“Брэсцкая пралеска – 2018”

У Брэсцкай вобласці прайшоў адзін з галоўных стартаў сезона спартыўнага арыентавання – адкрыты абласны фестываль “Брэсцкая пралеска”. Сёлета ўдзельнікі спаборнічалі з 30 сакавіка па 1 красавіка на трох дыстанцыях: на сярэдняй – па спартыўнай карце “Тэльмы” ў прыгарадзе Брэста, на доўгай – па спартыўнай карце “Прускаўскі лес” побач з Каменцам, на спрынтарскай – па спарткарце “Форт № 1”
у Брэсце. Задачай удзельнікаў было ў дадзеным накірунку пры дапамозе карты і компаса прайсці трасу і адзначыцца на ўсіх кантрольных пунктах. Сёлета ў лясах Брэсцкай вобласці шукалі свае кантрольныя пункты больш за 640 удзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі і ЗША.
Зборная каманда Жабінкаўшчыны ў складзе дзевяці навучэнцаў 5-9 класаў розных школ раёна (першай і другой гарадскіх, а таксама Ракітніцкай і Ленінскай) упершыню прыняла ўдзел у штогадовым фестывалі. Кіраваў камандай настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 2 Жабінкі Валерый Кабаш, я выступаў яе прадстаўніком.
Каманда Жабінкаўскага раёна ўдзельнічала ў стартах у вёсцы Тэльмы-1 і ў Каменцы і паказала годныя вынікі. Асобна варта вылучыць нашых юных удзельніц – Ганну Вырва і Марыну Крачко, навучэнак Ракітніцкай сярэдняй школы, якія па суме ачкоў у выніковай табліцы занялі 10-е і 11-е месцы адпаведна (3-е і 4-е месцы сярод удзельнікаў з Брэсцкай вобласці). Усяго 36 секунд не хапіла Ані Вырва для выканання ўмоў на прысваенне II-га юнацкага разраду па спартыўным арыентаванні на доўгай дыстанцыі.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму раённага выканаўчага камітэта дзякуе ўсім удзельнікам нашай каманды і жадае далейшых поспехаў і якаснага росту ў такім цікавым відзе спорту, як спартыўнае арыентаванне.
Антон ПАЦАЙ, інспектар па турызме аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Да слова, у камандзе КСА “Буг” выступаў Юрый Лісічык, які скончыў 9 класаў сярэдняй школы № 3 Жабінкі, а зараз вучыцца ў Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М. Машэрава. Ён заняў выніковае трэцяе месца па суме двух лепшых рэзультатаў (1708 ачкоў).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.