Мілы кентэрвільскі прывід

Святлана БЯЛЯК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Раённы фестываль тэатральных калектываў на замежнай мове ў чарговы раз сабраў знаўцаў англійскай і нямецкай моў у актавай зале трэцяй гарадской школы, каб высветліць, хто будзе абараняць гонар Жабінкаўшчыны на аналагічным фестывалі абласнога ўзроўню.
Гэтае мерапрыемства яшчэ раз падкрэсліла: не важна, колькі ты вывучаеш замежную мову – год або дзесяць гадоў, важна яе палюбіць, разумець, свабодна размаўляць, выказваць свае пачуцці і эмоцыі.
Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел 10 тэатральных калектываў з усіх школ раёна і ліцэя. Узрост юных артыстаў – ад трэцякласнікаў, якія толькі-толькі пачалі вывучаць замежную мову (як, напрыклад, дзеці са Старасельскай школы), да старшакласнікаў (гарадскія школы). Усе каманды падрыхтавалі цэлы россып пастановак на любы густ: ад вясёлых музычных касцюміраваных казак (“Брэменскія музыкі” (Хмелеўская СШ), “Брыдкае качаня” (Старасельская СШ), “Воўк і сямёра казлянят” (Ракітніцкая СШ), “Залаты гусь” (Якаўчыцкая), “Сябры з Прастаквашына” (Крыўлянская сярэдняя школа), да сур’ёзных філасофскіх разваг аб сяброўстве і сэнсе жыцця (“Апошні ліст”, ліцэй), перашкодах на шляху да асабістага шчасця (“Як важна быць сур’ёзным”, СШ № 1), жыццёвых драм (“Кентэрвільскі прывід”, СШ № 2) і інш.
Перад гледачамі, балельшчыкамі і журы разгарнуліся сапраўдныя тэатральныя дзеі, кожная з іх доўжылася па рэгламенце ад 10 да 15 хвілін. Нягледзячы на прыкметнае хваляванне ўдзельнікаў (асабліва малодшых школьнікаў), усе прадэманстравалі выдатнае валоданне замежнай мовай (ва ўсялякім разе, рускія словы са сцэны не гучалі). Хлопчыкі і дзяўчынкі размаўлялі, спявалі, танцавалі. Некаторыя каманды так ужыліся ў ролі (прадстаўнікі першай і другой гарадскіх школ, ліцэя), што было адчуванне, быццам гэтыя дзеці ўсё жыццё толькі па-англійску і размаўлялі!
Некаторыя тэатральныя калектывы захапіліся касцюмамі, дэкарацыямі, рэжысурай, а іншыя больш звярталі ўвагу на змест твора, гульню, адчуванне кожнай ролі. Журы ж са свайго боку звяртала ўвагу не толькі на “абгортку”, але і на “начынне”.
…Прэтэндэнтаў на перамогу аказалася на гэты раз некалькі, таму перад журы была няпростая задача: каго прызнаць лепшым? Вырашана было падзяліць трэцяе месца сярод каманд Якаўчыцкай і Старасельскай школ, другое – у першай і ў трэцяй гарадскіх. А вось ганаровае першае месца было прысуджана камандзе другой гарадской школы (падлеткі настолькі пранікліся сваімі вобразамі, выдатна ігралі і спявалі, што ў гледачоў разгублены кентэрвільскі прывід (Соня Санюк) выклікаў процьму станоўчых эмоцый), а таксама камандзе ліцэя. У школьнікаў засталося на падрыхтоўку крыху менш за месяц, каб вырашыць, каму дастанецца місія абараняць гонар Жабінкаўшчыны ў Брэсце.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*