскую школу. Пасля гэтага ўладкаваўся на буракапункт цукровага завода на два месяцы. Далей працаваў на жабінкаўскім участку Кобрынскага РБУ падсобным рабочым.
У 1978 годзе Васілія Гарошку прызвалі ў армію. Службу праходзіў у ваенна-будаўнічым атрадзе ў горадзе Чарапаўцы Валагодскай вобласці. Малады чалавек меў вопыт ваджэння, таму яго пасадзілі за руль грузавіка. Паўгода ён вазіў прадукты і абмундзіраванне для патрэб арміі. Потым яго назначылі вадзіцелем камандзіра часці. Дарэчы, менавіта падчас службы ў войску Васілій Іванавіч вучыўся вадзіць аўтобус і атрымаў катэгорыю D.
У 1980 годзе Васілій Гарошка вярнуўся ў Жабінку. Перад ім стаў выбар: альбо ўладкавацца ў жабінкаўскі філіял транспартна-экспедыцыйнай канторы Брэсцкага аблспажыўсаюза, альбо стаць вадзіцелем гарадскога аўтобуса. У канцы снежня Васілій Іванавіч прыйшоў у Брэсцкі аўтобусны парк.
Паколькі ў яго было мала вопыту ваджэння аўтобуса, спачатку яму давялося прайсці дадатковую падрыхтоўку. Далей ён некалькі дзён стажыраваўся на вуліцах Жабінкі пад наглядам вадзіцеля-настаўніка. Пасля, ужо ў Брэсце, інструктар праверыў, як Васілій Іванавіч ездзіць па горадзе. І толькі тады яму даверылі ўласны аўтобус.
Са сваёй практыкі Васілій Гарошка ўспамінае цікавую гісторыю, якая адбылася ў канцы 80-х гадоў. Тады піянеры з першай школы вырашылі падарыць роднаму гораду аўтобус. Яны патэлефанавалі на завод у Львоў і даведаліся, колькі ён каштуе. Каб зарабіць такія грошы, школьнікі сабралі і здалі 64 тоны металалому.
У красавіку 1987 года ва ўрачыстай абстаноўцы новенькі аўтобус перадалі гораду. Яго корпус упрыгожваў вялікі надпіс “Зоя Касмадзям’янская”, а спераду размяшчаўся герб піянерыі.
У той жа дзень Васілій Іванавіч павёз школьнікаў на новым аўтобусе на экскурсію ў Брэст: у краязнаўчы музей і гарадскі парк. Потым такія падарожжы праводзілі для хлопчыкаў і дзяўчынак кожныя выхадныя. У рабочыя дні аўтобус курсіраваў па горадзе.
У 1997 годзе “Зою” здалі ў металалом. На гэтым аўтобусе жабінкаўскія вадзіцелі наездзілі амаль 600 тысяч кіламетраў. У апошні рэйс яго праводзіў Віктар Сарока – адзін з тых піянераў, якія збіралі і здавалі металалом у 1987-м. За дзесяць гадоў мужчына адслужыў у арміі, уладкаваўся вадзіцелем і працаваў на аўтобусе “Зоі” апошнія паўгода.
Да 2010 года Васілій Гарошка развозіў людзей па горадзе і ў далёкія куткі раёна, але потым перайшоў на камбікормавы завод. Аднак хутка мужчына зразумеў, што сумуе па аўтобусах. У лютым 2015 года ён вярнуўся на любімую працу.
Сёння Васілій Гарошка адзначае 60-годдзе. Яго цёпла віншуюць жонка, дзеці Вольга і Васілій, чацвёра ўнукаў. Застаецца пажадаць удачы чалавеку, які ўсё жыццё прысвяціў любімай справе.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%