Аддзячыць за працу і выслухаць рупліўцаў

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Акцыя “Наш жывёлавод”, абвешчаная Беларускім рэспубліканскім камітэтам прафсаюза работнікаў АПК, ужо другі год крочыць па краіне.
Падчас яе звыш двух дзясяткаў работнікаў жывёлагадоўчай галіны раёна ўзнагароджаны Пісьмамі падзякі раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК і раённага выканаўчага камітэта, палепшаны ўмовы вытворчага быту на 9 малочнатаварных фермах і комплексах.
Як расказала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук, у бягучым годзе працягнута добрая традыцыя ўшанавання лепшых жывёлаводаў падчас справаздачных сходаў працоўных калектываў. Так, Пісьмы падзякі райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, падарачныя сертыфікаты атрымалі 23 рупліўцы ферм Жабінкаўшчыны. Сярод іх – аператары машыннага даення ААТ “Рагазнянскі” Надзея Лабенская і Жанна Грыб. У іх самыя высокія надоі ў раёне (9115 і 8543 кілаграмы на карову за 2017 год). Звяно МТФ “Агароднікі” ААТ “Вазнясенскі” ў складзе Алены Мілашэўскай, Святланы Стоцік, Святланы Чыбрысавай, Ірыны Паўловіч таксама ўпэўнена “ўзяло” 8-тысячную малочную “планку”. Брыгадзір МТФ “Стрыганец” Фёдар Ярашук арганізаваў работу свайго падраздзялення на самым высокім узроўні. І яшчэ многія рупліўцы-жывёлаводы заслугоўваюць нямала добрых і шчырых слоў за сваю самаадданую працу.
– Асаблівыя словы падзякі хочацца выказаць у адрас галоўнага заатэхніка ААТ “Рагазнянскі” Святланы Прудзялюк, якая прысвяціла 40 гадоў жыцця жывёлагадоўлі, – падкрэсліла Наталля Карпук. – Яе заслугі перад калектывам і прафсаюзнай арганізацыяй былі адзначаны Ганаровай граматай раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК.
Зрэшты, акцыя “Наш жывёлавод” дапамагае выявіць і ўшанаваць працу не толькі лепшых рупліўцаў ферм.
Традыцыйныя сустрэчы прафсаюзнага актыву, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый з жывёлаводамі на працоўных месцах даюць магчымасць пабудаваць давяральны дыялог з людзьмі, даведацца аб праблемах, што хвалююць рупліўцаў ферм, па магчымасці аказаць ім дапамогу.
Так, падчас сустрэч з працаўнікамі галіны выяўляюцца вострыя праблемы, што хвалююць людзей. У асобных сельгасарганізацыях часта даводзіцца працаваць звыш нормы, не заўсёды прадастаўляюцца выхадныя дні. Таксама былі даследаваны ўмовы працы і вытворчых памяшканняў малочнатаварных ферм і комплексаў. Складзены пашпарты санітарна-бытавых умоў, вывучана аснашчанасць пакояў адпачынку і прыёму ежы. Як выявілася, асобныя з іх патрабуюць рамонту і папаўнення неабходнымі прадметамі ўжытку.
– Да нашай ініцыятывы – палепшыць умовы быту жывёлаводаў – далучыліся і прафкамы пярвічак, – расказвае Наталля Карпук. – Так за кошт райкама прафсаюза пяць малочнатаварных комплексаў забяспечаны чайнікамі і чайнымі наборамі. На гэтыя ж мэты прафкамы ААТ “Мацеевічы” і ААТ “Жабінкаўскі” выдзелілі звыш 330 рублёў.
На здымку: цялятніца Іна Кароткая, брыгадзір Надзея Драпеза, жывёлавод Ірына Блашук
з фермы “Рачкі” атрымліваюць у падарунак мікрахвалевую печ і чайны набор ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталлі Карпук і старшыні прафкама пярвічкі ААТ “Жабінкаўскі”
Віктара Уласюка падчас акцыі “Наш жывёлавод”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.