Спецыялісты цэнтра акажуць дапамогу

Сённяшнія дзеці і падлеткі сутыкаюцца з вялікай колькасцю складаных тэм, на многія з якіх яны не асмельваюцца паразмаўляць з бацькамі. Гэта смерць, развод, тэрарызм, наркотыкі, алкаголь, насілле, суіцыд, венерычныя захворванні і інш. Бацькам усё цяжэй гаварыць са сваімі дзецьмі аб рэальнасці, якая часта аказваецца жудаснай нават для дарослых. У такія моманты на дапамогу бацькам прыходзяць педагогі. Так, у Жабінкаўскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры дзейнічае клуб “Падлетак”. Яго спецыялісты прыходзяць на дапамогу дзецям, якія збочылі з правільнага жыццёвага шляху. На занятках робіцца ўсё магчымае, каб маладыя людзі адчувалі і бачылі, што іх набалелыя пытанні пачуты і што яны заўжды могуць выказацца на любую тэму.
У межах прафілактычнай акцыі “Карысныя канікулы” адбылося чарговае пасяджэнне клуба на тэму “Таксікаманія”, вельмі актуальную сярод моладзі. Яго ўдзельнікамі сталі намеснік старшыні камісіі па справах непаўнагадовых Жабінкаўскага РАУС Васіль Бурко, клірык храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы Андрэй Петрусевіч і падлеткі.
Аўтарка гэтых радкоў, кіраўнік клуба “Падлетак”, сацыяльны педагог СПЦ, расказала юнакам і дзяўчатам пра ўплыў таксічных рэчываў на падрастаючы арганізм і прывяла прыклады няшчасных выпадкаў, якія могуць адбыцца ў выніку ўжывання лятучых наркатычных сродкаў, а таксама пра шкоду, якую наносіць таксікаманія (прыступы панікі, апёкі, удушша, сіндром раптоўнага рэфлекторнага спынення дыхання).
У сваю чаргу запрошаныя звярнуліся да маладых людзей з заклікам, каб яны ніколі не эксперыментавалі з наркотыкамі.
Дарэчы, на базе нашага СПЦ з сакавіка адкрыты псіхолага-кансультацыйны пункт для непаўнагадовых, што ўступілі ў канфлікт з законам. Спецыялісты цэнтра акажуць прававую і псіхалагічную дапамогу падлеткам і іх бацькам па адрасе: г. Жабінка, вул. Шашэйная, д. 1, тэл. 2-12-94.
Лідзія ЛІНІК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.