Моцная перамога прадстаўніц слабага полу

Сёлетні сакавік выдаўся халодным, але для выхаванцаў трэнера па каратэ кёкусінкай Віктара Журомскага ён быў “гарачым”. Напрыканцы месяца ў Магілёве адбыўся Міжнародны турнір кёкусінкай каратэ-до “Profi Kyokushin Belarus Open”. У ім прынялі ўдзел спартсмены з Брэста, Гомеля, Віцебска, Астраўца, Ашмян, Смаргоні, Слуцка і Жлобіна, а таксама пяць каманд з Расійскай Федэрацыі – з Масквы, Санкт-Пецярбурга і Арла. Усяго ў спаборніцтвах змагаліся за званне лепшых каратыстаў больш за 300 чалавек. Нашы юныя спарт-
смены Марыя Бандарчук, Мікіта Грышко і Марк Нікіцюк выступалі на гэтым турніры ў складзе брэсцкай каманды. Марк і Марыя занялі другія месцы ў сваіх узроставых і вагавых катэгорыях і вярнуліся дадому з дыпломамі і кубкамі.
А 1 красавіка ў лёгкаатлетычным манежы ў Брэсце адбыўся V Міжнародны турнір па каратэ кёкусінкай “Кубак Прыбужжа – 2018”. У ім спаборнічалі больш за 270 спартсменаў з Беларусі, Расіі і Казахстана. У гэтым турніры жабінкаўскія каратысты Багдан Байценка і Марыя Бандарчук, Мікіта Грышко і Ульяна Жданюк, Раман Зайцаў і Раман Казінец, Дзмітрый Манчук і Мікіта Міхалеўскі, Марк Нікіцюк, Ілля Арабейка і Насця Шэдава таксама прастаўлялі каманду Брэста.
Усе трыбуны былі заняты ўдзельнікамі і балельшчыкамі. Падтрымаць юных спарт-сменаў прыйшлі цэлымі сем’ямі. Эмоцыі зашкальвалі як ва ўдзельнікаў, так і ў гледачоў. Бо каратэ кёкусінкай –
кантактны від барацьбы, і вельмі важна настроіць дзіця на паядынак, прымусіць яго паверыць у свае сілы.
Судзейства ажыццяўлялі тры брыгады, таму што баі праходзілі адначасова на трох татамі. Паядынкі працягваліся цэлы дзень, бо ўдзельнікаў было вельмі шмат.
Як ні дзіўна, у “Кубку Прыбужжа – 2018” з жабінкаўскіх каратыстаў прызавыя месцы ўдалося заваяваць толькі прадстаўніцам слабага полу. Марыя Бандарчук заняла другое ў катэгорыі 10-11 гадоў (вага 40-45 кг), Насця Шэдава стала трэцяй у катэгорыі 6-7 гадоў (вага да 25 кг). Прызёры атрымалі граматы, медалі і кубкі.
Таццяна БАНДАРЧУК.
На здымку: трэнер па каратэ кёкусінкай Віктар Журомскі са сваімі выхаванцамі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.