З Юрыямі можна і ў космас
Напярэдадні свята сустрэлася з цёзкамі першага касманаўта Юрыя Гагарына і пацікавілася, а кім яны сталі ў жыцці, чым займаюцца, якіх поспехаў дасягнулі.
Юрый ПАНАСЮК:
– Год майго нараджэння – 1964-ы. У той час імя Юрый было вельмі папулярным: з моманту палёта Гагарына ў космас прайшло тры гады, і многіх хлопчыкаў называлі ў яго гонар. Я – не выключэнне. Ніколі не пашкадаваў аб гэтым, лічу імя на сто працэнтаў сваім. Заўважыў: Юрыі добрыя і мяккія. Ведаю, што імя грэчаскага паходжання і азначае земляроб. Мабыць, таму я вельмі люблю працаваць на зямлі. А яшчэ бываць на прыродзе, рыбаліць, збіраць грыбы і ягады, займаюся спортам. Імкнуся далучаць да здаровага ладу жыцця і іншых, бо працую інструктарам па спорце на цукровым заводзе. Арганізую спаборніцтвы па розных відах спорту: валейболе, баскетболе, міні-футболе і іншых, турзлёты, паездкі ў аквапаркі і лядовыя палацы. Актыўны лад жыцця – гэта здароўе, энергія і пазітыў.
Юрый СЯНІШЫН:
– Лічу, што маю незвычайнае і прыгожае імя і імя па бацьку, у якіх спалучыліся дзве літары “ю” – Юрый Юльянавіч. Сярод вучняў першай гарадской школы, у якіх выкладаю фізічную культуру і здароўе, толькі адзін носіць імя Юра. Ёсць сябры і знаёмыя цёзкі. Прыкмеціў, што Юрыі (гавару гэта і пра сябе) занадта добрыя, не любяць хлусні і фальшы, смела выказваюць сваю кропку гледжання. Заўсёды было прыемна, асабліва ў дзяцінстве, што менавіта твой цёзка першым паляцеў у космас. Цяпер радуюся дасягненням сваіх вучняў. Сярод іх – прызёры вобласці па скачках у вышыню, удзельнік рэспубліканскага лёгкаатлетычнага праекта “300 талентаў для Каралевы”. Ганаруся, што наша ўстанова апошнія тры гады займае першае месца ў раёне па валейболе і баскетболе і шэсць гадоў запар з’яўляецца пераможцай раённай круглагадовай спартакіяды школьнікаў.
Юрый ЛІСІЧЫК:
– Навучаюся ў Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М. Машэрава на фізіка-матэматычным профілі. Вельмі падабаецца фізіка. Удзельнічаю па гэтым прадмеце ў алімпіядах. Вучобу сумяшчаю са спортам. Чацвёрты год займаюся спартыўным арыентаваннем, прымаю ўдзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню. Займаў прызавыя месцы ў адкрытым Кубку Беларусі па гэтым відзе спорту, у абласной “Арыент-лізе” і “Брэсцкай пралесцы”. У вольны час люблю пачытаць, падабаюцца творы Льва Талстога. Мяркую, што дасягнуць добрых вынікаў у вучобе і спорце мне дапамагаюць працаздольнасць і настойлівасць, а таксама падтрымка бацькоў.
Юрый ЛІСАВЕЦ:
– У канцы 70-х імя Юрый заставалася модным. Яго далі і мне, за што ўдзячны бацькам. Маю шмат знаёмых Юрыеў. Паназіраўшы за іх жыццём, магу адзначыць: імкнуцца да новага і развіваюцца, стараюцца дасягнуць пастаўленых мэт, дружалюбныя і надзейныя. У многім і я такі. Лічу, што маё імя дапамагло дабіцца пэўных поспехаў. Разам з жонкаю Аксанай гадуем сына і дачку, маем свой дом. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў ва ўстановах адукацыі раёна, у СК “Бадзёрасць”, меў вопыт індывідуальнага прадпрымальніцтва. Зараз у трэцяй школе выкладаю дапрызыўную падрыхтоўку і фізічную культуру і здароўе. Прыемна адзначыць, што больш за дзесяць разоў каманда навучэнцаў установы была пераможцай раённай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, а таксама прызёрам яе абласнога этапу.
Юрый АНДРАСЮК:
– Бацькі вырашылі назваць мяне ў гонар Юрыя Гагарына. З першым касманаўтам мы не толькі цёзкі па імені, у нас аднолькавыя імёны па бацьку – я таксама Аляксеевіч. Лічу, што імя Юрый паспяховае. Маю любімую работу – працую на вузле электрасувязі. Пасля вучобы прыйшоў сюды манцёрам, зараз займаю пасаду інжынера. У мяне цудоўная сям’я – жонка Галіна, трохгадовы сынок Мішка. Жывем у сваім доме. Люблю вадзіць аўтамабілі, іх рамонт ажыццяўляю самастойна. Аб сваіх цёзках магу сказаць: спакойныя і ўраўнаважаныя, адыходлівыя і крыўды доўга не трымаюць. Лічу, што для хлопчыкаў – гэта годнае імя, але патрэбна памятаць: не імя ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – імя, сваімі справамі і ўчынкамі.
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%