Аб працоўных адносінах – кампетэнтна

Святлана КІСЛАЯ.

На базе КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” адбыўся семінар-нарада па пытаннях, звязаных з абаронай інтарэсаў працуючых, а таксама з захаваннем заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй. Любы жадаючы меў магчымасць задаць пытанні па акрэсленых тэмах.
Так, Ніна Калыбская, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў адзначыла, што ўся работа прафсаюзных камітэтаў будуецца згодна са Статутамі галіновых прафсаюзаў. Ніна Уладзіміраўна звярнула ўвагу прысутных на наяўнасць неабходных дакументаў: журналаў рэгістрацыі, наменклатуры спраў, плана работы, уліковых картак членаў прафсаюза, неабходных заяў. У кожнай арганізацыі павінен быць аформлены прафсаюзны стэнд з актуальнай інфармацыяй.
У семінары прымала ўдзел галоўны прававы інспектар працы Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Валянціна Хроль. Яна расказала пра гарантыі прафсаюзнаму актыву, замацаваныя ў галіновых пагадненнях і дагаворах, пры заключэнні і працягненні кантрактаў.
Намеснік пракурора Жабінкаўскага раёна Алена Сідарук растлумачыла прысутным неабходнасць фарміравання негатыўных адносін у кожным працоўным калектыве да такой з’явы, як карупцыя. Алена Міхайлаўна прывяла факты, якія мелі месца на Жабінкаўшчыне. (Скажам, летась было 5 злачынстваў, у той час як у 2016-м – 2). Удзельная вага карупцыйных (эканамічных) злачынстваў складае 4,8 % (усяго іх летась зарэгістравана 146).
Сярод іх, напрыклад, крадзеж камбікорму з адной з ферм сельгасарганізацый асобай, якая мела доступ да яго; недастаўлены ў пункт назначэння будматэрыял і іншыя. Па ўсіх гэтых фактах праведзены праверкі і ўзбуджаны крымінальныя справы.
Алена Міхайлаўна дала таксама грунтоўныя тлумачэнні прымянення некаторых артыкулаў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”, які ў новай рэдакцыі ўступіў у сілу 24 студзеня 2016 года. Напрыклад, згодна з арт. 22 Закона забаронена прымаць на дзяржаўную работу асоб, якія здзейснілі цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў. У гэтым жа артыкуле ўтрымліваецца норма, што вызначае часовае (пяцігадовае) абмежаванне ў прыёме на кіруючую пасаду пэўнай катэгорыі асоб. Алена Сідарук прывяла і такі цікавы факт: згодна з арт. 24 вышэйназванага Закона прадугледжваецца абмежаванне права кіруючых асоб, што здзейснілі злачынства, на пенсійнае забеспячэнне. Такія наступствы могуць мець месца ў выпадку здзяйснення ў перыяд праходжання дзяржаўнай ці ваеннай службы цяжкіх або асабліва цяжкіх злачынстваў супраць інтарэсаў службы з выкарыстаннем кіруючай асобай сваіх службовых паўнамоцтваў. Да карупцыйных злачынстваў адносяцца і шэраг іншых (напрыклад, стварэнне злачыннай арганізацыі, гандаль людзьмі, незаконны збыт наркотыкаў, атрыманне хабару, злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, бяздзеянне кіруючай асобы і інш.).
Таксама Законам узмоцнена адміністрацыйная адказнасць за парушэнне парадку правядзення працэдур дзяржаўных закупак.
– Законам прадугледжана ўвядзенне ў сістэму мер па барацьбе з карупцыяй грамадскага кантролю, – падкрэсліла ў сваім выступленні памочнік пракурора. – Гэта дазваляе грамадзянам і грамадскім аб’яднанням удзельнічаць у кантролі сферы барацьбы з карупцыяй (распрацоўка праектаў і грамадскае абмеркаванне нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь у гэтай галіне, удзел у дзейнасці створаных у дзяржорганах і арганізацыях камісій па супрацьдзеянні карупцыі).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.