Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Сапраўдны музей рарытэтных рэчаў стварыў на сядзібе сваіх продкаў жыхар аграгарадка Ленінскі Віктар Масейка. У ім давялося пабываць і мне.
З нізу да самага верху на ўсіх сценах у музеі, што месціцца ў летняй кухні, паліцы. На іх – розныя рэчы. Вось патэфоны і грамафоны канца 1900-х гадоў, а гэта радыёлы 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Погляд спыняецца на прасах, ім адведзены некалькі стэлажоў – ёсць канца ХІХ стагоддзя і тыя, якімі карысталіся зусім нядаўна. Віктар Францавіч не толькі расказаў, але і паказаў, якім чынам некаторыя прасы раней працавалі.
Далей размова пайшла пра салдацкія фляжкі. У калекцыі аўстра-венгерская 1910 года, расійская – 1911-га, амерыканская 1918-га. Уладальнік апошняй вядомы – гэта паляк Маржэўскі, яго прозвішча выбіта на фляжцы. Ёсць нямецкая 1940 года. Усе яны ў асноўным алюмініевыя. Гонар калекцыі – шкляная царская фляжка 1914 года. Ваенная тэма прадоўжылася. Віктар Масейка пазнаёміў з калекцыямі армейскіх фуражак, касак і рамянёў, а таксама прымусаў. З апошніх убачыла паходны нямецкі 1940 года.
Увагу прыцягнулі самавары. Так захацелася выпіць шкляначку гарбаты з цукрам-рафінадам у прыкуску, як некалі ў дзяцінстве.
У музеі знайшлося месца і для нямецкіх швейных машынак SINGER. Такая была ў маёй бабулі, і мы малыя любілі круціць яе, за што і атрымлівалі потым, як кажуць, на абаранкі.
Ёсць тут і гадзіннікі: ходзікі і будзільнікі, піянерскія горны і барабаны, сцягі і вымпелы савецкіх часоў.
А якая багатая калекцыя шаляў! Яна і цяпер папаўняецца. З апошніх – шалі вытворчасці мінскага завода “Энергія”, які выпускаў такія з 1912 па 1930-я гады – падарунак на Дзень абаронцаў Айчыны ад дачкі Ірыны. Да слова, Віктар Францавіч кожныя шалі, што трапляюць у музей, разбірае, чысціць, фарбуе, калі патрэбна, дакупляе пэўныя дэталі. Адным словам, вяртае ім першапачатковы выгляд. Ёсць таксама бязмены і гіры. Самая маленькая – паўграма, самая вялікая – двухпудовая (32 кілаграмы) 1911 года.
У версе пад самай столяй размясціліся керасінавыя лямпы. Яны сведкі таго, як нашы продкі асвятлялі сваё жытло. Як гісторыка і журналіста, мяне вельмі зацікавіла польская медыцынская сумка 1934 года, друкарская машынка і відэакамера 1976 года, як гаспадыню – калекцыі падстаканнікаў і ступак для здрабнення і перацірання спецый і розных прыпраў.
Я пацікавілася ў Віктара Масейкі, калі ж узнікла ідэя стварэння такога музея і калі пачаўся збор экспанатаў для яго.
– Яшчэ ў дзяцінстве, калі я вучыўся ў чацвёртым класе, – пачаў успамінаць Віктар Францавіч, – бацька прывёз мне з Вільнюса ад сваёй маці, маёй бабулі, мікалаеўскі сярэбраны рубель. Я яго дасюль захоўваю. З тае пары пачаў збіраць манеты. Актыўна займаўся гэтым да самай арміі. Пасля войска не пакінуў свайго хобі. Больш за 15 гадоў уваходзіў у брэсцкі клуб нумізматаў, які месціўся ў Палацы прафсаюзаў. Кожныя выхадныя сустракаўся са сваімі аднадумцамі, мы размаўлялі, абменьваліся манетамі. Разам са мною ездзіла ў Брэст і жонка Валянціна, заўсёды падтрымлівала маё захапленне і разумела. Я – у клуб, яна – па магазінах, на рынак і чакае мяне ў машыне, пакуль мы закончым сваё пасяджэнне.
У сваёй скарбонцы Віктар Масейка меў тры калекцыі савецкіх юбілейных рублёў, зараз засталася адна. Быў час, калі на працягу пяці гадоў збіраў толькі капеечкі-адзіначкі. У гэтую калекцыю ўвайшлі манеткі больш як 50 краін. Збіраў грошы і з выявай розных звяроў. А потым… Стаў калекцыяніраваць рэчы. Пачынаў з прасаў і самавараў. Дабываў іх па-рознаму. Як вадзіцелю Гатча-Осаўскага торфабрыкетнага завода Віктару Францавічу даводзілася бываць у многіх населеных пунктах Брэстчыны, іншых абласцях, куды вазіў брыкет. Адтуль і прывозіў рэчы: хтосьці проста даваў, у іншых купляў. Сёлета споўніцца 40 гадоў, як Віктар Масейка працуе на родным прадпрыемстве. З цягам часу колькасць рэчаў стала расці, тады ён вырашыў адвесці для іх асобнае памяшканне і стварыць там своеасаблівы музей. Абсталяваў для гэтага летнюю кухню на сядзібе сваіх дзядулі і бабулі – Васіля Лаўрэнцьевіча і Яўгеніі Гаўрылаўны Андруховічаў.
– Мой музей пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі, – гаворыць Віктар Францавіч. – Многія ведаюць, што сабіраю рарытэтныя рэчы, прапаноўваюць мне іх самі, прывозяць. Цікавыя экспанаты знаходжу, не здзіўляйцеся, на смеццезвалках, выкупляю іх на пунктах прыёму металалому. Прымаю ўдзел у аукцыёнах, што праходзяць у інтэрнэце – у гэтым працэсе дапамагае сын Ігар.
У мяне ёсць блізкі сябар-аднадумец з Дзівіна – Віктар Пашкевіч, які таксама калекцыяніруе рэчы розных гадоў. Часта тэлефануем адзін аднаму, дзелімся планамі і ідэямі, абмяркоўваем новыя знаходкі. Апошнім часам у пошуку новых экспанатаў перавагу аддаю прасам, самаварам, швейным машынкам і шалям. Буду ўдзячны ўсім, хто захоча папоўніць чым-небудзь цікавым мой незвычайны музей.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%