«Золотые» рыбки

«Золотые» рыбки

Заўзяты рыбалоў кабрынчанін Андрэй Цімафейчык 25 красавіка г.г. надумаўся паехаць на вадаём ва ўрочышча Гатча-Осаўскае. Акурат быў пік нераставання рыбы. Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, іншыя дзяржаўныя прыродаахоўныя акты дазвалялі з 22 сакавіка па 20 мая рыбачыць толькі адной вудаю (або спінінгам) з адным кручком і толькі з берага. Цімафейчык дзейнічаў насуперак усім гэтым правілам і пастановам ад самага ж пачатку, калі грузіў у сябраву машыну свае рэчы: дзве вуды, надзіманую лодку “Нырок-41”, рукзак, а ў ім (чаго сябар не бачыў) дзве браканьерскія сеткі. Прыхапіў з сабою і пляшку гарэлкі для сагравання, тым болей, што збіраўся заначаваць.
А восьмай гадзіне раніцы рыбалоў быў на месцы, на адным з разліваў каля в.Багданы. Развітаўся з Аляксеем і закінуў вуды. Лянівыя ліні і карасі не лавіліся, як і ў астатніх мужчын, што сабраліся ў гэты дзень у Гатча-Осаўскім. Позна ўвечары яны параз’язджаліся, а Цімафейчык застаўся дзеля плённай рыбалкі. Чатыры карасі за дзень — надта мала! Нездарма ж ён быў абачлівы — узяў з сабою сеткі, купленыя паўгода і год назад у Санкт-Пецярбургу і ва Украіне. Метраў трыццаць кожная, з вочкамі дыяметрам сорак міліметраў. Паставіў іх на вадаёме ў зацішных зарасніках, пераначаваў на траве пад лодкаю. Назаўтра зноў узяўся рыбачыць, раз-пораз адхлёбваючы гарэлкі, каб сагрэцца ды набрацца смеласці — падымаць жа сеткі трэба на вачах у рыбаловаў, зноў іх панаехала. Добрага клёву ні ў кога па-ранейшаму не было, ды нашага героя цешыла надзея: сеткі выручаць. Утрэ ён насы гэтым недарэкам з адной вудаю на брата!
Прыблізна ў 18.30 ён сеў у лодку і паплыў па срэбраны ўраджай. Колькі таго “ураджаю” было, адно здагадваўся — рыбін трапяталася нямала, аднак не лічыў іх, бо не было калі: чым менш назойлівых вачэй на беразе, тым лепш. Ды людзі, вядома ж, зацікавіліся нахабнікам: у іх па адной вудзе, а ён сеткамі рыбу чэрпае! Пачуццё справядлівасці асабліва абвастрылася ў тых, хт з’яўляецца сябрам Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, што азначае таксама — сябрам і ахоўнікам прыроды.
Апісваць падрабязна бойку не станем, скажам толькі, што яна была даволі зацятая і што ў браканьера засвяціўся сіняк пад вокам. Заступіўся за яго кобрынскі зямляк, які, урэшце, мог сам паплаціцца, бо законапаслухмяныя рыбаловы палічылі іх за дружбакоў. Разабраліся ў гэтым раённая міліцыя, пракуратура, раённы суд, а ў факце браканьерства яшчэ і работнікі раённай аргструктуры БТПР і Брэсцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Трэба аддаць належнае А.Цімафейчыку: ён прызнаў віну ў тым, што першы таўхануў у грудзі сябра паляўніча-рыбалоўнага таварыства, як і ў тым, што груба парушыў прыродаахоўнае заканадаўства. Чытачу цікава, мусіць, які “ўраджай” ён сабраў? У дзве сеткі трапіліся 54 карасі срабрыстыя, пяць лінёў, два шчупакі звычайныя і адзін акунь. Урон прыродзе, прычынены ім, склаў 2 мільёны 415 тысяч рублёў, або 69 базавых велічынь. Гэтую страту браканьер абавязаны кампенсаваць. Згодна з пастановаю суда Жабінкаўскага раёна, выяздное пасяджэнне якога адбылося 30 чэрвеня г.г. у будынку Азяцкага Сельвыканкама, ён таксама мусіць заплаціць штраф у 100 базавых велічыняў, або 3,5 мільёна рублёў, на падставе ч.2 арт.281 Крымінальнага кодэкса краіны. Апрача таго, канфіскаваны на карысць дзяржавы гумовая лодка і дзве рыбалоўныя сеткі.
Браканьер атрымаў паводле сваіх заслугаў. Але кара за парушэнне закона магла б быць яшчэ большая. Суд улічыў змякчальныя абставіны: чыстасардэчнае раскаянне віноўнага, станоўчую характарыстыку з месца яго работы, добраахвотную кампенсацыю ўрону і наяўнасць у яго малалетняга дзіцяці.
А.СІДАРУК, намеснік пракурора Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top