Буслы вярнуліся – гнязда няма

Прыгожая і непаўторная прырода нашага краю. Але трэба ўгледзецца, каб убачыць. Для пейзажу прырода абрала далікатныя фарбы, ледзь размытыя крынічнай вадой, таму што ў нас няма рэзкіх кантрастаў, стромкіх гор і вулканаў. І кожную вясну ў гэтую прыгажосць вяртаецца белакрылы бусел – птушка, якой акрамя вады, сенажацяў і дрэў патрэбен спакой. Ён не зімуе ў нас, але штогод вяртаецца з цёплых краёў у гэты блакітнавата-зялёны край. Бусел – сімвал міралюбнасці, мудрай сілы, адданасці.
У нас у Сцяпанках і ў акрузе шмат бусліных гнёздаў, ёсць яны на электрычных слупах, воданапорных вежах, дахах адрын. І гняздуюцца птушкі тут ужо даўно. Але гэтай вясной буслы вярнуліся, а “домік” іх разбураны. На вежы, пры ўездзе ў Сцяпанкі, было гняздо буслоў, а зараз яго няма. Відаць, прыбралі рабочыя арганізацыі, да якой гэтая вежа адносіцца. Значыць, на маю думку, трэба было штосьці прыдумаць побач, бо робяць жа спецыяльныя асновы пад гнёзды. Балюча было глядзець, як буслы прыляцелі і кружыліся над месцам, дзе было іх гняздо. А цяпер яны замест таго, каб выводзіць патомства, носяць галінку за галінкай, будуюць сабе новае жытло.
Гэтая тэма вельмі хвалюе жыхароў Сцяпанак, бо штораніцы, выйшаўшы з дома, яны бачаць гэтых буслоў. Птушкі праляцелі столькі кіламетраў, а на Радзіме іх чакала такая няветлівая сустрэча. Людзі, не крыўдзіце міралюбівых буслоў, беражыце кожную жывую істоту, кожную травінку, кожнае дрэўца. Інакш што нас чакае наперадзе?
Ірына САМАСЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.